Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

смага, ‑і, ДМ смазе, ж.

1. Моцнае жаданне піць. Як зморышся, пад сонцам косячы, хочацца тады ўпасці на густую мураву, схіліцца над самой вадой рэчкі і піць яе губамі проста з ракі, піць доўга, аж пакуль не прагоніш дакучлівай смагі. Галавач.

2. Недахоп вільгаці, суша, спёка. І папраўдзе, усё дакляравала добрую ноч: неба чыстае, звонкае, а ў вечар асядае ўжо .. гарачыня і смага. Скрыган. А што б вадзе гэтай млын круціць, на палі разліцца, калі пасевы гараць ад смагі? Лобан.

3. перан. Разм. Моцнае імкненне да чаго‑н. У тыя дні.. [Тадаровіч] выехаў сохнучы, ныючы, повен пакутнае смагі да жыцця і чуючы перад сабой адно — чорную навісь смяртэльнае навалы. Чорны.

•••

Сагнаць смагу гл. сагнаць.

смаглы, ‑ая, ‑ае.

Перасохлы, сасмаглы. Прыкрыўшы маскай смаглы рот, Герой працягвае палёт І прабіваецца да сонца. Крапіва. З тых дзён, калі падносяць кубак славы, Я лішняе спакусы не глыну, Бо ўсё яшчэ мне помніцца гаркавы На смаглых вуснах прысмак палыну. Куляшоў.

смагнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. Знемагаць, мучыцца ад смагі, гарачыні. Ён [Рыгор] трызніў, смаг, прасіў ён піць, А смерць ужо шаптала: — Табе не ўстаць, Табе не жыць. Бялевіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перасыхаць, сохнуць (пра губы, горла, рот). Губы смагнуць. / у безас. ужыв. У горле смагла, але піць не хацелася. Гартны. // Сохнуць, перасыхаць ад недахопу вільгаці і ад празмернага сонца (пра траву і пад.). Далонь падставіў кожны ліст, Ды сціхла ўраз стыхія. І смаглі ўнізе на галлі Лісты зусім сухія. Кляўко.

3. перан. Прагнуць, моцна хацець чаго‑н. Разгінаючы дужыя рукі, Працавітыя людзі ў лясах Смаглі гэтага звону і груку, Сумавалі аб ім па начах. Глебка.

смажанка,

гл. смажонка.

смажанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. смажыць (у 1 знач.).

смажаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад смажыць.

2. у знач. прым. Прыгатаваны смажаннем. Смажаны заяц. Смажаная рыба. ▪ «Вось яна, тая ласіха», — думае Данілка, калі маці стаўляе на стол вялікую патэльню смажанага мяса. Бяганская. На кухні пахла свежым булёнам і смажанай цыбуляй. Няхай.

3. у знач. наз. смажанае, ‑ага, н. Тое, што і смажаніна. Маці ў фартуху, у касынцы з такой жа вясёленькай крамніны насіла з кухні ў сталовую і ставіла ў буфет варанае і смажанае. Карпаў. Стол у зальчыку ажно гнуўся ад блюд са смажаным, вараным, печаным, ад бутэлек з півам і віном. Хадкевіч.

смажаніна, ‑ы, ж.

Страва, яда, звычайна з мяса, прыгатаваная смажаннем. — Не выкладай у міску гэтай смажаніны, — сказаў Верабей Сцепанідзе, — стаў з патэльняй. Пестрак. Што за смажаніна выйшла.. — невядома, бо з’едзена яна была ў адзін міг. Маўр.

смажонка і смажанка, ‑і, ДМ нцы, ж.

Тое, што і смажаніна.

смажыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пад уздзеяннем тэмпературы, агню рабіцца гатовым да ўжывання як ежа. Пакуль смажыліся скваркі, Турсевіч падгатаваў стол да вячэры. Колас. Там на вясёлым полымі даўно ўжо смажыліся грыбы ў смятане і яечня з вяндлінай, а на моцным дубовым стале чакалі нас сыр, агуркі, мёд, духмяны хлеб з кменам і вялікі збан кіслага малака. В. Вольскі.

2. перан. Разм. Пячыся па сонцы; знаходзіцца ў гарачым месцы. — Нашы людзі пылу не баяцца, — уставіла сваё мачыха. — Нашы людзі на сонцы смажацца, на дажджы купаюцца і пылам прычашчаюцца, дык ім нічога не абыходзіць. Сабаленка. А Віктар, бачыш ты,.. прымусіў сядзець тут і смажыцца на сонцы. Гамолка.

3. Зал. да смажыць (у 1 знач.).

смажыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., што і без дап.

1. Гатаваць на агні (мяса, рыбу, грыбы і пад.). Раскладалі вялікі агонь, на ражнах смажылі сала. Чарнышэвіч. Не паспела паказацца ў пакоі Вольга Сцяпанаўна, як Тарас Іванавіч закамандаваў: — Смаж яечню! Колас.

2. безас. Пра сухасць у роце, выкліканую смагай, жаданнем піць. Ад селядца смажыць. ▪ Смажыць. Даўно апаражнілі бутэлькі з вадой, што былі ў дзяўчат. Пташнікаў. На другім ад Ланска прыпынку.. [Мікалай] сказаў Данілу, што ідзе напіцца халоднай вады — смажыла надта пасля сала, — і выйшаў. Пальчэўскі.

3. Апякаць прамянямі, паліць (пра сонца). Сонца не пякло, а смажыла зямлю. Капыловіч. Калі ўспыхвае пунсовы ранак, сонца неміласэрна пачынае смажыць стэп. Лукша.