Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Тамба́к ’сплаў медзі з цынкам, бронза’ (Байк. і Некр., Ласт., Нас.). Гл. тампак.

Тамто́й ’той’ (Сцяшк. Сл., Вруб.; беласт., Сл. ПЗБ), там‑той ’вунь той’ (Байк. і Некр.), та́мты ’той, той там, той вунь там’: та́мты хлапе́ц (Ласт.), тамто́й: в тамтао́му ро́ці, в тамтао́му году́ ’летась’ (пін., ЛА, 2), тамто́је ’тое’ (Вруб.): та́мтая ле́та ’летась’ (астрав., ЛА, 2), та́м‑тэй ’вунь той’ (Нас.), ст.-бел. тамтый ’той’ (Ст.-бел. лексікон), фіксуецца ў старабеларускай мове з канца XV ст. (КГС); сюды ж вытворнае тамтэ́йшы ’немясцовы, нетутэйшы’ (Ласт.). Калька са ст.-польск. tamten, дзе tam ’там’ і ten ’той’, гл. там і той. Карскі (2–3, 91) адносіць сюды і іншыя ўтварэнні з пачатковым элементам там: ст.-бел. тамтотъ, тамтого, складанае прыслоўе тамто і інш., што ўзніклі пад польскім уплывам (гл. то). Параўн. ЕСУМ, 5, 513.

Тампа́к ’сплаў медзі і цынку залацістага колеру’ (ТСБМ), тамба́к ’тс’ (Нас., Байк. і Некр., Ласт.), тамбако́вы ’тампакавы, бронзавы’ (Байк. і Некр.). Укр. томба́к ’сплаў медзі і цынку’, рус. томпа́к ’тс’, польск., чэш., славац. tombak ’тс’. Запазычана праз польскую або рускую мову з заходнееўрапейскіх моў, дзе ням. Tómbak, франц., англ. tombac ’тс’ < малайск. tambaga (těmbaga) ’медзь’ < ст.-інд. tãmrakaḥ ’тс’ (ЕСУМ, 5, 595; Фасмер, 4, 76; Голуб-Ліер, 484; Махэк₂, 647).

Там ’у тым месцы, не тут’; ’потым, затым, далей’; узмацняльная часціца ў спалучэннях (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Варл., Федар. 4; калінк., З нар. сл.; Вруб.), та́ма ’тс’ (Нас., Бяльк., Растарг.; калінк., З нар. сл.; Скарбы, Шатал., Мат. Гом., Мат. Маг., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 5), та́ме, та́мма ’там, вунь там, у тым месцы’ (ТС), ст.-бел. тамъ, тамо ’тс’ (Альтбаўэр); сюды ж ускладнены часціцамі та́мака ’тс’ (Нас., Касп., Шат., Стан., Ласт.; калінк., З нар. сл.), та́макава, та́макай ’тс’ (Сцяшк. Сл.), та́майка ’тс’ (Скарбы), та́мка ’там, трохі далей’ (Сл. ПЗБ, Варл.), та́макі ’тс’ (ТС, Мат. Гом.), та́мачы ’тс’ (Жыв. сл., Сл. ПЗБ), та́мацька ’тс’ (Нас., Бяльк.), та́мачка, та́мачкі ’тс’ (Ласт., Сержп. Отч., Сцяшк. Сл., Касп.), тамо́чка ’тс’ (ТС). Укр. там, та́мо, та́мʼе ’тс’, рус. там ’тс’, польск. tam ’там; туды’, н.-луж. tam ’там; туды’, в.-луж. tam, tamie ’тс’, чэш. tam ’тс’, славац. tam ’тс’, славен. tam, tamkaj ’там’, серб.-харв. та̏мо ’там; туды’, балг. там, та́мо, таме́ ’тс’, макед. таму ’там, туды’, ст.-слав. тамо ’там’, рэдка ’туды’. Прасл. *tamo, дзе корань *ta‑ той жа, што ў прасл. *tako > так (гл.) і ў аблаўце — у прасл. *tъ > той (гл.), а суфікс *‑то той жа, што ў прасл. *semo ’тут; сюды’, *kamo ’куды’, *ovamo ’ў той бок’. Праславянскі корань *ta‑ ўзводзяць да індаеўрапейскага займеннікавага кораня *to‑, *tā‑, *tio‑ (Покарны, 1086–1087) і супастаўляюць праславянскае слова з лат. nuo tām ’адтуль’, грэч. τημος ’тады, у той час’ (Фасмер, 4, 17; Чарных, 2, 227; Борысь, 626).

