Ра́мцік ’кант’ (Ласт.). У выніку мены н > м ад рант (гл.).
Рамяство́ ’вытворчасць вырабаў ручным саматужным спосабам; саматужніцтва’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Касп.), рамясло́ ’тс’, рэмясло́ ’ручное майстэрства, умельства’ (Ласт., Сл. ПЗБ), рэмесло́ ’рамяство, занятак’ (ТС), раме́сніцтва ’занятак рамяством’ (Байк. і Некр.). Параўн. укр. ремесло́, реме́ство ’тс’, рус. ремесло́, дыял. ремество́, польск. rzemiosło, в.-луж. rjemjesło, н.-луж. ŕemesło ’тс’, чэш. řemeslo, славац. remeslo, ст.-серб. ремезьство, ст.-слав. ремьство. Параўн. таксама ст.-літ. remẽsas ’рамеснік’, remẽstas ’рамяство’, лат. remêsis ’цясляр’, ramtýti ’секчы сякерай’, лат. ram̃stît ’секчы тупой сякерай, пілаваць тупой пілой’, ст.-прус. romestue ’сякера’, англ.-сакс. remian ’напраўляць, аднаўляць’. Фасмер (3, 469) мяркуе пра сувязь са ст.-рус. ремезъ (адзіная фіксацыя XIV ст.), рус. цвяр. ремеза́ ’спраўны, дзелавы чалавек’, што няпэўна. Паводле Віткоўскага (Зб. Русэку, 237), форма ремесло з’яўляецца з XVI ст. паланізмам ва ўсходнеславянскіх мовах, які ў пачатку XIX ст. канчаткова выцясніў з ужывання ў рускай мове формы на ‑ство (ремьство, ремество).
Ра́ма 1 ’драўляны прамавугольнік для розных патрэб і мэт’, ’перакладзіна’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), ’рама (акна і інш.)’ (ТС). Распаўсюджана вывядзенне з ням. Rahmen ’устойлівая апора, абрамленне, рама, рамка’ (у тым ліку Брукнер, 453). У беларускіх помніках сустракаецца з пачатку XVII ст. і разглядаецца як запазычанае праз польск. rama з ням. Rahmen (Булыка, Запазыч., 273; параўн. Фасмер, 3, 440). Нельга выключаць запазычанне праз дыялектныя формы, параўн. ст.-в.-ням. rama ’падпора, калона, абрамленне’, с.-в.-ням. rame ’тс’, ням.-аўстр. Rahm ’рама’, параўн. нідэрландскае raam ’рама, акно’ (параўн. Лявіцкі, 2, 93; Сной, 544).
Ра́ма 2 ’прасла’, ’частка ткацкага станка, дзе ёсць ніты’ (Ласт.). Гл. ра́ма 1.
Ра́ма 3 ’машына для падоўжнага распілоўвання бярвення’, ’прыстасаванне з вертыкальнай рамай, у якой рухаюцца пілы’ (ТСБМ). Гл. ра́ма 1.
Ра́ма 4 ’прыстасаванне з жэрдак для сушкі траў’ (Сл. ПЗБ). Гл. ра́ма 1.
Ра́ма 5 ’дзве жэрдкі, замацавання папярочнай планкай, якія кладуцца на сані’ (рас., Шатал.). Гл. ра́ма 1.