Сне́жань ‘дванаццаты месяц каляндарнага года’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.). Толькі беларускае; часткова (у каранёвай частцы) яму адпавядае рус. дыял. сне́жа ‘люты’. Утворана па традыцыйнай народнай мадэлі назваў месяцаў замест студзень раней ‘дванаццаты месяц’, цяпер ‘першы’. Магчыма, ад снежны ‘багаты снегам’ ці снежыць ‘ісці (пра снег)’ з суф. ‑ань, гл. снег. Спецыяльна гл. Шаўр, Этимология–1971, 98, 100.
Со́пкі ‘разварысты, рассыпісты’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Барад., Жыв. сл.), ‘даўкі (пра сыпкую, сухую ежу)’ (Ласт.), ‘несакавіты (пра ягады)’, ‘мяккі (пра снег)’ (Сл. ПЗБ). Укр. палес. со́пкий ‘тс’; усе да *съпъкъ; іншая ступень чаргавання кораня ў сыпаць (гл.). Параўн. стараж.-рус. съпъ ‘насып, узгорак, гара’, сопка, а таксама рассыпісты ‘сыпкі, разварысты’; гл. ЕСУМ, 5, 355.
Спружы́на ‘пругкая металічная палоска або спіраль’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Бяльк.), спрунжы́на ‘тс’ (Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), спрунджы́на ‘тс’ (Бяльк.), спранджы́на ‘тс’ (Варл.). З польск. sprężyna ‘тс’; параўн. укр. спружи́на ‘тс’; у іншых славянскіх мовах без s‑. Шульман (Полымя, 1926, 8, 211) мяркуе пра пасрэдніцтва мовы ідыш праз форму Sprusschine ‘тс’, што цяжка давесці. Гл. пружына.
Стрымбу́ль ‘цыбур’ (Сцяшк. Сл.; шчуч., З нар. сл.), ‘кветаноснае сцябло’, ‘сцябло’, ‘стрыжань пяра’ (шчуч., ваўк., дзятл., ігн., Сл. ПЗБ), стры́мбуль ‘худы, высокі, нязграбны чалавек’ (Федар. 4); сюды ж стрымбу́лік ‘кветка “таўкачы”’ (Сцяшк. Сл.), стрымбе́льнік ‘баркун, Melilotus officinalis (L.)’ (Ласт.). Паводле Сл. ПЗБ (4, 607), з літ. strim̃bas ‘тс’, параўн. таксама літ. stramblỹs ‘сцябло’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 73, 132).
Суб’е́кт ’дзейная асоба; асоба або арганізацыя з акрэсленымі правамі і абавязкамі; дзейнік’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’кожная асоба або рэч, пра якія гаворыцца’ (Ласт.). Ст.-бел. субъектумъ ’суб’ект’ (1722 г.) — непасрэднае запазычанне з лац. subjectum (Булыка, Запазыч., 311). Сучасныя формы, хутчэй за ўсё, запазычаны праз польск. subiekt або рус. субъект (з польск., гл. Віткоўскі, Słownik, 181).
Суко́л ’кручаны дубец, якім звязваюць два калы ў плоце’ (полац., Нар. лекс.), ’зварот, закрут’ (Ласт.), ’месца, дзе плот пад кутом ламаецца на тры колікі’: на сукол плоту (ушац., Нар. медыцына, 176), суко́лы ’парныя калы’ (Касп.; в.-дзв., Нар. сл.), ’два перавітыя віткай калкі ў плоце’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Ад сукаць ’скручваць’, гл. сукал, збліжанае да кол, гл.
Сумне́ў ’сумненне’ (Ласт., Янк. 3.; Беларусіка, 19, 230; PC, 1999, 2, 83), сумні́ў ’сумненне, нерашучасць’ (Сцяшк. Сл.; PC, 1999, 2, 83). Аддзеяслоўны назоўнік з нулявым канчаткам ад сумнявацца, гл. Формы з ‑і‑, а таксама сумніўны лічацца ўкраінізмамі (Станкевіч, Язык, 597), аднак гэтаму пярэчыць лінгвагеаграфія, гл. Пацюпа (там жа, 1151); магчыма, пад уплывам сумліў, сумліўны, гл. сумлеў.
Сумы́сля ’з намерам, знарок, наўмысна’ (ТСБМ, Бяльк.; барыс., Сл. ПЗБ; Касп., Варл., Ян.), сумы́слі, су́мыслу, сумы́слу ’тс’ (Нас.), сюды ж сумы́сна ’тс’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц.), ’з добрым намерам’ (Нас.). Гл. наўмысля; параўн. асучасненую форму зумы́сля (zumúśla) ’з намерам, свядома’ (Варл.). Шуба (Прыслоўе, 112) мяркуе пра дэфармацыю суфікса-канчатка ў сумы́сля (сумысле) замест сумысла (сумыслу). Гл. мысліць, гл.
Сы́рнік 1 ’ежа з тварагу, падобная з выгляду на аладку’ (ТСБМ, Касп., Нік. Очерки), ’блін з тварагом’ (Ласт., Вешт.), рус. сы́рник ’тс’. Да сырны < сыр, гл.
Сы́рнік 2 ’клінковы мяшочак, клінок (для прыгатавання сыру)’ (Сл. ПЗБ, Жд. 2, Сцяшк., Ян., Мат. Гом., Скарбы, Шатал.). Да сырны < сыр, гл.
Сы́рнік 3 ’садавіна’ (Барад.). Да сыры́ ў спецыфічным значэнні ’зялёны, няспелы’.
Сяля́к ’жыхар сяла’ (Ласт.). Параўн. ст.-польск. siodłak ’селянін’, рэдкае sedłak ’тс’, в.-луж., н.-луж. sedłak ’тс’, чэш. sedlák ’тс’, славац. sedliak ’тс’. Вытворныя ад прасл. *sedlo (гл. сяло), якія ў асобных славянскіх мовах выцеснілі першасныя формы, што ўзыходзяць да *sedlʼaninъ (гл. селянін), параўн. Трубачоў, Этимология–1980, 14. З іншай суфіксацыяй экспр. селю́к ’мужык, вясковец’ (Растарг.).