Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Слу́жба ‘работа, заняткі; месца работы’, ‘богаслужэнне’, ‘выкананне воінскіх абавязкаў’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Шат., Бяльк., Пятк. 2, Сцяшк., Сл. ПЗБ), ст.-бел. служба ‘выкананне воінскіх абавязкаў; прыгон, прымус; богаслужэнне, выкананне святарскіх абавязкаў’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 67–68). Параўн. укр., рус. слу́жба, стараж.-рус. служьба, польск. służba, серб.-харв. слу́жба, славен. služba, балг. слу́жба, макед. служба. Прасл. *služьba, утворана ад *služiti ‘служыць’ з суф. ‑ьb(a); гл. Слаўскі, SP, 1, 61; Махэк₂, 557.

Слу́шны ‘разумны, абгрунтаваны; практычна карысны’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Варл., Байк. і Некр., Барад., Сл. ПЗБ), сюды ж ст.-бел. слушне ‘справядліва’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. слу́шний ‘належны, адпаведны, прыстойны’, польск. słuszny, в.-луж. słušny ‘справядлівы, уласцівы, належны’, н.-луж. słušny ‘належны’, чэш. slušný ‘прыстойны, добры’. Паўночнапрасл. *slušьnъ прыметнік ад прасл. *slušati ‘чуць’ (гл. слухаць), дыял. паўн. ‘быць прыналежным, належаць, служыць; стасавацца’; гл. яшчэ Махэк₂, 558 і наст.; Брукнер, 501 і наст. У беларускай і ва ўкраінскай з польскай; гл. ЕСУМ, 5, 311.

Слу́хаць ‘успрымаць слыхам’, ‘разглядаць (судовую справу)’, ‘прымаць пад увагу чые-небудзь указанні’ (ТСБМ, Ласт., Нас., Шымк. Собр., Касп., Байк. і Некр., ТС, Сл. ПЗБ), ст.-бел. слухати, слышати, слышети ‘тс’ (Альтбаўэр). Укр. слу́хати, рус. слу́шать, дыял. слу́хать, польск. słuchać ‘слухаць’, słuszać ‘слухацца’, в.-луж. posłuchać, słušeć, н.-луж. słuchać, słušaś, чэш. slušeti ‘падыходзіць, быць да твару’, славац. slušať, серб.-харв. слушати, славен. slúšati, балг. слу́шам, макед. слуша, ст.-слав. слоушати. Прасл. *sluchati і *slušati < *sluxěti, якія ад *sluchъ ‘слых’ (Фасмер, 3, 679), гл. слых. Адпаведнікі літ. klausýti ‘слухаць, слухацца’, ст.-прус. klausiton ‘пачуць’, ст.-в.-ням. hlosên ‘слухаць, слухацца’; з іншай ступенню вакалізму: ст.-інд. śróṣati ‘ён чуе’, ст.-сакс. hlust ‘слых; вуха; слуханне’, якія працягваюць і.-е. *kʼleu̯‑s‑ ‘чуць’. Гл. яшчэ Махэк₂, 558–559; Сной₁, 583; Глухак, 564; Борысь, 560; ЕСУМ, 5, 310–311.

Слуга́ ‘чалавек для асабістых паслуг, прыслужнік’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Сцяшк., Жд. 1, 2, Нар. сл.), слу́га ‘пашана, якую выказваюць дзеці ручкай старэйшым’ (Нас.), сюды ж слугава́ць ‘прыслужваць’ (ТСБМ). Укр., рус. слуга́, стараж.-рус. слуга, польск. sługa, чэш., славац. sluha, серб.-харв. слу́га, славен. slúga, балг. слуга́, макед. слуга, ст.-слав. слоуга. Прасл. *sluga. Роднасныя ў балтыйскіх і кельцкіх мовах: літ. slaugýti, slaugaũ ‘падтрымліваць, дапамагаць’, slaugà ‘паслуга; слуга’, ірл. slúag ‘атрад’, teglach (< *tegoslougo‑) ‘дамачадцы’ і інш.; гл. Траўтман, 269; Буга, РФВ, 66, 248 і наст.; Махэк₂, 557; Фасмер, 3, 676 з аглядам літ-ры. З прычыны ізаляванасці слова ў славянскіх мовах і няяснасці словаўтварэння (практычнай адсутнасці суф. ‑г(а)) шэраг этымолагаў (Шахматаў, AfslPh, 33, 92; Файст, WuS, 6, 45, Мікала, РФВ, 48, 273) лічаць слова запазычаннем з кельцкай. Катэгарычна супраць Фасмер (там жа), Лер–Сплавінскі (RS, 18, 6). Слаўскі (SP, 1, 60) следам за Вондракам (Vergl. gr., 1, 400) бачыць тут стары і.-е. суфікс ‑a, які ўтвараў nomina agentis. Што датычыцца кораня слова, то на славянскай глебе яго звязвалі з *slū‑ (гл. слынуць), гл. Міклашыч (308), але наяўнасць групы sl‑ у літоўскай і кельцкай паралелях сведчыць аб немагчымасці гэтай роднасці, гл. Фасмер, там жа. Борысь (560) рэканструюе семантыку і.-е. дыял. (балтаславянскае і кельцкае) *slau̯gā ‘дружына (воінаў)’ > ‘дапамога, паслуга’ > ‘той, хто дапамагае, робіць паслугі’. Бязлай (3, 266–267) узводзіць да і.-е. *slou̯gā ‘дапамога, служба’. Ад слуга ўтвораны дзеяслоў служы́ць ‘працаваць па найме ў сферы разумовай або фізічнай працы, звязанай не з вытворчасцю, а з абслугоўваннем каго-небудзь, чаго-небудзь’, ‘выконваць воінскія абавязкі’, ‘выконваць абавязкі слугі, прыслугі’, ‘выконваць якія-небудзь абавязкі ў адносінах да каго-небудзь; выконваць чыю-небудзь волю’; прасл. *služiti; гл. Борысь, там жа.