Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сто́лец ‘крэсла’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр., Гарэц., ПСл), стале́ц ‘столак, услон’ (Нар. Гом.), ‘зэдлік’ (Ласт.). Ст.-бел. столецъ ‘трон, прастол; сталіца’ (1434 г.) з ст.-польск. stolec (Булыка, Лекс. запазыч., 35). Гл. таксама Кохман, Stosunki, 129. Значэнне ‘крэсла’ развілося ўжо, відаць, у беларускай пад уплывам сто́лак (гл.) або было паўторна запазычана з польск. дыял. stołec ‘крэсла (са спінкай)’; параўн. яшчэ укр. стіле́ць ‘крэсла’.

Сто́ўпіцца ‘змясціцца’: стоўпіцца яшчэ тут напісаць (Касп.), сто́ўпіцца, стаўпі́цца ‘увайсці, уціснуцца’ (Шымк. Собр.), стаўпі́цца ‘сабрацца ў адным месцы’, ‘змясціцца’ (Нас.), сто́ўпіць ‘змясціць’ (Ласт., Гарэц.). Да тоўпіць (гл.).

Сток ‘спад, сцёк’ (Ласт., Бяльк.; беласт., Сл. ПЗБ), ‘месца, дзе сходзяцца канцы (вобада, абруча і інш.)’ (ТС), сто́кі ‘крыж, сярэдзіна, паясніца’, ‘падстаўка пад вулей’, ‘сутокі’ (Сцяшк. Сл.), сто́чкі ‘сутокі’ (Жд. 3). Укр. стік, сток ‘сутокі’, рус. сток, сто́ки ‘тс’, польск. stok ‘сутокі, скат, сцёк, ручай’. Да цячы, ток (гл.).

Стол ‘від мэблі’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Маг.), ‘харчаванне, харчы’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ‘памінкі’ (Барад., Мат. Маг.), ‘под у жорнах’ (рас., Шатал.). Параўн. укр. стіл, рус. стол, стараж.-рус. столъ ‘стол; прастол; сядзенне’, польск. stół, в.-луж., н.-луж. stoł ‘крэсла, стол; прастол’, чэш. stůl, славац. stôl, серб.-харв. сто̄, славен. stòl ‘крэсла; стол’, балг., макед. стол ‘крэсла’, ст.-слав. столъ. Прасл. *stolъ ‘сядзенне; стол’ з’яўляецца дэрыватам ад прасл. *stьlati, *steljǫ (гл. сцяліць) і генетычна роднаснае літ. stãlas ‘стол’, ст.-прус. stalis, гоц. stōls ‘крэсла’, якія Фасмер (3, 765), Покарны (1007), Фрэнкель (893), Бязлай (3, 319–320) далей узводзяць да прасл. *stojati < і.-е. *stā‑ ‘стаяць’. Але Курыловіч (JP, 33, 69) і Слаўскі (JP, 38, 229) указваюць, што націск Р. скл. адз. л. (стала́) сведчыць аб тым, што гэта жывое вытворнае ад *stьlati. Махэк₂ (590), Борысь (579) семантыку слова тлумачаць тым, што *stolъ першапачаткова — гэта што-небудзь пасланае (напрыклад, на зямлі) для яды і сядзення на ім; толькі потым яно пачало абазначаць мэблю. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1359; Бязлай, 3, 319; ЕСУМ, 5, 419.

Стод ‘бажок, ідал’ (Ласт.), сто́дзік, сто́дзіва ‘статуя’ (там жа). Параўн. укр. арг. стод ‘статуя, фігура’, ‘бог’, стодонь ‘багач’, рус. арг. сто́да ‘царква, ікона; свята’, дыял. ‘ідал’. У якасці крыніцы прыводзіцца ст.-сканд. stoð ‘слуп, калона’ (Міклашыч, 323; Фасмер, 3, 764). Бязлай (Eseji, 139) далучае сюды і зах.-слав. stodor ‘крутая скала; слуп у азяродзе’. Магчыма, сюды ж няяснае каш. štaduna ‘мажная, высокая жанчына’, параўн. баба ‘каменны ідал’ (параўн. SEK, 4, 353). Беларускія словы, відаць, “рэканструяваныя” Ластоўскім на падставе аргатычных форм. Гл. таксама Горбач, Арго, 38.

Сто́ль1 ‘пакрыццё памяшкання, процілеглае падлозе’, ‘паверхня гэтага пакрыцця з боку гарышча’ (Нас., Шымк. Собр., Касп., ТСБМ, Ласт., Шат., Нік. Очерки, Бяльк., Сл. ПЗБ, Ян., Варл.), ‘гарышча’ (Жд. 3), сто́ля ‘столь’ (Касп.), ‘столь; гарышча’ (ТС, ПСл, Мат. Гом., Сл. Брэс.), сюды ж сталява́нне ‘насціланне столі’, ‘столь’ (Нас.), сталява́ць ‘насцілаць столь’ (Нас., Касп.), сталі́ць сто́лю ‘тс’ (гарад., Хрэст. дыял.). Укр. сте́ля, стіль, сто́ля, рус. дыял. сте́ль ‘тс’. Да сцяліць, з чаргаваннем у беларускім слове. Гл. Фасмер, 3, 753; ЕСУМ, 5, 407. Краўчук (Бел.-укр. ізал., 38) формы з ‑о‑ лічыць больш архаічнымі, захаванымі таксама ў в.- і н.-луж. postola, postoła ‘пасцель, ложак’ пры больш новых *postelь, *postelʼа (гл. пастель).

Столь2, сто́ля ‘столка’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Гл. столка.

