Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Трылі́снік ‘назва некаторых раслін з трайчастымі лістамі’ (ТСБМ, Бяльк., Меер Крыч.), ‘бабоўнік, Menyanthes trifoliata L.’ (Кіс.; навагр., клім., ЛА, 1), ‘канюшына’ (Ласт., Др.-Падб.). Паводле наяўнасці трайчастых лістоў, названы рус. трилистник, чэш. třílistník, třulistník, мар. trumfulija (Махэк, Jména, 183), ням. Dreiblatt ‘бабоўнік’ — магчыма, у некаторых выпадках узорам было лац. tri‑folium ‘канюшына, трыліснік’ (Пастусяк, Pogranicze, 138; Мяркулава, Очерки, 35–36).

Прыды́баць ’прыйсці з цяжкасцю (звычайна пра старога, кульгавага і пад. чалавека)’ (Ласт., ТСБМ, ТС), прыдэ́баць ’ледзь прыйсці’, прыды́баті ’спаткаць’ (Сл. ПЗБ), таксама вытворнае м. р. прыдыба́йло ’чалавек, які прычыкільгаў або прыйшоў употайкі, хаваючыся’ (ваўк., Федар.). Прэфіксальнае ўтварэнне, што да ды́баць (гл.). Параўн. рус. смал. приды́бать ’прыйсці, дабрацца куды-небудзь з цяжкасцю’, укр. приди́бати ’прыплесціся, прыйсці; сустрэць каго-небудзь’. Гл. таксама ЕСУМ, 2, 64; Анікін, Этимология, 296–297.

Спавіва́ч ‘доўгая вузкая палоска тканіны, якой спавіваюць маленькіх дзяцей’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ), спаві́віч ‘тс’ (Касп.); іншыя дыялектныя назвы: спаве́яч (Мат. Гом.), спаві́вач (ТС), спавіва́льнік (Шатал.), спаві́ч (Жыв. сл.); апошняе таксама ‘палатно, якім пакрывала кума дзіця ў час хрышчэння’ (нараўл., Арх. ГУ). Да спавіць, спавіваць (ТСБМ, Ласт., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Касп.) < па‑віць. Тая ж семантыка ў рус. сповива́льник чэш. povijan і г. д.

Сту́сіна, стусі́на ‘прут, дубец; гібкае пугаўё’, перан. ‘пра высокага тонкага чалавека’ (ТСБМ, Ласт., Касп.), ‘гібкае дрэўца для пугі’ (Пятк. 1, Арх. Федар.; гродз., Нар. сл.), ‘чалавек высокага росту’ (ушац., там жа), сту́сінка ‘чаранок, палачка’, сты́сіна ‘доўгая тонкая галіна’ (Сцяшк. Сл.). З польск. stosina, дыял. stysina, stusina (stósina) ‘тс’, што да ням. Stoß ‘удар’, гл. Глінка, Бел.-польск. ізал., 28; магчыма пасрэдніцтва мовы ідыш (спалучэнне ст‑ замест шт‑).

Сумятня́ ’бязладная беганіна, мітусня, клопаты’ (ТСБМ), сумя́ціца ’тс’ (Некр. і Байк., Ласт.), ’суматоха’, ’завіруха’ (Нас.). Укр. сумʼяття́, рус. сумя́тица ’тс’. Вытворныя ад кораня ‑мят‑, які ў рус. мяту́, мясти́ ’прыводзіць у замяшанне’, стараж.-рус., ст.-слав. мѧтѫ, мѧсти, чэш. matu, másti ’блытаць; бянтэжыць’ і г. д., аб якім гл. Фасмер, 3, 32. Борысь (Prefiks., 111) лічыць магчымым узнавіць зыходнае усх.-слав. (прасл. дыял.?) sǫmętь < sъmęsti, ‑mętǫ.

Сута́на ’верхняе адзенне каталіцкага святара’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Цых.). З польск. sutan(n)a ’тс’, запазычанага ў канцы XV ст. з італ. sotanna ’спадніца, ніжняе адзенне’ ад sotto ’пад’, магчыма, праз франц. soutane ’раса’, першапачаткова ’доўгае адзенне з вузкімі рукавамі’, на якое зверху апраналі іншае (Брукнер, 527; Длугаш-Курчабова, 477). Ст.-бел. сутана ’тс’ (1686 г.) з польск. sutana ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 183).

Су́тарыца ’мітусня, бязладная бегатня’, су́тарыцца ’мітусіцца’, су́тарны ’мітуслівы’ (Ласт.). Параўн. укр. су́торатися, рус. су́ториться ’спрачацца’, польск. posątorzyć się ’паспрачацца’. Борысь (Etymologie, 582) адносіць сюды ж серб.-харв. sútor ’першы вечаровы змрок’ і рэканструюе прасл. *sǫtorъ (*sǫtora), вытворнае ад *ter‑ (гл. церці) з прыйменнай прыст. *sǫ‑, якой адпавядае прыдзеяслоўная прыст. *sъ‑ з першасным значэннем ’узаемнае трэнне, сутыкненне, спрэчка’, параўн. суты́ра (гл.). Гл. папярэдняе слова, таксама Фасмер, 3, 811.

Су́тка, суто́к ’сасок, цыцка’ (Ласт.). Параўн. польск. sutka, sutek ’тс’, sutki ’грудзі’, якія Брукнер (527) параўноўвае з балг. су́ча ’ссаць’, лат. sukt ’тс’, ад кораня *su‑, прадстаўленага ў ст.-інд. sunoti ’выціскае’. Борысь (588) не выключае магчымай сувязі з і.-е. *seu̯‑/*su‑ ’сок, выціскаць сок, хлябтаць, ссаць, высмоктваць’, аднак не бачыць працягу ў славянскім матэрыяле. Адзінкавая фіксацыя прымушае меркаваць пра магчымае запазычанне з польскай.

Сэнс ’унутраны лагічны змест, значэнне’, ’разумная аснова, прызначэнне, мэта’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Шат., Касп., Гарэц.), ’розум, толк, лад’ (Нас.): людзі кажуць сэнс (Сержп.). Праз польск. sens з лац. sēnsus ’сэнс’, sentiō ’адчуваю’ (Кюнэ, Poln., 96 з літ-рай). Ст.-бел. сенсъ з 1592 г. са ст.-польск. sens (Булыка, Лекс. запазыч., 132). Аб рус. сенс < польск. sens гл. Фасмер, 3, 601.

Сівагра́к ‘тое, што і сіваваронка’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Гарэц., Дэмб. 1, Меер Крыч., ТС), сівігра́к ‘тс’ (Бяльк.), сівагра́ка ‘тс’ (маг., ЛА, 1). Укр., рус. сивогра́к ‘тс’. Да сівы і грак, гл. (Праабражэнскі, 2, 283; Фасмер, 3, 616); паводле Ніканчука (БЛ, 9, 59), першая частка складанага слова характарызуе колер апярэння, а другая — вынік збліжэння анаматапеічнага кораня з грак (гл.), параўн. сівадрака, сівакрака (гл.).