Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Та́нець ’дзешавець’ (Нас.), тане́ць ’тс’ (Некр. і Байк.), танне́ць ’тс’ (ТСБМ), таніе́ті ’тс’ (Вруб.; беласт., Сл. ПЗБ), та́ннець ’тс’ (Ласт.). Гл. танны; перанос націску, магчыма, пад уплывам дзешаве́ць (гл. дзёшава). Параўн. та́ніць, гл.

Тан ’танцы, скокі’ (Сцяшк.), ’танец’ (Ласт.). З польск. tan ’танец’, другаснага ўтварэння ад ст.-польск. taniec (гл. та́нец), паводле народнай этымалогіі ўспрынятага як суфіксальнае ўтварэнне з суф. ‑ec (Брукнер, 565; Длугаш-Курчабова, 495). Параўн. танок, гл.

Танцава́ць ’выконваць танец; танчыць’, ’скакаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Федар. 4, Сержп. Прык., Сл. ПЗБ), танцова́ць ’тс’ (ТС), танцэ́ваць ’тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), танцёва́ті ’тс’ (беласт., Сл. ПЗБ; Вруб.), ст.-бел. танцова́ти, танцева́ти ’танцаваць’ (1518 г., КГС); сюды ж танцо́р ’мужчына, які ўмее добра танцаваць’ (Ласт., Арх. Вяр., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), та́нцар ’тс’ (Федар. 4), танцо́рка ’дзяўчына, жанчына, што добра танцуе’ (Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), танцэ́рка ’тс’ (Федар. 4), танцёрка ’тс’ (Сл. ПЗБ), танцые́рка ’тс’ (Сцяшк. Сл.). Запазычанні з польскай мовы, гл. старое tańcować ’танцаваць’ (суч. tańczyć, гл. танчыць), tancerka, tancerz ’хто добра танцуе’, у апошнім адбылася замена суф. ‑erz на ‑or (‑ор), магчыма, яшчэ на частцы польскамоўнай тэрыторыі, параўн. польск. мазав. tancor ’тс’, адносна чаго Смулкова, Бел.-польск. ізал., 116. Падрабязней пра польскія формы гл. Борысь, 626; Длугаш-Курчабова, 495; запазычанне ў рускую — Фасмер, 4, 19; Віткоўскі, Słownik, 184.

Танта́цыя (танта́ція) ’цяга, прыхільнасць’: Янук мае тантацыю да маей Анэткі (Ласт.). Відаць, мясцовае ўтварэнне на базе польск. tantonić się ’палаць’, магчыма, звязанага з польск. tantny ’які многа можа, здолее; ганарысты, непакорны’, што з лац. tantus ’такі вялікі’ (Брукнер, 565). Параўн. таксама чэш. tantovat ’льсцівымі словамі прывабліваць’ ад ст.-чэш. tant ’балбатня; драбніца’ з ням. Tand ’пустая балбатня, жарты’ (Махэк₂, 636).

Тано́к ’карагод’ (Бяльк., Ян., Растарг., Арх. Вяр.), ’хаджэнне шырокімі радамі жанчын, якія ўзяліся за рукі’ (у час “ваджэння стралы”) (Земляроб. каляндар), ’карагод, танец’ (чашн., Нар. сл.), ’танец’ (Ласт.), памянш. тано́чак (тапочекъ) ’тс’ (часцей у песнях) (Нас.), мн. л. танкі ’скокі’ (Сержп. Прымхі), тано́к вадзі́ць ’харавод вадзіць’ (Нар. Гом.), танка вадзіці ’тс’ (гом., Д.-Хадак.). Да тан (гл.) пад уплывам польск. дыял. tanek ’танец’ (Фасмер, 4, 19), гл. та́нец.

Та́нец ’рытмічныя рухі пад музыку, скокі’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Федар. 4, Сл. ПЗБ), та́нэць ’тс’ (драг., Сл. ПЗБ, Вруб.), под той танец ’у той час’ (Ян.), ст.-бел. танець ’скокі’ (Альтбаўэр; 1518 г., КГС). Праз польск. taniec (да XVI ст. tańc) або непасрэдна з ням. Tanz ’танец’, tanzen ’танчыць’ < ст.-франц. dancier ’тс’ (> франц. danser ’тс’) < франк. *dansôn ’цягнуць; выцягвацца; станавіцца ў лінію’. Другаснае ўключэнне запазычання ў групу назоўнікаў, утвораных з суф. ‑ьcь, магло адбыцца ў славянскіх мовах незалежна (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 390). Гл. Борысь, 626; Фасмер, 4, 18–19.

Та́нны ’дзяшовы, недарагі’, ’малакаштоўны, пусты’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Некр. і Байк., Касп., Сл. ПЗБ; зах.-бел., ЛА, 3), та́нна ’дзёшава’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп.), та́нно ’тс’ (Федар. 4, Сл. ПЗБ), та́на ’тс’ (Сл. ПЗБ), та́нні ’дзяшовы’ (Сл. ПЗБ), та́ны ’тс’ (Сл. ПЗБ), та́нный ’тс’ (Бяльк.), сюды ж танне́й ’дзешавей’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), тане́й ’тс’ (Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), та́нняй ’тс’ (паст., вільн., Сл. ПЗБ), тане́йшы, та́ньшы ’тс’ (Байк. і Некр.), ст.-бел. таний (1637 г.), тане (1616 г.), таней, танший (КГС). Геаграфія і гісторыя ўжывання слова сведчаць пра запазычанне з польск. tani, дыял. tanny ’тс’, якое разглядаецца як граматычны гіперызм, што ўзыходзіць да прасл. *tunjь ’танны’, гл. Фасмер, 4, 19; спецыяльна: Борысь, Etymologie, 471–474; Шустар-Шэўц, Зб. Бернштэйну, 474–480; Этимология–1967, 74 (збліжае польск. tani з *tъnъk ’тонкі’). Параўн. тунны, гл.

Та́нуць ’раставаць’: снежок до вечэра тане (ТС). Параўн. укр. та́нути ’таяць’. Дзеяслоў з ‑ну‑ ад таць ’таяць’, гл. Параўн. таяць, гл.

Тану́ць ’гінуць, паміраць, ідучы на дно; тапіцца’, ’вязнуць’ (ТСБМ), ’залівацца вадой’ (Некр. і Байк., Шат., Бяльк., Сержп. Прымхі, Федар. 4, Сл. ПЗБ, ТС), тана́ць ’тануць’ (карэліц., Нар. словатв.; кіраў., Нар. сл.), то́пнуць, то́нуць ’тс’ (Ласт.), тону́ті ’тс’ (Вруб.), ст.-бел. тонути, танути ’тс’ (канец XV ст., КГС). Укр. тону́ти ’тс’, рус. тону́ть ’тс’, польск. tonąć ’тс’, н.-луж. toniś, чэш. tonouti ’тс’, славац. tonúť ’тс’, славен. toníti ’тс’, серб.-харв. то̀нути ’тс’, балг. тъ́на ’патанаць’, дыял. то́на, макед. тоне ’тс’. З прасл. *tonǫti < *topnǫti ’тануць’, звязанага з *topiti ’тапіць’ (Фасмер, 4, 77; Брукнер, 573; Махэк₂, 647; Голуб-Ліер, 367; Шустар-Шэўц, 1516; ЕСУМ, 5, 597; Борысь, 637; Рачава, Этимология–2003–2005, 186). Гл. тапі́ць1.