Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

За́ла, зал ’вялікі пакой’. Рус. зал, уст. зала, зало, укр. зал, зала, польск. sala, в.-луж. sal, sala, чэш. sál, славац. sála, серб.-харв. са́ла, балг. за̀ла < рус., макед. сала. У Бярынды (1627 г.) і ў ст.-бел. (1582 г.) саля. Зала, зал < рус. < ням. Saal. Саля < польск. < франц. ці іт. < герм. (франк., лангб.) sala ’дом, будова’. Шанскі, 2, З, 42; Фасмер, 2, 76; Біржакава, 362; Булыка, Запазыч., 293; Брукнер, 479.

Зала́1 ’попел’, ’луг’, ’брудная вада, што застаецца пасля мыцця бялізны’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. зола́ ’попел’, укр. зола́ ’попел’, ’луг’, польск. zoła ’луг з попелу’, чэш. zola ’тс’, славац. zola ’попел з вапнай (у гарбарскай справе)’, с.-луж. zoła ’луг’, балг. уст. зола̀ ’вада з попелам’. Параўн. літ. žilas ’шэры’, лат. zils ’блакітны’ і іншыя і.-е. словы; гл. зялёны. Зубаты, Studie, 1, I, 124; Траўтман, 365. Прасл. zola < і.-е. *gʼhel‑ і інш. ’светлы, святлець, блішчаць’. Покарны, 1, 430; Фасмер, 2, 103; Брукнер, 656; Шанскі, 2, З, 104. Думка Махэка₂ (718) пра запазыч. з ням. Sole ’салёная вада’ не абгрунтаваная, паколькі слова мае агульнаслав. пашырэнне. Параўнанні са ст.-в.-ням. kolo ’вуглішча’, ст.-інд. jválati ’гарыць’, прапанавання Младэнавым (194), БЕР (1, 652), фанетычна недастаткова абгрунтаваныя, ням. Kohle хутчэй з і.-е. *g(e)u‑l‑o, Покарны, 1, 399; гл. жураць, жуляць. Гл. заліць2.

Зала́2 ’кепскае надвор’е з дажджом і снегам’ (Касп.). Гл. золь1.

За́лаб ’узяўшыся за чубы’ (Шат., Сцяшк., Сцяц.). За + лъбъ (прыназ. + він. скл. наз.). Параўн. ст.-польск. załeb ’бойка’.

За́леж ’цалінная або ворная зямля, якая даўно не апрацоўвалася’, за́лях (дакладней, відаць, за́ляг) ’аблога’ (гродз., З нар. сл.). Рус. за́лежь ’тс’. Назоўнік ад дзеяслова залегчы/залягаць, у форме залеж з пераходам г > ж перад ‑ь па 1‑й палаталізацыі. Іншае значэнне залеж (’месца залягання выкапняў’, ’заляжалы тавар’), магчыма, пад рус. уплывам.

Зале́ць ’мерзнуць’ (ТСБМ). Дзеяслоў з суфіксам ‑ець ад наз. золь1 (гл.).

Зало́жнік1 ’асоба, затрыманая ў якасці гарантыі (залогу)’. Рус., укр. зало́жник, балг. зало̀жник, макед. заложник ’тс’. Утворана ад прым. заложны (які ад залогъ — слова, вядомага яшчэ ў ст.-слав.) са знач. ’такі, што пакінуты ў залог’ з дапамогай суфікса ‑ік (гл. пра словаўтваральную мадэль Сцяцко, Афікс. наз., 104–105). Час утварэння — ст.-рус. ці нават познепрасл., паколькі адпаведныя словы вядомы паўд.-слав. мовам. БЕР, 1, 595. Паводле Шанскага (2, З, 44), рус. слова ўтворана ад дзеяслова заложить ’аддаць у залог’ з дапамогай суфікса ‑ник, аднак гэта азначала б позняе ўтварэнне слова.

Зало́жнік2 ’паліца для пасуды’ (Жд. 1; круп., Нар. сл.), ’паліца з дзіркамі для лыжак’ (пін., Нар. лекс., 108), залэжнік, залажэ́тнік ’паліца для посуду’ (Сцяшк.). Рус. смал. заложник ’тс’. Назоўнікі з конфіксам за‑ + ‑нік абазначаюць прадметы, размешчаныя за тым, што названа ў аснове (Сцяц., Афікс. наз., 238). Таму, магчыма, слова ўтворана ад ло́жак, а паліца змяшчалася за ложкам (?). Трэба адзначыць, што слова распаўсюджана шырэй, чым словатворчая мадэль, паводле Сцяцко (гом., маг.). Гл. жаложнік.

