Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Ве́шыць ’пры сяўбе абазначаць саломай месца, дзе ўпала апошняе зерне, каб другі раз не кідаць зерня на тое ж месца’; ’абстаўляць, вызначаць дарогу зімой’ (Нас.). Да вяха́1 (гл.). Параўн. таксама рус. прэйл. (Латв. ССР) ве́шить ’ставіць веткі, калі сеюць, абазначаючы вузкія палосы засеянага поля’, укр. вішити ’вяшыць’.

Веяць ’ачышчаць збожжа ад мякіны’; ’дзьмуць, абдаваць павевамі што-небудзь’ (КТС, БРС, Касп., Яруш., Шат.), ве́яты ’веяць збожжа’ (Выг.). Укр. ві́яти ’веяць, дзьмуць’; ’ачышчаць збожжа’; ’віляць (хвастом)’, рус. веять ’дзьмуць, абдаваць паветрам’; ’ачышчаць збожжа’, ст.-рус. вѣяти ’тс’, польск. wiać ’дзьмуць’; ’ачышчаць збожжа пры дапамозе ветру’; ’уцякаць, знікаць’, каш. vjåuc ’веяць’, в.-луж. wěć ’веяць, ачышчаць збожжа’, чэш. váti (< vějati) ’тс’, славац. viať ’ачышчаць збожжа’; ’віцца (аб флагу)’, славен. vẹ̑jati ’ачышчаць збожжа, веяць’, серб.-харв. ве̏јати ’ачышчаць збожжа’, ви̏јати ’веяць, развейвацца’; ’веяць збожжа’, макед. вее ’веяць, дзьмуць; развейвацца, несці, гнаць (аб ветры) ’; ’ачышчаць збожжа’, балг. вея ’дзьмуць; аддзяляць зерне ад мякіны пры дапамозе ветру’, ст.-слав. вѣꙗти ’веяць’. Прасл. vě‑jati. Роднаснае з літ. vė́tyti, лат. vētīt ’веяць (зерне)’, грэч. ἄϜησι ’вее’, лац. ventus ’вецер’, гоц. waian ’веяць’, ірл. do‑in‑fethim ’удуваю’, ст.-інд. vā́lti, vā́yati ’дуе, раздувае’, авест. vāiti ’вее’ < і.-е. *uē(i)‑. Гл. таксама Траўтман, 345; Праабражэнскі, 110; Фасмер, 1, 310; Брукнер, 610; Махэк₂, 678; БЕР, 1, 141; Скок, 3, 588; Шанскі, 1, В, 84; КЭСРЯ, 58; Выгонная, Лекс. Палесся, 79–83.