Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Суро́к ’невялікі грызун сямейства вавёркавых, які жыве ў глыбокіх норах і зімой упадае ў спячку’ (ТСБМ). З рус. суро́к ’тс’; народная назва — байбак ’тс’ (Ласт., Некр. і Байк.), гл.

Сурду́т ’мужчынская двухбортная вопратка з доўгімі поламі, якая цесна аблягае цела’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц., Ласт., Шн. 3), ’мужчынскае верхняе адзенне’, ’верхняе мужчынскае адзенне з самаробнага сукна’ (Скарбы), сурду́к ’тс’ (Нас., Жд. 3), сурду́шчык ’верхняе святочнае адзенне з тонкага сукна на ватнай падкладцы’ (ашм., Малч.). З польск. surdut ’тс’, якое з франц. surtout ’тс’ (Кюнэ, Poln., 100). Форма з ‑к, магчыма, пад уплывам рус. сюрту́к ’тс’, адкуль, відаць, і беласт. суртук ’тс’ (Вруб.), або сарда́к, гл.

Сур’ёзны ’паважны, грунтоўны, змястоўны, значны; задумлівы, заклапочаны’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’строгі, важны, упэўнены ў сабе’ (Ласт.), ’суровы’ (ТС), ’злы, куслівы’ (Сл. ПЗБ), сюды ж сурʼёз ’паважнасць, строгасць’ (ТСБМ). Адаптаванае запазычанне праз рус. серьёзный ’паважны, значны, строгі’ з франц. sérieux (ж. р. sérieuse), звязанага з лац. sērius ’важкі’ (ЕСУМ, 5, 220; Чарных, 2, 158; Фасмер, 3, 612). Змены ў пачатку слова, як і ў размоўным рус. сурьёзный, тлумачацца ўплывам блізкага па значэнню суровы, гл. (Маліноўскі, PF, 3, 752).

Сурэ́па ’пустазелле з жоўтымі кветкамі’ (Сцяшк., Мат. Гом.), сурэ́пка ’пустазелле свірэпа’ (Цых.), сурэ́піца ’рапс’ (Ласт.). Параўн. укр. суріпа, сурі́пиця ’тс’ і ’свірэпа’, рус. суре́па, суре́пка, суре́пица ’свірэпа’. Гл. свірэпа; варыянтны пачатак слова тлумачыцца наяўнасцю паралельных зыходных форм прыметніка *svirěpъ/*surěpъ ’дзікі, раз’юшаны’, параўн. рус. свире́пый, суре́пый ’тс’, балг. свире́п, дыял. суря́п, зуре́пав ’раз’юшаны’ і пад. Семантыка слова на базе ’дзікая, некультурная расліна’, гл. Мяркулава, Этимология–1994, 78; інакш — з су- (са значэннем няпоўнага падабенства) і рэпа (гл.) — тлумачыць адпаведныя формы Пічхадзе (Новое в рус. этим., 1, 229), што адлюстроўвае падабенства лістоў розных раслін да лісця рэпы, параўн. рапак, гл. Гл. яшчэ Жураўлёў, Язык и миф, 373.

Суро́кі ’паводле забабонных уяўленняў — няшчасце, хвароба, пашкоджанне, прынесеныя каму-небудзь нядобрым вокам’ (ТСБМ; круп., докш., барыс., Сл. ПЗБ; усх.-маг., ЛА, 3; Растарг.), суро́цы ’тс’ (Нас., Шымк. Собр., Шн. 3, Гарэц., Нік., Оч., Касп., Бяльк., Растарг., ЛА, 3), суро́чыць ’зракнуць’ (Касп., Некр. і Байк., Ласт., Шн. 3, Нас., ТС, ЛА, 3). Рус. смал. суро́к ’урокі’, изуро́к ’тс’. Ад *sǫ і *rokъ (гл. су- і рок); паводле Фасмера (3, 808), першаснае значэнне — ’пашкоджанне, няшчасце, прынесеныя нядобрым словам’, параўн. урок, уроцы (гл.). Хутчэй адваротны дэрыват ад прыставачнага сурочыць, гл. уракаць, уракці. Паводле Карскага (1, 365), формы на ‑цы — глыбокі архаізм з памякчэннем зыходнага заднеязычнага перад другасным і, якія пасля дээтымалагізаваліся пад уплывам назваў хвароб тыпу сухоты, пранцы і пад., гл. Карскі 2–3, 136, 331.

Сурма́1 ’хімічны элемент’, ’чорная фарба для валасоў, броваў і пад.’, сурмі́ць ’фарбаваць сурмой’ (ТСБМ). Праз рус. сурьма ’тс’ з цюркскіх моў, параўн. тур., крым.-тат. sürmä ’сурма’ ад sür ’фарбавальнік’, тат. sørmä ’сурма’; гл. Фасмер, 3, 809 (з літ-рай). У народнай мове не распаўсюджана, параўн. іншыя назвы: антымон ’сурма’ (Некр. і Байк.), антымонія ’тс’ (Ласт.), параўн. таксама анцімонія, гл.

Сурма́2 ’старажытны народны музычны інструмент у выглядзе доўгай драўлянай трубы’ (ТСБМ), су́рма ’духавая труба’ (ЭШ), ’морда’ (Сл. рэг. лекс.), сурма́ч ’сігналіст, які падае сігнал сурмою, грае на сурме, трубач’ (ТСБМ), ст.-бел. сурма ’духавы музычны інструмент’ (Ст.-бел. лексікон), сурмач ’трубач’ (там жа). Укр. сурма́, рус. сурна́ ’тс’, славац. surma, surmita ’труба пастухоў авец’. Бел. сурма запазычана ў сярэдзіне XVII ст. са ст.-польск. surma (XVI ст.), якое праз тур. surna з пярс. sūmāj ’святочная флейта’ (Булыка, Лекс. запазыч., 167). Гл. таксама ЕСУМ, 5, 480; Брукнер, 526; SWO, 714.