Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Траўле́нне ‘страваванне, ператраўліванне ежы’ (Гарэц., Ласт.), ‘спасванне (жывёлай)’ (Некр. і Байк.), ‘атрута’ (віл., Сл. ПЗБ). Да траві́ць1,2 (гл.).

Трасава́ць ‘дрэсіраваць’ (Ласт.). З польск. tresovać ‘тс’, варыянт dresovać, з ням. dressieren ‘тс’ да франц. dresser ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 631).

Трафарэ́т ‘шаблон, узор’ (ТСБМ), трафарэ́тка ‘тс’ (ТСБМ, Ласт.). У аснове слоў запазычанае італ. traforetto ад traforare ‘свідраваць, праколваць’ (ЕСУМ, 5, 624).

Тра́пны ‘цэльны, меткі; надзейны’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Ласт.), сюды ж тра́фны ‘меткі’, trápna ‘ўдала, добра’ (Варл.). З польск. trafny ‘ўдалы, меткі’, аналагічна да трапіць1, трафіць (гл.).

Тра́та ‘страта, згуба, выдатак’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Нас., Бяльк.), сюды ж тра́тня ‘выдаткі’ (Ласт.), тра́тны (тратный) ‘дарэмны, згубны’ (Нас.). Да тра́ціць (гл.). Дапускаецца магчымасць паходжання прасл. *trata з суф. ‑t‑, як *v​ьr̥t‑ta > вярста́ з і.-е. *ter‑/*tr‑ (ЕСУМ, 5, 623; Фасмер, 4, 94), прадстаўленага ў церці (гл.), укр. теряти ‘губляць’, рус. терять ‘тс’ і інш.

Трады́цыя ’перадача ад пакалення да пакалення нормаў, звычаяў, поглядаў і інш.’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), трады́ція ’тс’ (Ласт.), ст.-бел. традиция, традыция ’тс’ (XVII ст.), якое праз ст.-польск. tradycyja (XVI ст.) з лац. trāditio (Булыка, Лекс. запазыч., 192) < trādĕre ’аддаваць’, ’перадаваць вусным шляхам’ < trans ’пера-’ і dare ’даць, даваць’ (Длугаш-Курчабова, 501–503; Голуб-Ліер, 485; ЕСУМ, 5, 615).

Трасці́ ‘трэсці, калаціць’ (Некр. і Байк., Касп., Яруш., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ‘абшукваць’ (Ласт.), трясці́ ‘трэсці’ (Бяльк.), трасты́ ‘моцна трэсці; шукаць’ (Клім.), ст.-бел. трасти, трести, трясти ‘трэсці’, ‘рабіць вобыск’ (ГСБМ). Гл. трэсці; сюды ж трасці́, вытраса́ць ‘пчол падглядаць — падбіраць мёд’ (брасл., паст., ЛА, 1), відаць, табуізаваны дзеяслоў з першасным значэннем ‘шукаць, вышукваць’. Пад уплывам асабовых і прыставачных формаў утворана траса́ць ‘трэсці’ (брасл., Сл. ПЗБ).

Трасаві́ца ‘ліхаманка’ (Ласт.), ‘дрыжыкі’: усё цела яго дрыжэла ў дробнай трасавіцы (Ю. Віцьбіч), ст.-бел. тресавица, трясавица ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. ст.-рус. трасавица ‘ліхаманка; трасца’: избави … трасавиче (берасц. грамата № 715; Залізняк, Исслед. в области балто-слав. духовной культуры. Заговор. M., 1993, 106), с.-балг. трѧсавица ‘тс’ (XIII ст.), макед. трасавица ‘тс’ (XIII ст.; МЈ, 15, 1–2, 97), ст.-слав. трѧсавица ‘тс’ (СССл.) пры старым польск. trzęsawica ‘дрыжыкі’, ‘няпэўнасць, хісткасць’. Да прасл. *tręsavъ, гл. трэсці.

Траге́дыя ’драматычны твор, падзеі якога заканчваюцца смерцю героя’, ’жудасная, страшная падзея; няшчасце’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), траге́дзія ’тс’ (Ласт.), ст.-бел. трагедия, траедия ’трагедыя, няшчасце’ (1598 г.). Запазычана са ст.-польск. tragedyja, trajedyja (XVI ст.) (Булыка, Лекс. запазыч., 163), якое праз лац. tragoedia са ст.-грэч. τραγῴδία < τράγος ’казёл’ і ῴδή ’песня, спеў’ — літаральна песня казлоў: выконвалася пад час урачыстасцей, прысвечаных богу ўрадлівасці Дыянісу сатырамі (паўлюдзьмі-паўказламі; світа Дыяніса). Параўн. няўдалую кальку ў ц.-слав. мове XI ст. — козьлогласование (Фасмер, 4, 92; Голуб-Ліер, 485; Чарных, 2, 255–256; ЕСУМ, 5, 615).

