Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Свіршч ‘дзірачка, якая праточана чарвяком’ (Нас.). Хутчэй за ўсё, аддзеяслоўны назоўнік ад свірашчэ́ць ‘выдаваць рэзкі прарэзлівы голас’ (Ласт.), параўн. свісту́н ‘пусты арэх з дзірачкай’ (Нас., Касп.). Параўн. таксама іншае ўтварэнне ад таго ж дзеяслова — свіраст (свіра́ст) ‘рэзкі прарэзлівы гук’ (Ласт.). Гл. свірчэць.

Сві́гаць (сьві́гаць) ‘бліскаць, мігаць’ (Ласт.), свігну́ць (сьвігну́ць) ‘паказацца, бліснуць’ (Скарбы, Ласт.), сюды ж сьвігаві́ца ‘пробліск у хмары, маланка’ (Ласт.), відаць, і сві́га ‘мінога рачная’ (Скарбы). Магчыма, балтызм, параўн. літ. sviégti, sviégiu ‘кідаць, шпурляць; біць, стукаць’, лат. sviêžu ‘кідаю’. Назва міногі, хутчэй за ўсё, звязана з хуткімі рухамі і яркай афарбоўкай. Параўн. аднак укр. дыял. шви́гати ‘кідаць, шпурляць’, што, магчыма, сведчыць пра славянскі характар слова. Куркіна (Диал. структура, 126) са спасылкай на Пятлёву (ОЛА 1974, 125–129) супастаўляе беларускае сьві́гаць ‘бліскаць’ з славен. svígati ‘хутка рухацца, мільгаць’, рус. дыял. свигать ‘гуляць, шляцца’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *svigati, роднаснага літ. svaĩgti ‘ганяць, ездзіць туды-сюды; круціцца’, svíegti ‘паварочваць, кідаць, біць’ < і.-е. *su̯ei‑g‑ ‘згібаць, гнуцца, круціць’.

Свісцёлка ‘духавы народны музычны інструмент’, ‘свістулька’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк.), сюды ж свісце́лка, свісце́лік, свісту́шка, свісто́лік ‘свісток’ (ТС). Да свістаць (гл.). Аналагічна ўкр. свисті́лка, рус. свисте́лка, польск. świszczałka ‘свістулька’.

Свіль ‘месца на дрэве з хвалепадобным размяшчэннем валокнаў’ (ТСБМ), сьвіль ‘нарост на дрэве ў месцы пашкоджання’ (Ласт.). Да віць, звіць; утворана падобна да гніль < гніць з суф. *‑lь‑. Гл. Праабражэнскі, 2, 259; Фасмер, 3, 577. У выніку дээтымалагізацыі прыстаўка злілася з коранем, параўн. Пацюпа, Arche, 2007, 3, 209.

Світа́нне ‘світанак; золак (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Сл. ПЗБ). сьвіта́ньня ‘тс’ (Бяльк.), ст.-бел. свитане: зпоранку на свитаню (XVII ст.; Карскі 2–3, 433), параўн. славен. svitanje ‘тс’. Аддзеяслоўны назоўнік ад світа́ць ‘днець’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), што да прасл. *svitati, параўн укр. світа́ти, свита́ти ‘світаць, слаба свяціцца’, польск. świtać ‘світаць’, чэш. svítati ‘тс’, в.-луж. switać, н -луж. switaś ‘тс’, харв. svȉtati, славен. svítati ‘тс’, ст.-слав. свитати ‘світаць, днець’. Праславянскі дзеяслоў выводзіцца як шматкратны з прасл. *svьtěti ‘свяціць’ (гл. свяціць) і мае паралелі ў літ. švitéti ‘ззяць, свяціць’ < і.-е. *kʼu̯ei̯t‑ ‘свяціцца, светлы, белы’, параўн. гоц. hweits ‘белы’, нарв. kvit, дац. hvid, ст.-англ. hwít, англ. white, ст.-в.-ням. (h)wïz, ням. weiss ‘белы’ (Глухак, 600; Бязлай, 3, 352; Сной₂, 716). Сюды ж світа́льна зорка ‘заранка’ (гродз., Сл. ПЗБ).

Свіргу́ль ‘стрыж, Apus apus L.’ (ушац., бяроз., ЛА, 1; Ласт.). Утворана пры дапамозе непрадуктыўнага суф. ‑уль‑ ад гукапераймальнага дзеяслова свіргата́ць ‘шчабятаць’ (ТСБМ) як суб’ект дзеяння (Сцяцко, Афікс. наз., 67), параўн. таксама свыргота́тэ ‘цвыркаць’ (драг., Нар. словатв.), укр. сверготі́ти ‘тс’, польск. świergotać, szwargotać ‘тс’, якія паводле Брукнера (536; гл. таксама ЕСУМ, 5, 188, 195), утвораны на польскай глебе, што цяжка давесці, паколькі чаргаванне глухіх і звонкіх зычных у гукаперайманняў — звычайная з’ява ў славянскіх мовах. Параўн. наступнае слова.

Свішч1 ‘загана ў чым-небудзь у выглядзе дзіркі, шчыліны, сітавіны’, ‘глыбокая гнойная язва ў тканках, органах цела; фістула’ (ТСБМ, Ласт.), ‘шырокая адтуліна паміж двума пярэднімі зубамі’ (Чэрн.). Укр. свищ ‘пусты арэх’, свисту́н ‘тс’, рус. свищ ‘свішч; чарвяточына ў арэху’. З *svistjo‑; да свіст, свістаць; гл. Міклашыч, 331; Фасмер, 3, 582. Параўн. сві́шчык ‘свісток’ (гл.), сьвішчэ́ць ‘свістаць’ (Касп., Сл. ПЗБ).

