Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лафа́, лахва́ ’выгода’, ’шанцаванне’ (ТСБМ), астрав., паст., лях., чэрв. ’раскоша, удача’, шальч. ’хвальба’ (Сл. паўн.-зах.), ’добры’ (нясв., Жд. 2), ’карысць, лёгка набываемы прыбытак, спажыва’ (Нас., Шат.; паўд.-усх., КЭС). Укр. лафа́, лахва́, рус. лафа́, ст.-рус. алафа, олафа, ст.-польск. lafa, серб.-харв. лафа. З тур. alafa, alef (< араб. elef) ’плата султана на ўтрыманне паслоў, слуг і коней’ (Міклашыч, 159; Бернекер, 1, 683; Фасмер, 2, 467; Слаўскі, 4, 25).

Паме́р ’велічыня чаго-н. у адным або некалькіх вымярэннях; ступень, развіцця, велічыня, маштаб якой-н. з’явы, здарэння і г. д.’ (ТСБМ), ’плата натурай за памол’ (ТС, Мат. Гом.), паме́ра ’вымярэнне зямлі’ (Нас., Гарэц.). Укр. помі́р ’вымярэнне зямлі’, польск. pomiar ’вымярэнне, абмер, прамер’, чэш. poměr ’адносіны’, славац. pomer ’адносіны; сувязь’, серб.-харв. pómer ’зрушэнне, ссоўванне’. Аддзеяслоўны дэрыват ад памерыць < мерыць (гл.). З прычыны розніцы ў семантыцы, відаць, самастойныя ўтварэнні ў розных славянскіх мовах.

Працэ́нт ’сотая доля ліку’, ’даход за кожныя сто рублёў капіталу’, ’плата за пазыку’ (ТСБМ), про́цэнт ’тс’ (Нас.), працэ́нты ’надзел сенакосу ў разлік за працу ў калгасе’ (Сцяшк. Сл.). Як сведчыць націск, праз рус. проце́нт з ням. Prozent, якое, у сваю чаргу, з італ. per cento, якое потым набыла лацінізіраваную форму pro cento ’за сто’ (аб рус. слове гл. Фасмер, 3, 386, з літ-рай). Форма про́цэнт у Насовіча з польск. procent ’працэнт’, хаця параўн. рус. пар. про́цент ’працэнт’. Пра гісторыю слова ў беларускай мове гл. Дода, Тэрм. бюлетэнь, 1, 42–45.

Газе́та. Рус. газе́та, укр. газе́та, польск. gazeta і г. д. Запазычанне з зах.-еўрап. моў. Першакрыніцай слова з’яўляецца іт. gazzetta ’тс’ (гэта назва ўтворана ад gazzetta ’дробная манета’: «плата за чытанне зводу навін, газета»). Рус. газета запазычана з франц. мовы (Шанскі 1, Г, 9). Бел. газета запазычанне з рус. мовы. Але бел. дыял. газэ́та (Шат., Бяльк., Сцяшк., Касп., Яруш., Мядзв.) узята непасрэдна з польск. мовы (таксама Слаўскі, 1, 264; ён лічыць, што паланізмам з’яўляецца і ўкр. газе́та). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 382. Іншыя этымалогіі, што прапанаваліся рознымі даследчыкамі, гл. у Шанскага (там жа).

Ві́на1 ’пікі (у картах)’ (БРС, Нас.), ві́ны (Шат., Нас.), ві́ні (Касп.). Укр. ви́но ’пікавая масць’, рус. ви́ни ’тс’. Запазычана з польск. wino ’масць пікі ў картах’; назва паходзіць ад wino ’вінаград’, які быў намаляваны на картах (Насовіч, 58; Шанскі, 1, В, 100).

Ві́на2 ’пасаг’ (маг., Бр.), укр. віно, рус. ленінгр. вина́ ’выкуп за маладую’, рус. ве́но ’пасаг’, ст.-рус. вѣно, польск. wiano, в.-луж. wěno, чэш. věno, славац. veno ’тс’. Дыялектны варыянт з ‑і‑ ўзнік, відаць, пад уплывам украінскай мовы, гэта не зусім дакладны запіс вузкага ‑ê‑. Параўн. таксама ўсх.-польск. wino ’пасаг’. Да ве́на (гл.).