Сто́раж ‘вартаўнік’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Пятк. 2, Варл., Сл. ПЗБ, Бяльк.), перан. ‘колас, які застаўся на полі’ (віл., Сл. ПЗБ), сто́рож ‘вартаўнік’, ‘стаўная вуда на шчупакоў’, ‘першы колас у жыце’ (ТС), ‘пчала, якая належыць да «стражы»’ (Анох.), ‘нацягнуты шнурок у рыбалоўнай прыладзе, які сігналізуе аб наяўнасці рыбы’ (Нас., ТС), ‘першы або апошні колас у жыце’ (ТСБМ), сто́рож ‘шнурок, якім прывязана цэўка да сукала’, ‘пруток у сукале, на які натыкаецца цэўка’, ‘пруток, які падтрымоўвае нічальніцу ў час вязання’ (Бел.-польск. ізал.). Укр., рус. сто́рож, стараж.-рус. сторожь, польск. stróž, славен. stȓašəc, балг. страж, ст.-слав. стражь ‘ахоўнік’. Прасл. *storžь утворана з суф. ‑jь ад прасл. *stergti, *stergǫ ‘сцерагчы’, з якім яно звязана чаргаваннем галосных; гл. Слаўскі, SP, 1, 81; Фасмер, 3, 768. Параўноўваюць з літ. sárgas ‘стораж, вартаўнік’, sérgti ‘пільнаваць, быць пільным’, лат. sar̂gs ‘вартаўнік’, прус. absergisnan ‘абарона’ (Глухак, 587). Сюды ж старо́жа ‘ахова, варта’ (Нас., Байк. і Некр., Нар. Гом., Юрч.), ст.-бел. сторожа ‘тс’ (Карскі 2–3, 428). Параўн. укр., рус. сторо́жа, стараж.-рус. сторо́жа, польск. stróža, в.-луж. stróža, н.-луж. stroža, чэш., славац. stráž, серб.-харв. стра̑жа, славен. strȃža, балг. стра́жа, макед. стража, ст.-слав. стража. Прасл. *storža. Гл. яшчэ Махэк , 587; Борысь, 581–582; Шустар-Шэўц, 1366; Бязлай, 3, 324. Борысь (Etymologie, 492) для значэння ‘нацягнуць, наставіць, напнуць’ рэканструюе прасл. *storžiti — каўзатыў ад *sterkti. Гл. сцерагчы.

Стоўб1 ‘калона, слуп’ (Ласт., Байк. і Некр., Растарг., ПСл), ‘комін’, ‘пяро-насеннік у цыбулі’ (ПСл), сто́ўб і стоўп ‘слуп’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Гарэц., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), стоўп ‘тс’ (Арх. Федар., Янк. 3., Мат. Маг.), ‘стаяк коміна на гарышчы’ (ТС; астрав., Сл. ПЗБ), ‘слуп пад столь каля печы, на якім трымаўся «перасоў»’ (Варл., Сержп. Прымхі, ТС), ‘стос’ (Варл.; рагач., калінк., Сл. ПЗБ, ТС), ‘цыбур (у морквы, капусты і інш.)’, ‘укладка дошак’, ‘шыя’, ‘слупападобны смерч’, ‘выцягнутая ўверх чырвань каля сонца’ (ТС): kali z abydwuch bakoŭ sonca parobiacsa stoŭpy (Пятк. 2), ‘сцірта, торп’, ‘складзеная ў гумне збажына’ (ТСБМ), ‘прыстаронак’ (воран., шальч., Сл. ПЗБ; слуц., Нар. словатв.), ‘саха калодзежнага жураўля’, ‘кветаноснае сцябло (цыбулі, шчаўя)’ (бяроз., Шатал.), стоўпа́к, стовпа́к, стовпа́н ‘кветканоснае сцябло’ (Сл. Брэс.). Параўн. укр. стовб, стовп, рус. столб, столп ‘слуп’, стараж.-рус. стълбъ, стълпъ, польск. słup, в.-луж. stołp, н.-луж. słup, чэш. sloup, славац. stlp, серб.-харв. сту̏ба ‘лесвіца’, ступ ‘слуп’, славен. stólb, stólp, балг. стълб, стълп ‘слуп’, макед. столб, столп, ст.-слав. стлъпъ ‘вежа; стоўб, калона’. Прасл. *stъlbъ, *stъlpъ роднасныя літ. stũlbas, stũlpas ‘слуп’, лат. stul̂bs ‘голень, ікра; халява’, stùlps ‘слуп’; з іншай ступенню вакалізму: лат. stil̂bs ‘ніжняя частка рукі, нагі’, літ. stalbúotis ‘прыпыняцца’; далей, ст.-ісл. stolpi ‘слуп; калона’, ст.-нарв. stolpi ‘сцябло; вушак’, ст.-в.-ням. stelpōn ‘стаяць’ і інш. (гл. Міклашыч, 321; Траўтман, 290; Фрэнкель, 93; Покарны, 1020; Фасмер, 3, 765; Шустар-Шэўц, 1359–1360), якія працягваюць і.-е. корань *stel‑ ‘паставіць, сцябло’, з дэтэрмінантамі ‑b‑ і ‑p‑. Гл. яшчэ Бязлай, 3, 320; Сной₁, 610; Борысь, 560. Інакш Махэк₂ (558), які мяркуе аб складаных кантамінацыйных працэсах розных індаеўрапейскіх каранёў.

Стоўб2 ‘здвоены след зайца (у мове паляўнічых)’: заец завернуўса да тым следам назад — ето стоўб (ПСл). Да стоўб1 (з-за “тоўстага” следу на снезе).