Тра́піць1 ’паразіць цэль, пацэліць, метка кінуўшы, стрэліўшы’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Мядзв., Чуд., Сл. ПЗБ), ’знайсці, напаткаць, сустрэцца’ (Нас., Мат. Гом., Федар. 4, Янк. 2, ПСл; Сержп. Прымхі, Байк. і Некр., ТС), ’скеміць’ (Мат. Гом.), ’адгадаць, здагадацца, трапна, дарэчы сказаць што-небудзь’ (ТСБМ, Янк. 2), ’папасці, надарыцца’ (ТСБМ), ’увайсці, пранікнуць’, ’уладкавацца на работу, вучобу’, ’апынуцца’, ’знянацку наступіць, уступіць, зачапіць’ (там жа), ’паспець у час’ (Др.-Падб.), ’паспець, управіцца’ (ТС), ’магчы’ (бярэз., Сл. ПЗБ), ’папасці ў час, куды трэба’ (Нас., Касп., Янк. 2, Растарг.), трафі́ць ’знайсці’ (смарг., Сл. ПЗБ), ’папасці; адгадаць’ (Шпіл.), ’змагчы’ (в.-дзв., там жа); тра́піцца ’сустрэцца, напаткацца’ (ТС), ’выпадкова сустракацца’, ’пападаць, здарацца’ (Нас., Бяльк., Шат., Касп.), ’надарыцца’ (Бяльк., Касп.), ’знайсціся’ (люб., Ск. нар. мовы), трапля́ць ’нацэльваць’ (Ласт., Байк. і Некр., Нас., Шат.), трафля́ць ’тс’, трапля́цца ’пападацца, сустракацца’ (ТС, Растарг.; петрык., Яшк. Мясц.), трафля́цца ’удавацца ў каго-небудзь’ (Нас.), траф! — перадае цэлю ўдар (там жа), тра́фны ’цэлю’ (Гарэц.), тра́пны ’тс’ (Ласт.), ’надзейны’ (Нас.), ’жвавы, спрытны’ (навагр., Сл. ПЗБ), тра́пна ’ўдала, метка’ (Байк. і Некр.), траплі́вы ’які лоўка трапляе ў цэль’, тра́пля ’выпадак, нечаканасць’ (Нас.). Ст.-бел. трафити, трапити ’трапіць, сустрэць’ (1516 г.) запазычаны са ст.-польск. trefić, trafić ’трапіць’ (Булыка, Запазыч., 324; Булыка, Лекс. запазыч., 189), ’патрапіць, здолець, адгадаць, рашаць’, ’дагаджаць’, ’удацца ў каго-небудзь падабенствам’, сучаснае польск. trafić ’пацэліць’, ’знайсці’, ’трапіць, куды належыць’, ’наткнуцца на каго-небудзь’, ’сустрэць’, ’перадаць падабенства’, што з с.-в.-ням. treffen, с.-ням. усх. traffen ’дасягнуць, трапіць, спаткаць’, ням. treffen ’трапіць’, ’ударыць, паразіць’ (Борысь, 639; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 395).

Тра́піць2, ст.-бел. трапити ’прыгнятаць, няволіць, мучыць’ (Гарб.), трапити, трафити, трахвиты ’засмучаць’ (1516 г., Ст.-бел. лексікон; КГС). Запазычана са ст.-польск. trapić ’мучыць, прыгнятаць’, сучаснае польск. trapić ’рабіць непрыемнасць, турбаваць’, што да прасл. *torpiti ’мучыць, прыгнятаць’, суадноснага з прасл. *tьrpěti ’цярпець’ (Фасмер, 4, 86; Борысь, 640; Бязлай, 4, 213), паводле Варбат (Этимология–1966, 104), каўзатыва ад *třepati ’драць, трапаць’. Гл. таксама трапёны.

Трапі́ць ’пераследаваць, гнацца па слядах’ (Ласт.), ’асочваць’ (хойн., Мат. Гом.). Да трап1 ’дарога, сцежка’, г. зн. ’ісці па следу’.