Свішч2 ‘кончык бізуна, пугі’ (Мік.), сюды ж сьвішчэ́ ‘маладыя карані сасны’ (Чэрн.). Да свістаць (гл.) на аснове гукавых уражанняў ад замаху, параўн. сві́снуць (сьві́снуць) ‘свіснуць, засвістаць’ і ‘выцяць пугаю, дубцом’ (Бяльк.). Сюды ж таксама сьвішчыпа́лка ‘хто любіць гуляць, не пільнуецца дому’ (Пятк.).

Сві́ран ‘халодны будынак, прызначаны для захоўвання збожжа, мукі і іншых прадуктаў, а таксама рэчаў і пад.’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.), сві́ран, свіро́н, све́ран, сві́рнік, свы́ран, св́ірань, све́рэнь, свірн ‘тс’ (Сл. ПЗБ, ДАБМ), ст.-бел. свирен, свѣрон ‘тс’ (1499). Укр. сві́рон, рус. зах. свирён, сви́рон, пск. сви́рна, польск. усх. świren, świrnia ‘тс’. Запазычанне з літ. svìrna ‘гаспадарчае памяшканне, клець’, svir̃nas ‘тс’; гл. Карскі, Белорусы, 135, Труды, 396–397; Брукнер, 537. Магчымасць польскага пасрэдніцтва для часткі форм (польск. ‑ier‑ < ‑ir‑) ставіцца пад сумненне, параўн. польск. świronek ‘тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 55). Адносна канкурэнцыі назваў клець і свіран гл. падрабязна Анікін, Опыт, 273. Агляд праблематыкі і літ-ры гл. яшчэ Лаўчутэ, Балтизмы, 22.

Свіне́ц ‘цяжкі мяккі легкаплаўкі метал сінявата-шэрага колеру’ (ТСБМ): свінец волаво чыстае (Сержп. Прымхі). Рус. свине́ц, укр. свине́ць, ст.-рус., рус.-ц.-слав. свиньць, славен. svínəc, балг. свине́ц ‘волава’ (з рус.БЕР, 6, 550). Прасл. *svinьcь. Роднаснае літ. švìrnas ‘свінец’, лат. svins ‘волава’. Сувязь з грэч. χυαυος ‘сіняе рэчыва’, іран. *spana‑ ‘жалеза’ лічыцца сумніўнай, гл. Фасмер, 3, 577; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1160; Сной₁, 624; Новое в рус. этим., 203–205. Насуперак гэтаму Данка і Вітчак (ABSl, 21, 83–91) лічаць яе верагоднай, выводзячы зыходнае *svinъ ‘волава’ з і.-е. *k̑wn̥:s ‘нейкі карысны камень’, ‘нейкі метал’, якому адпавядае грэч. мікен. ku‑wa‑no ‘шкло блакітнага колеру’, фрак. σπινος ‘каштоўны камень’, хец. kuwanna ‘медзь’, іран. s(p)ana ‘жалеза’, ст.-перс. *âsana‑ ‘тс’. У Беларусі назва распаўсюдзілася пад рускім уплывам, народная назва — волаво (гл. волава), параўн. свінец як волово (ТС). Рус. о́лово ў народнай мове адпавядае цын (Нас.), цына (Ласт.). Параўн. аднак ст.-бел. свинья ‘адзінка вымярэння колькасці свінцу і волава’ (Ст.-бел. лексікон), што, відаць, сведчыць пра народнаэтымалагічнае асваенне старой назвы.

Свіння́1 ‘парнакапытная млекакормячая жывёліна’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, Пятк. 2), свіня́ ‘тс’ (Сл. ПЗБ, Цых.) свінья́ ‘тс’ (ТС). Укр. свиня, рус. свинья́, ст.-рус. свинья, польск. świnia, в.-луж. swinjo, н.-луж. swinja, чэш. svině, славац. sviňa, серб.-харв. сви́ња, славен. svínja, балг. свиня́, макед. свиња. Прасл. *svinьja, дэрыват ад прыметніка ж. р. *svini < прасл. *svinъ (гл. свіны), якому адпавядае лац. suīnus ‘свіны, свінячы’. Паводле Крэтава (Этимология–1994–1996), адбылася падвойная субстантывацыя: спачатку прыметніка *svinъ, ад якога пры дапамозе суф. ‑ьj‑ утвораны прыметнік свин‑ьj‑, субстантывацыя якога ў ж. р. дала назоўнік свинья. Гл. Фасмер, 3, 579; Слаўскі, SP, 1 , 84; Шустар-Шэўц, 1387–1388; Борысь, 623; Сной₁, 624; БЕР, 6, 551. Агляд апошніх меркаванняў гл. Жураўлёў, Язык и миф, 383–384.

Свіння́2 ‘скляпенне ў печы’ (Мат. Маг. 2, Мат. Гом.), свы́нка, свэ́нка ‘частка дымахода паміж чалеснікамі і комінам’ (Сл. Брэс., Шушк.). Відавочна, ад свіння1, параўн. рус. дыял. свинья́ ‘частка дымахода на гары, якая злучае печ з комінам’, інакш бо́ров, бо напамінае ляжачую свінню, параўн. таксама кабыла2 (гл.).