Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Спіжа́рня ‘кладоўка, камора’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Нас., Булг., Касп., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ‘варыўня’ (Гіл.), ст.-бел. спижарня ‘кладоўка, памяшканне для захавання харчовых прадуктаў’. З польск. spiżarnia ‘тс’ (Карскі, Белорусы, 163; Кюнэ, Poln., 99), якое ад ст.-польск. spiża ‘прадукты, харчаванне’, запазычанага з ст.-в.-ням. spîse ‘яда, харчаванне, правіянт; хатняя гаспадарка’, сучаснае ням. Speise ‘ада, харчаванне’, што ўзыходзіць да с.-лац. spesa < spensa < лац. expēnsa (pekunia) ‘выдатак, кошт’; гл. Борысь, 568.

Спіж ‘медзь, медзяны посуд’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр., Гарэц.); сюды ж спіжо́вы ‘медны’ (Нас.): звинять званочкі спіжовыя (гарад., Рам. 8). З польск. spiż, śpiż, радзей śpiża ‘медзь, бронза для пасуды або званоў’, якое з с.-в.-ням. (glocken) spise ‘медзь (для званоў)’; гл. Карскі, Белорусы, 163; Кюнэ, Poln., 99. Ст.-бел. спижа, пижа, спижъ ‘прадукты харчавання’, ‘бронза’, гл. Булыка, Лекс. запазыч., 189; але ст.-бел. слова аб’яднала значэнні ст.-польск. śpiża ‘медзь’ і spiża ‘прадукты харчавання’ (гл. наступнае). Аб польскім слове гл. Борысь, 568.

Спіра́ць1 ‘перыць’ (Сцяшк. Сл.; слонім., Сл. ПЗБ). Да перыць, праць з галоснай у ступені падаўжэння.

Спіра́ць2 ‘спіхваць, зганяць’ (Нас.), ‘сціскаць (ад холаду)’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ст.-бел. спирати ‘адвесці ад уладання, пазбавіць правоў’, ‘не пагаджацца, пярэчыць’ (Ст.-бел. лексікон). Паводле Брукнера (442), адбыўся перанос дзеяння з фізічнага ў маральны план, у выніку апошняе значэнне стала пераважаць, параўн. спіра́цца ‘спрачацца, супраціўляцца’ (Нас., Ласт.), ‘вясці слоўную спрэчку’ (Варл.), ст.-бел. спиратися ‘спрачацца, пярэчыць’ (Ст.-бел. лексікон), гл. спор2. Апошняе значэнне ўжо праславянскае, параўн. укр. спира́тися ‘спрачацца, праяўляць упартасць’, польск. spierać się ‘тс’, ст.-слав. пьрѣниѥ ‘спрэчка’ і інш. Усё да перці, гл.