Спаро́н ‘выкідыш, аборт’ (Ласт., Байк. і Некр.). Аддзеяслоўны назоўнік ад спараніць ‘скінуць’ (Ласт.), што да раня́ць (гл.).
Спадзява́цца ‘мець надзею’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Касп., Федар. 4, Ласт., Растарг., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), сподзева́цца ‘тс’ (ТС), сподзе́цца ‘тс’ (там жа), спадзява́нне, спадзе́я ‘надзея’ (Нас., Ласт.). З польск. spodziewać się ‘тс’, якое з s‑po‑dziewać; аб корані гл. надзея. Карскі (1, 339) меркаваў пра ўстаўку ‑в‑ у сярэдзіне слова.
Спо́дак ‘невялікая талерка з паднятымі берагамі, на якую ставіцца кубак або шклянка’ (ТСБМ, Касп., Ласт., Сл. ПЗБ, Байк. і Некр., ЛА, 5). З польск. spodek ‘тс’.
Спрага́ць ‘запрагаць, злучаць у адну запрэжку’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр.), спрага́цца ‘злучаць кожны па каню (валу) у адной вупражы’ (Пятк. 2, Варл.). Гл. прыпрэжка.
Спабо́рнік ‘сапернік, канкурэнт, прэтэндэнт’ (ТСБМ, Ласт.). Аўтарства слова прыпісваецца Ластоўскаму, гл. Пацюпа ў Станкевіч, Язык, 1160. Відаць ад спаборніцтва ‘саперніцтва, змаганне, барацьба’, што з’яўляецца калькай рус. соревнование ‘тс’.
Спаро́міць ‘падганяць, прыскорваць’, спаро́міцца ‘спяшацца’, ‘паспяваць, упраўляцца’ (Нас.), ‘назапашваць, збіраць; запасіць’, спо́рам ‘назапашванне’ (Ласт.). Відаць, да спор 1, у аснове дзеепрыметнік на ‑ом ад спары́ць ‘памнажаць, прыбываць’ (Нас.).
Спако́й ‘супакой, супакаенне’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Федар. 4, Сл. ПЗБ), споко́й ‘тс’ (ТС), спако́йны ‘ціхі, мірны’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Ласт., Сл. ПЗБ), споко́йны ‘тс’ (ТС). Укр. спо́кій, польск. spokój, в.-луж. spokoj. Дэрыват з прыстаўкай с‑ ад прасл. *pokojь ‘мір, цішыня’ (Борысь, 569). *Pokojь звязаны з прасл. *počiti, параўн. рус. почи́ть ‘памерці’, почива́ть ‘спаць’, ст.-слав. почити ‘адпачыць’, славен. počíti і г. д. Гл. Фасмер, 3, 305; 347; Махэк₂, 468. Параўн. меркаванні Кохмана (Stosunki, 24), Віткоўскага (Słownik, 177) пра запазычанне з польскай, што патрабуе гістарычнай аргументацыі. Параўн. адпачынак.
Спатка́ць ‘выйсці насустрач, сустрэць’ (ТСБМ, Нас., Касп.; ашм., Стан., Бяльк., Сл. ПЗБ, Рам. 6), спатыка́ць ‘сустракаць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Касп., Барад., Бяльк., Сл. ПЗБ). Прыставачнае ўтварэнне ад патка́ць, патыка́ць ‘сустрэць, сустракаць’ (гл.).
Спавяда́ць ‘выслухоўваць пакаянне ў грахах’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), ‘каяцца; лаяць, бэсціць’ (Юрч.), спавяда́цца ‘каяцца ў грахах’ (ТСБМ, Нас., Растарг., Ласт., Байк. і Некр.), спо́ведзь ‘пакаянне’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). Укр. сповіда́ти, спо́відь, рус. испове́дывать(ся), стараж.-рус. исповѣдовати, польск. spowiadać(się), spowiedź, в.-луж. spowědać so ‘спавядацца’, spowědź, н.-луж. spowědaś se, spowěź, чэш. zpovídat (se), zpověď, славац. spovedat (sa), серб.-харв. исповедати (се), ȉspovȇd, славен. spovedovati (se), spóved, балг. изповя́дам, и́зповед, макед. исповедува, исповед. Тэрмін хрысціянскай тэрміналогіі да прасл. *povědati ‘паведаць, патлумачыць’ < *vědati ‘ведаць’; усходнеславянскія, лужыцкія і паўднёваславянскія з *jьz‑povědati; споведзь < *jьzpovědь; гл. Шустар-Шэўц, 1344–1345. У канфесійным значэнні калька лац. con‑fiteri ‘прызнавацца’ (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 334).
Спружы́на ‘пругкая металічная палоска або спіраль’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Бяльк.), спрунжы́на ‘тс’ (Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), спрунджы́на ‘тс’ (Бяльк.), спранджы́на ‘тс’ (Варл.). З польск. sprężyna ‘тс’; параўн. укр. спружи́на ‘тс’; у іншых славянскіх мовах без s‑. Шульман (Полымя, 1926, 8, 211) мяркуе пра пасрэдніцтва мовы ідыш праз форму Sprusschine ‘тс’, што цяжка давесці. Гл. пружына.