Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Спо́дак ‘невялікая талерка з паднятымі берагамі, на якую ставіцца кубак або шклянка’ (ТСБМ, Касп., Ласт., Сл. ПЗБ, Байк. і Некр., ЛА, 5). З польск. spodek ‘тс’.

Спо́саб ‘прыём, метад’, ‘парадак, характар, манера, склад’, ‘рэальныя ўмовы, сродак, магчымасць ажыццяўлення чаго-небудзь’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Федар. 4), ‘матэрыяльны дастатак, сродкі’ (Варл.), ‘неабходнае для жыцця’ (Сержп. Прымхі), ‘доля’: дзеўка без спосабу (пра векавуху) (Сержп.). Укр спо́сі́б, рус. спо́соб, польск. sposób, чэш. způsob, славац. spôsob, серб.-харв. спосо̀ба. Параўн. пасоба ‘дапамога’ (Нас.), рус. посо́бие, якія з выразу *ро sobě (гл. сябе); Міклашыч, 331–332; Фасмер, 3, 738. Якабсон (гл. у Фасмера, там жа) усходнеславянскія словы лічыць запазычаннем праз польскую з ст.-чэш. zpósob. Аналагічна Кохман, Stosunki, 126. Сяткоўскі (гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 334) чэшскі ўплыў бачыць толькі ў развіцці абстрактных значэнняў. Борысь (570) рэканструюе паўн.-прасл. *sъposobъ як аддзеяслоўны дэрыват ад *sъposobiti < *posobiti < *ро sobě, параўн. спасобіць ‘падрыхтоўваць, запасаць’ (Нас.), ст.-бел. способяти ‘падрыхтаваць, сабраць’ (Ст.-бел. лексікон).

Спор1 ‘удача, поспех у чым-небудзь’ (ТСБМ), ‘карысць, пажытак’ (Ласт.), ‘прыбытак; поспех’ (Нас., Гарэц.), спор (спорь) ‘ураджай’ (Пятк. 2), параўн.: “wiedźmy… łopatą do pieczenia chleba biorą spór z żyta” (Маш., 221), спор, спара́ ‘памнажэнне, павелічэнне’: “Спор табе ў дзяжу! Спор вам на хлеб” — прыгаваруюць, каб не мінаўся хлеб” (мін., чэрв., рагач., Сл. ПЗБ), ‘дастатак’: въ гумнѣ спора ‘пажаданне пры ўлазінах’ (мазыр., Яшк. Мясц.), ‘пажаданне ў рабоце’ (ЛА, 5), спо́рны ‘выніковы, паспяховы’, ‘эканомны, шчодры’, ‘густы (пра дождж, снег)’ (Нас., ТСБМ, Шат., Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спо́рий ‘выніковы, паспяховы’, спориня́ ‘поспех, прыбытак, рост’, рус. спо́рый ‘тс’, спорынья́, спорина́ ‘прыбытак, рост’, стараж.-рус. споръ ‘багаты’, польск. spory ‘не малы, дастаткова вялікі’, в.-луж., н.-луж. spóry ‘багаты, шчодры’, чэш. sporý ‘выніковы, моцны’, славац. sporý, серб.-харв. спо̏р ‘павольны, працяглы’, славен. spòr ‘багаты, пажыўны’, балг., макед. спор ‘прыбытак; ураджай’. Прасл. *sporъ ‘выдатны; багаты; пажыўны’ з’яўляецца прыметнікам ад прасл. *spěti ‘спець’ (гл.) з суф. ‑r‑. Мае адпаведнікі ў ст.-інд. sphirás ‘сыты; багаты’, лац. prosper (*prosparos) ‘шчаслівы; спрыяльны’, ст.-ісл. sparr ‘ашчадны; пашкадаваны’. Іншая апафанічная ступень у прасл. *spěti (гл. спець). Гл. Фасмер, 3, 737 з іншай літ-рай; Скок, 3, 313; Махэк₂, 570–571. Шустар-Шэўц (1343–1344) узнаўляе прасл. наз. *sporъ ‘прыбытак, ураджай’ і прым. *sporъ‑jь ‘спорны, паспяховы’. Гл. яшчэ Варбат, Этимология–1965, 120; Тапароў, Этимология–1980, 652; ЕСУМ, 5, 380.

Спор2 ‘сварка, спрэчка’ (Бяльк.), спор, спо́рка ‘супраціўленне’ (Нас.), спор, спо́рка ‘сварка, спрэчка’ (ТС), спо́рыць ‘спрачацца’ (паст., смарг., Сл. ПЗБ; ТС), спо́раць ‘ісці ў заклад’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), спо́рыцца ‘спрачацца’ (Шат.; віц., Сл. ПЗБ; Бяльк.), спо́роваць ‘тс’ (Нас.), спо́рываць ‘тс’ (Касп.). Укр. спір, спо́ритися ‘спрачацца’, рус. спор, спо́рить, стараж.-рус. съпоръ, польск. spór, чэш., славац. spor, серб.-харв. спо́р ‘спор; судовы працэс’, славен. spór ‘спрэчка’. Прасл. *sъporъ аддзеяслоўны назоўнік ад прасл. прэфіксальнага дзеяслова *sъ‑perti sę < прасл. *perti (гл. перці) (Борысь, 570–571; Фасмер, 3, 737). Параўн. спіраць, гл.

Спор3 ‘чорнае зерне ў коласе’ (ТС, Выг., ЛА, 5). Этымалагічна тое ж, што і спор1. Параўн. спарыння, спарыш3.