Тво́рчы ’стваральны’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.), сюды ж тво́рчасць ’творчая дзейнасць’, ’сукупнасць створанага’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.). Запазычана з польск. twórczy, twórczość ’тс’.
Тарно́ ’чал, вяроўка, якой вадаплаў прымацаваны да берага’ (Ласт.). Відаць, наватвор Ластоўскага на аснове тарнава́ць 2 (гл.) па тыпу стырно (гл.), карно́ ’карма’ (Ласт.) і пад.
Тыршкля́ ‘трашчотка’ (Ласт.). Відавочна, гукапераймальнага паходжання, сюды ж і тырсчэ́ць ‘тарахцець’ (Ласт.) з узмацняльнымі нарашчэннямі ‑с‑/‑ш‑, ‑к‑, параўн. тыркацець (гл.), укр. ти́ркати ‘трашчаць’, польск. дыял. tyrkawka ‘трашчотка’.
Тало́шыцца ’мітусіцца, кідацца’ (Ласт.). Няясна.
Тало́сіцца ’злёгку хвалявацца, зыбацца’ (Ласт.). Гл. таласа.
Тало́хнуцца ’штурхануцца, стукнуцца’: талохнуліся чаркамі (Ласт.). Гл. талахкаць.
Трок ‘уюк’ (Ласт.), тро́кі ‘металічныя кольцы для прывязвання ўпаляванай дзічыны’ (Цярохін, Охота), трочыць ‘уючыць’ (Ласт.), ст.-бел. трокъ, торкъ ‘раменьчык каля задняй лукі сядла для прывязвання чаго-небудзь’ (ГСБМ). Запазычана з польск. trok ‘тс’, гл. тарак, тарокі.
Ташча́нка ’чыстая гарэлка без дамешкаў’ (Ласт.). Да тошчы ’пусты’, гл.
Тыно́к ‘загарадка з калкоў тычком’ (ТСБМ, Ласт.), ‘агароджа з тонкіх кійкоў, якія вертыкальна пераплятаюцца паміж жэрдак’ (віц., рэч., ЛА, 4), ‘пляцень’ (Ласт.). Памянш. да тын (гл.). Сюды ж тынко́вы (плот) ‘плот з частаколу (у адрозненне ад жардзянога плота)’ (брасл., Сл. ПЗБ).