Віна́1 ’нядобры ўчынак, правіннасць’ (БРС, КТС). Укр. вина́ ’віна, абвінавачванне’, рус. вина́ ’віна, пачатак, крыніца, падстава’; ’правіннасць, учынак, грэх’, пск. ’правіннасць, абавязак’, ст.-рус. вина ’вина, правіннасць, грэх, абвінавачванне’ (XII ст.); ’асуджэнне, пакаранне’ (з XVII ст.), польск. wina ’віна, правіннасць, грэх’, н.-луж. wina, в.-луж. wina, чэш. vina, славац. vina ’тс’, макед. вина ’віна, злачынства’, балг. вина ’віна’, ст.-слав. вина. Прасл. vina < і.-е. *u̯ei‑n‑a, роднаснае ад літ. vaina ’памылка’, лат. vaĩna ’віна, недахоп’, vainȃt ’вініць, абвінавачваць, ганіць’, ’прычыняць шкоду’. Іншыя і.-е. мовы маюць фармант ‑t‑, які далучаецца да асновы *u̯ei‑, напр., лац. vitium. Гл. Праабражэнскі, 1, 84; Брукнер, 625; Фасмер, 1, 316; Шанскі, 1, В, 99; КЭСРЯ, 81; Скок, 3, 594; БЭР, 1, 148; Голуб-Копечны, 416; Махэк₂, 690.

Віна2 ’прычына’ (Кар., КТС), рус. вина́ ’пачатак, прычына, крыніца, зачэпка’, ст.-рус. вина ’прычына, падстава’, польск. wina, н.-луж., в.-луж. wina ’тс’, чэш., славац. vina ’прычына чаго-небудзь дрэннага, благога’, ст.-слав. вина ’прычына’. Відавочна, гэта семантычны перанос ад віна1 (гл.). Карскі (Труды, 204) лічыць лексему віна ’прычына’ паланізмам.

Віна3плата суддзю і інш. чыноўнікам’ (Гарб.), укр. вина ’суровая пошліна’, ст.-рус. вина ’асуджэнне, пакаранне, кара’; ’грыўня’; ’плата за шкоду’; ’пошліна’, польск. wina ’грыўня, грашовая плата за правіннасць’, лат. vaĩna ’вінаватасць’. Да віна́1 (гл.). Лексема гэта, відаць, у бел. мову перайшла са ст.-рус. мовы (юрыдычнай тэрміналогіі).

Жаўне́р ’польскі салдат’ (ТСБМ), ’салдат’ (БРС). Рус. жолнер ’польскі салдат’, укр. жовнір ’тс’, ’салдат’. З польск. żołnierz, ст.-польск. żołdnierz < ням. Söldner. Паводле Клячкоўскага (Зб. Развадоўскаму, II, 331) і Шцібера (Świat jęz. Sł., 295), ст.-польск. з ням. праз чэш. пасрэдніцтва да XIV ст. У ст.-бел. фіксуецца яшчэ з канца XV ст. жолнеръ з шэрагам вытворных (Булыка, Запазыч., 114–115), ст.-польск. żołdnierz зафіксавана ў першай палавіне XVI ст. (Рэчак). Ням. Soldплата прафесіянальнага салдата’, с.-ням. solt ’тс’ < ст.-франц. solt ’залатая манета, аплата салдата’ < познелац. sol(i)dus (nummus) ’шчырая манета’. С.-в.-ням. soldenx̄re, soldenier ’наёмны салдат’ утворана на гэтай аснове (Дудэн).

Па́ства ’пасьба’ (ТСБМ, Грыг.; Нік. Очерки; рас., докш., Сл. ПЗБ), ’выпас кароў’, ’плата пастуху’ (Мат. Гом.), ’паша’ (в.-дзв., Шатал.). Укр. па́ства ’пасьба’, рус. пск., цвяр., паства́ ’пара года, калі можна пасвіць скаціну’, ст.-рус. паства ’чарада’, ’паша’, польск., ст.-польск. pastwa ’паша, корм’, ’пасьба’, н.-, в.-луж. pastwa ’выган, луг’, чэш. pastva ’пасьба скаціны’, славац. pastva ’тс’, ’паша’, славен. pȃstva ’выган’, серб.-харв. устар. паства, макед. паства, балг. паство. Прасл. pastva, утворанае ад дзеяслова pasti > па́сці (гл.) пры дапамозе суфікса ‑tva (Брукнер, 398), як modlitva. Сюды ж па́ства ’парафіяне, веруючыя якой-н. царквы’ (ТСБМ), якое праз ц.-слав. са ст.-слав. паства ’тс’.

По́пыт ’патрабаванне на рабочую сілу, тавар, патрэба’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.), укр. по́пит ’запатрабаванне (тавару, асобы), патрэба; папулярнасць’, польск. popyt ’запатрабаванне (тавару, асобы), патрэба, папулярнасць’. Насуперак Банькоўскаму (2, 702), які лічыць польск. popyt калькай ням. Nachfrage ’тс’, можа разглядацца як самастойнае славянскае аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- і семантыкай выніковасці дзеяння ад пытацца (гл.), як і шэраг падобных утварэнняў, параўн. пабо́р, пада́так, паку́пка, рус. побо́р, поку́пка, по́дать, польск. pobór, podatek, ст.-польск. pokup, popłat, podaz, чэш. poptávka, славац. poplatokплата, збор’, славен. poprašanje ’запрос, пытанне, апытванне’, poplača ’заробак’, popúst ’зніжка’, якім адпавядаюць рознапрыставачныя, у тым ліку беспрыставачныя формы з ням. мовы: Kauf ’пакупка’, Lohn ’заробак’, Befrage ’запрос’, Unterlass ’зніжка’ і інш. У першасным значэнні попыт, імаверна, азначала ’запытанне, распытванне пра належнасць тавару’.