Таму́ ’па гэтай прычыне, вось чаму’, ’з гэтай (такой) мэтай’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Ласт.), ’з той прычыны’ (Бяльк.), том ’тс’ (гродз., Рам. Мат. Гр. 1). Укр. тому́, рус. потому́, ст.-польск. temu. З прасл. *tomu — адвербіялізаванай формы Д. скл. (т. зв. давальны прычыны і мэты) указальнага займенніка *tъ ’той’. Параўн. адвербіялізаваную форму М. скл. *ро tomъ, гл. по́тым (ESSJ SG, 2, 683; ЕСУМ, 5, 596). Скарочаная форма, паводле Карскага (2–3, 420), пад уплывам чом, гл.

Та́ма ’гаць, грэбля, стаў, ставок’ (Некр. і Байк.), ’запруда’ (Вруб., Ласт.), сюды ж тамова́ті ’затрымліваць, замаруджваць, запруджваць’ (Вруб.), тамава́ньнё ’гаць пры беразе ракі’ (карэліц., З нар. сл.), тамава́не ’ўмацаванне берагоў ад размыву’ (Скарбы), ст.-бел. тамовати ’стрымліваць’. Праз польск. tama ’запруда, грэбля, дамба’, tamować ’прыпыняць, стрымліваць’, з с.-в.-ням. tam ’дамба, грэбля, гаць, запруда’, ням. Damm ’тс’, dämmen ’запруджваць, падпіраць’, роднасных англ. dam, ст.-ісл. dammr ’запруда’, гоц. faúr‑dammjan ’загароджваць’, і, як мяркуюць, грэч. θέμεθλα ’падмурак’ (Брукнер, 564; ЕСУМ, 5, 511; Булыка, Лекс. запазыч., 198). Гл. таксама утаймаваць.

Тамі́ць ’мучыць, знясільваць’, ’турбаваць, гнясці, нудзіць’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’мучыцца, знемагаць’ (Ян.), ’марыць, мучыць’ (Ласт.), ’мардаваць’ (Нас.), то́міць ’мучыць’ (Сл. ПЗБ), тамі́цца ’стамляцца’ (Нас., Сержп. Прымхі), томі́цца ’не гарэць агнём’ (ТС), сюды ж то́млены ’атрыманы тамленнем’ (ТСБМ), таме́нне ’мардаванне’ (Нас.), тамлёнка ’тушаная бульба’ (Мат. Гом.). Укр. томи́ти ’даводзіць да стомы, знясільваць; падвяргаць працягламу награванню’, рус. томи́ть ’мучыць; стамляць; парыць; награваць’, славен. дыял. tomljáti ’бадзяцца, сланяцца’, серб.-харв. то̀мити ’прыціскаць’, балг. томи́телен ’пакутлівы, нудны’, ст.-слав. томити ’мучыць’. З прасл. *tomiti ’мучыць’, роднаснага ст.-інд. tamáyati ’душыць, пазбаўляць паветра’, tā́myati ’страчвае прытомнасць, слабее’, лац. tēmulentus ’п’яны’, tēmētum ’хмяльны напой, віно’, ст.-ірл. tām ’хвароба; смерць’, tamaim ’спачываю (мёртвы)’, нова-в.-ням. dämisch, dämlich ’дурнаваты, ачмурэлы, прыгаломшаны’ (Чарных, 2, 249; Фасмер, 4, 75–76; ЕСУМ, 5, 595–596; Бязлай, 4, 196).