Зало́за ’орган у арганізме, што выпрацоўвае ці выдаляе пэўныя рэчывы’, за́лзы, зэлзы ’тс’ (Сл. паўн.-зах.), зо́лзачка (Жд. 2). Рус. железа́, дыял. перм., паўн.-дзвін. за́леза́, укр. за́лоза, польск. zołza ’хвароба залоз’, серб.-луж. žałza, чэш. žláza, славен. zléza, серб.-харв. жле́зда, жлијѐзда, балг. жлеза́, макед. жлезда. Ц.-слав. жлѣза ’залоза’. Ст.-рус. железа ’тс’ (XII ст.), ’чумны бубон, чума’ (XIV ст.). Прасл. želza. Літ. gẽležuonys і інш. ’залозы’, арм. gełj‑kʼ ’тс’, грэч. γογγρώνη ’апухлая залоза’. І.‑е. *ghelgʼh‑ ’залоза’. Покарны, 1, 435; Фасмер, 2, 42; Скок, 3, 683–684; Брукнер, 656; Махэк₂, 729; Копечны, Zákl. zásoba, 435; Траўтман, 84; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 261. Трубачоў (ВСЯ, II, 34) указвае на агульнасць паходжання слоў залоза і жалеза. Няясным застаецца: з‑ у бел., укр., польск.; бел. націск (архаічны?), які не супадае з укр. і рус.; польск. ‑ol‑. Ці сюды чэш. дыял. hlíza ’апухласць’?

Зало́м ’паварот’, ’выступ’, ’заламаныя і звязаныя ў пук сцяблы жыта, ільну з мэтай наклікаць бяду на гаспадара поля’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. залі́м, зало́м ’тс’, рус. кур., тамб., арл., зах., бранск., калуж., смал., цвяр., пск., пецярб., забайк. зало́м ’некалькі скручаных сцяблоў жыта з мэтай злога чараўніцтва’, польск. załom ’паварот’. Бязафіксны наз. ад заламаць (< ламаць).

Зало́ўка, залві́ца, дыял. заві́ца ’мужава сястра’. Рус. золо́вка ’тс’, дыял. ’жонка брата’, зо́лва, зо́лвица ’тс’, укр. зови́ця ’мужава сястра’, польск. дыял. zołwica, załwica, чэш., славак. zolvica, славен. zȃłva, zȃlvica, серб.-харв. за̏ова, за̏овица, балг. зъ̀лва ’тс’, дыял. ’дзяўчына, што спявае на вяселлі з боку жаніха’, макед. золва. Ст.-рус. золовка (XVII ст.). Прасл. zъlъva (zъly). Грэч. гамер. άλωϜος ’мужава сястра’, лац. glōs ’мужава сястра’, ’братава жонка’. І.‑е. *gʼ(e)lōu̯‑ ’мужава сястра’. Далейшая этымалогія няясная. Аскалі (KZ, 12, 319–321) выводзіў з *gel‑ ’весяліцца, усміхацца’, але гэта няпэўна. Бел. формы — ст.-рус. ці прасл. пашырэнне прасл. памянш. суфіксамі ‑ка, ‑іца. Фасмер, 2, 103; Шанскі, 2, З, 105; Копечны, Zákl. zásoba, 431; Траўтман, 373; Покарны, 1, 367–368; Трубачоў, История терм., 136–137; Шаўр, Etymologie, 63; Лаўроўскі, Назв. родства. 73–77; Панюціч, Лексіка нар. гаворак, 1975, 49–50; Паўленка, Нарысы па бел. словаўтв., 1978, 51.

Залп ’адначасовы выстрал’. Як і ўкр., балг. у XX ст. з рус. залп, дзе з канца XVII ст. у форме залб, а з 1720‑х гадоў у форме залп з ням. (Біржакова, Очерки, 120–121). Ням. Salve ’салют’ з XVI ст. < франц. < лац. salvē ’віншую! будзь здаровы!’ Дудэн, Herkunftswörterbuch, 585; Фасмер, 2, 76–77; Шанскі, 2, З, 44; БЕР, 1, 595; Блох-Вартбург, 563.

*Залпа́ць, залпа́ті ’злапаць’ (Сл. паўн.-зах.). Відаць, метатэза ад злапаць ’тс’ (гл. лапаць2).