Нуда́1 ’нячыстасць на целе і на галаве; бядота, голад; сум, нудота’ (Нас.), ’нудота, сум; моташнасць’ (Бяльк., Гарэц., Шат., Сл. ПЗБ), ’маркота; бядота’ (Касп.), ’сум, гора; галеча’ (Яруш.), ’маркота, сум, хандра’ (Мал.), ’маркота; вошы’ (Пятк. 2), ’хвароба раслін’ (Сцяшк.), ’галеча, нястача’ (Нік. Очерки), ’моташнасць’ (ТС), ну́джа ’моташнасць; сум, маркота’ (Клім.), ’нудны чалавек’ (ТС), укр. нуда́ ’маркота, сум; моташнасць’, рус. нуда́ ’прымус; надаедлівасць; сум, маркота; спёка; насякомыя (камары, машкара і інш.); кароста, нячыстасць на целе; цяжкае становішча, турбота, голад’, польск. nuda ’маркота; нудота; сум; вошы; нудны чалавек’, славен. nȗdo, nüda ’заробак, плата’, серб.-харв. кайк. nuda ’тс’. Вытворнае ад *nuditi (гл. нудзіць), насуперак Фасмеру (3, 88: нудить ад нуда), як хада ад хадзіць і пад.

Нуда́2 ’так, але’ (карэл., Нар. лекс.). Відаць, запазычана з рус. прастамоўн. ну да́ ’тс’ < ну (гл.) і да ’так’.

Плат1 ’намітка, галаўны ўбор у беларускіх жанчын накшталт рушніка’ (Малч.), ’хустка’ (пруж., Хрэст. дыял.; Касп.; пруж., Сл. ПЗБ; жлоб., Мат. Гом.; дзятл., Сцяшк. Сл.), ’тоўстая хустка, якою накрываюцца паверх верхняй вопраткі’ (кобр., ДАБМ, камент., 945), плато́к ’хустачка’ (Некр.), ’хустка’ (в.-дзв., даўг., Сл. ПЗБ), пла́цік ’палатно, якое ужываецца шапаваламі: намочаны плацік рассцілаюць на стале і на ім раскладваюць слой воўны’ (Дэмб. 2), плату́шка ’хустка, у якую ўвязвалі ежу ў поле’ (паст., Сл. ПЗБ), плато́чак ’пялёнка’ (брагін., Мат. Гом.). Укр. палес. плат ’3–4 м тонкага белага палатна, якім абвіваюць галаву маладой на вяселлі’, зах.-валын. ’пакрывала для нябожчыка’, ’кавалак грубага палатна, у які загортвалі насенне лёну ў час выціскання з яго алею’, бойк. плат, пла́тка ’хустка’, плата́ти ’латаць’; рус. плат ’вялікая хустка’, ’рушнік’, ’абрус’, ’тканіна, павешаная на крыж’, плата́ть ’латаць’, запла́тка ’лапік’; польск. płat ’кавалак палатна, сукна, анучы; ануча, хустка, палотнішча, лата, лахман’; з XV ст. таксама ’кавалак скуры’, płatak ’стракаты конь’; в.-луж., н.-луж. płat ’палатно, тканіна’, płataś ’латаць’, балг. плат ’тканіна, матэрыял’, ст.-слав. плать ’тс’. Прасл. *platъ ’кавалак палатна як грашовая адзінка, тканіна’, якое адносяць да гнязда дзеяслова plesti, pletǫ (Варбат, Этимология–1970, 62–63), і.-е. *plōt‑o‑s ’прымітыўная тканіна, пляцёнка-мата’ (Банькоўскі, 2, 619) < *plet‑, роднаснымі ім можна лічыць літ. platùs ’шырокі’, лат. plats, ст.-грэч. πλατύς ’тс’. Пазней у прасл. *platъ з’явілася значэнне ’кавалак скуры’ (гл. пла́та2). Буга (Rinkt., 2, 516) для прасл. *platъ выводзіць і.-е. *plā‑to, даючы, такім чынам, магчымасць растлумачыць бел. дыял. платва < польск. płatwa ’бэлька’, płatewka ’аскепак, адколатае дрэва’, płatać ’расшчапляць’, укр. бойк. плата́ти ’адколваць’. З *platъ ’палатно як грашовая адзінка’ ўтварыўся дзеяслоў *platiti > плаці́ць (гл.), а са значэннем ’латка’ — дзеяслоў *platati ’латаць’ (Гаўлава, Etym. Brun., 39).

Плат2 ’плацеж’ (Нас.), рус. маск. платплата’. Да плат1 (гл.).