Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

бабахнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. аднакр.

Разм.

1. Учыніць выбух, выстраліць, загрымець. Саханчук адбегся пад насып, залёг, і адразу ж гулка бабахнуў яго кавалерыйскі карабін. Асіпенка. У сто гармат бабахне гром. Лужанін. / у безас. ужыв. Разведчык дымам апісаў вялізную чорную дугу. Па ім зноў ўдарылі знішчальнікі, і ў паветры гулка бабахнула. Алешка.

2. Утварыць моцны гук ударам, стукнуць. Страшыдла знікла; а потым хвастом як бабахне па вадзе. Юрэвіч. Недзе ў сенцах глуха бабахнулі дзверы, і ўсё сціхла. Асіпенка. Зрываючыся з прывязі галля, Бабахне бэра, як скарбонка лета. І сутыкнуцца груша і Зямля — Малая і вялікая планеты. Макаль.

3. Рашуча, нечакана сказаць што‑н. Алена.. пералічыла, колькі вось такіх прапаноў марынуецца на заводзе, і нарэшце бабахнула: — Я думаю, мы можам арганізаваць грамадскае канструктарскае бюро. Б. Стральцоў.

бабачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм.

1. Памянш.-ласк. да бабка 1.

2. Гальштук у выглядзе банта. Апрануты яны, як дыпламаты: у новых гарнітурах. Косця і Генрых нават у чорных, па апошняй модзе, у Генрыха і гальштук-бабачка. Шамякін.

бабашка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

У друкарскай справе — брусок, які выкарыстоўваецца пры наборы для запаўнення пустых месц. Я .. прапаную разгрузіць яго [пісьменніка] «хоць трохі»: пайсці разам заўтра ў друкарню і дайсці да мудрагелі кегляў, шпацый і розных там бабашак, узяць напалам груз тэхнікі газетнай. Шынклер.

бабка 1, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Тое, што і баба 1 (у 1 знач.). [Марыя Хведараўна:] — Я ўжо хутка бабкай стану, вунь дачка піша — унука мне скора пародзіць... Марціновіч.

2. Разм. Старая жанчына наогул. Старэнькія бабкі гаротна ківалі галовамі і цяжка ўздыхалі. Колас.

3. Уст. Жанчына, якая прымае дзяцей у час родаў. Пачакай радзіць, дай па бабку схадзіць. Прыказка.

4. Памянш.-ласк. да баба 1 (у 3 знач.). [Шарэйка:] — Ці лёгка спалася, ці добра ўсталася, бабкі мае ненаглядныя! Брыль.

•••

Бабка надвае варажыла (гадала) — яшчэ невядома.

бабка 2, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Надкапытны сустаў у жывёлы, а таксама косць гэтага сустава.

2. Сталёвае кавадлачка для кляпання касы. На грудку, забіўшы ў пянёк бабку, Кузьма сеў кляпаць косы. Сачанка.

3. Страва, прыгатаваная з дранай бульбы. Пасярод стала, вывернутая з каструлі, яшчэ дымела бабка, якую любіў і Карніцкі. Паслядовіч.

4. Род здобнага печыва. А пірагі, як сонца, ззялі, І ў роце бабкі раставалі. Колас.

5. Грыб з цёмна-бурай шапкай на высокай ножцы; падбярозавік. Трапляюцца.. ружовыя танканогія сыраежкі і распоўзлыя старыя бабкі — і хоць бы адзін баравічок. Сачанка.

6. Дзесяць снапоў, састаўленых у кучку для прасушкі і накрытых распасцёртым снапом. Ёсць асаблівая прыгажосць у полі, калі яно ўжо не шасціць калоссем, але яшчэ не зусім апусцела, бо бабкі стаяць у рады на кожнай палове, нібы вартавыя. Чарнышэвіч.

•••

Падбіць бабкі гл. падбіць.

бабковы, ‑ая, ‑ае.

1. Прыгатаваны, атрыманы з бабкоў. Бабковы алей.

2. у знач. наз. бабковыя, ‑ых. Сямейства раслін, да якога адносіцца бабок і пад.

бабкі, ‑оў; адз. няма.

Плады лаўровага дрэва, з якіх вырабляецца алей і іншыя рэчывы.

бабнік, ‑а, м.

Разм. зневаж. Той, хто вельмі захапляецца жанчынамі. [Лена:] — Твой Віктар проста п’яніца і бабнік! Ваданосаў.

бабовы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да бобу. Расце, сокам наліваецца бабовае каліва. Бялевіч. Пачула гэта курачка, пабегла на двор, знайшла там бабовае зерне і прынесла бабе. З нар. // Прыгатаваны з бобу. Бабовая каша — не голад. З нар.

2. у знач. наз. бабовыя, ‑ых. Сямейства раслін, да якога адносяцца боб, гарох, лубін і пад.

бабовішча, ‑а, н.

Участак поля, на якім рос боб.

бабок, ‑бку, м.

Балотная травяністая расліна сямейства бабковых, з сакаўным трайчастым лісцем. Пасвяжэла, тхнула гнілой вадой, прэллю, горкім бабком. Пташнікаў. Хлеў хай пастаіць, ён хоць халодны, але зімою можна абкласці саломаю, ці хоць тым балотным сенам, якое больш прыдатна па такую справу, чым для корму: яно з востраю .. асакою, з горкім бабком і лотаццю, з сухім чорным хвашчом. Дамашэвіч.