Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

Сом ‘рыба Silurus glanis L.’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ, ТС, З нар. сл.). Параўн. укр., рус. сом, польск. sum, ст.-польск. som, н.-луж. som, чэш., славац. sumec, серб.-харв. со̏м, славен. sòm, балг., макед. сом. Прасл. *somъ роднаснае літ. šãmes, лат. sams ‘тс’. Далей сувязі няясныя. Тапароў — Трубачоў (Лингв. анал., 247) прапаноўваюць у якасці крыніцы фін. sampi ‘асётр’, марыйск. šamba ‘мянтуз’. Параўнанне славянскага слова з лац. salmō ‘ласось, селядзец’ у Праабражэнскага (2, 355), Младэнава (593) абвяргаецца Фасмерам (3, 716). Гл. яшчэ Траўтман, 298; Фрэнкель, 962; Махэк₂, 592; Машынскі, Pierw., 188; Фрыск, 1, 771, а таксама Сной₁, 592, Борысь, 586 (узводзяць да і.-е. *kʼam‑ ‘палка, жэрдзь’); Каламіец, Рыбы, 106–109 (крытычны разгляд версій).

Со́ма ‘хутка, імкліва, нястрымна’ (Сцяшк. Сл.; мядз., Нар. словатв.). Няясна, магчыма, з соўма (гл.) у выніку пераходу оў > о.

Со́мец ‘сак (рыбалоўная сець)’ (Скарбы), со́мець, со́мцік ‘сак’ (гродз., Сл. ПЗБ), со́мцік ‘рыбалоўная прылада (як буч)’ (гродз., З нар. сл.). З літ. sámtis ‘тс’ (Сл. ПЗБ, 4, 520).

Со́мінец ‘кароткае бервяно паміж вокнамі’ (ТС), со́мчык ‘шула’ (ЛА, 4), сума́к ‘прасценак, міжаконне’ (Ян.). Гл. самінец. Параўн. таксама цу́нік ‘кароткія бярвенні ў прамежках паміж вокнамі’, цунь ‘тс’ (ТС), што схіляе прыняць за зыходныя формы з ‑у‑: польск. sunik, sumik, suńec, славац. súmyk, укр. су́мець, для якіх Бонк (SFPS, 5, 236 і наст.) дапускае значэнне ‘бервяно ў сцяне драўлянага будынка, якое ўстаўляецца ў паз слупа; абрамленне аконнага або дзвярнога праёму’ і, як тэхнічныя тэрміны, выводзіць з *sunǫti (гл. сунуць), што не вельмі пераконвае. Магчыма дапусціць кантамінацыю ці збліжэнне з *sъmъkъ, параўн. рус. алан. сомо́к ‘грэбень страхі’, балг. дыял. смок ‘бэлька ў склепе’ і інш.