Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

*Прыту́жна, прыту́жно ’пільна, старанна, шчыра, уважліва’ (лельч., Нар. лекс.; ТС), прыту́жны ’заўзяты’ (ТС); сюды ж, відаць, прыту́жны ’моцны (мароз)’ (стол., ЛА, 2). Відаць, вытворнае ад прытужаць ’ціснуць, гнясці’ (Ласт.), гл. наступнае слова.

Прысука́цца ’прымацавацца, далучыцца шляхам сукання’ (Нас., ТСБМ), ’размясціцца вельмі блізка; прывязацца, прычапіцца, прыдрацца’ (Нас., Жд., ТСБМ; пух., Сл. ПЗБ; ТС), прысучы́цца ’прывязацца’ (Ласт.), прысу́чыцца ’тс’ (ТС), прысучы́цца ’пасватацца’ (брасл., Сл. ПЗБ). Гл. сукаць.

Прыво́лле ’шырокае адкрытае месца; прастора’; перан. ’адсутнасць абмежаванняў; свабода, воля’ (ТСБМ), прыво́лье ’прыволле’ (ТС). Суфіксальныя ўтварэнні ад прым. прыво́льны, які ад во́ля; параўн. рус. приво́лье, укр. приві́лля ’прыволле, раздолле’. Сюды ж прыволіца ’тс’ (Ласт.).

Прыну́ка́ць, ’прымушаць, патрабаваць’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр., ТСБМ), пріну́кыць ’тс’ (Бяльк.). Сюды ж вытворныя назоўнікі прыну́ка ’прымус, прымушэнне’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. БП), пріну́ка ’тс’ (Бяльк.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад ну́ка́ць (у ЭСБМ адсутнічае), параўн. панука́ць (гл.), якое, верагодна, праз ну́ка́ць, адносяць да ўзмацняльнай часціцы ну (гл.). Больш абгрунтаванай падаецца версія аб праславянскім характары адносін *nukati (sę) і *nu (ЭССЯ, 26, 30–32; 43–44). Прэфіксальныя ўтварэнні ўсходне-славянскага характару, параўн. рус. зах. принука́ть ’прымушаць’, укр. прину́кувати ’прымушаць, вымушаць’. Польск. przynukać, przynuka, верагодна, усходнеславянскія запазычанні (Брукнер, 352).

Пры́парамак, пры́паромок, пріпоро́мок ’прыстань, прычал для парома; паром, зроблены, як лодка’ (Ласт.; карэліц., петрык., З нар. сл.; Маслен., ТС). Рус. припаро́мок ’невялікі паром на дзвюх лодках’; ’прыстань для парома’. Конфікснае пры‑ + ‑ак утварэнне ад паром (гл.).

Прыём ’прыстанішча, прыстанак’ (Ян.), таксама прыймо́ ’прыём’ (Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб.). Сюды ж вытворнае прыёмыш ’прыёмны сын або прыёмная дачка’ (ТСБМ) і яго дэрывацыйны варыянт пры́мыш ’прыёмыш; прымак’ (Нас.). Бяссуфікснае ад прыйма́ць/прым́аць (гл.).

Прыся́га ’афіцыйнае ўрачыстае абяцанне захаваць вернасць, выканаць абавязкі; словы такога абяцання’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Сл. ПЗБ), пріся́га ’тс’ (Бяльк.), прысяга́ць, прысега́ць, прысягну́ць, прысягну́цца ’даць прысягу; паклясціся’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), прісягну́ць ’тс’ (Бяльк.), прысяга́ць ’абяцаць’ (Ян.), прысягацца ’бажыцца’ (Ласт.), прыся́жны ’які прыняў прысягу, прысягнуў каму-небудзь’; ’пастаянны, заўсёдны’ (Ласт., ТСБМ, Бяльк.), прыся́глы ’тс’ (Нас.), ст.-бел. присяга: про слово присяги божей (Альтбаўэр). Укр. при́сяга ’клятва, прысяга’, присяга́ти(ся), рус. прися́га дыял. ’бажба’; присягать, польск. przysięga, przysięgać, в.-луж. přisaha, přisahać, н.-луж. pśysega, pśysegaś, чэш. přísaha, přísahati, славац. prísaha, prísahať, серб.-харв. при́сега, присе́ћу се ’даваць клятву, прысягнуць’, славен. prisȇga ’прысяга’, priségati ’прысягаць’, ц.-слав. присѧга, присѧшти ’тс’. Параўн. рус.-ц.-слав. досѧшти, досѧчи ’дакрануцца’. Прасл. *prisęga — аддзеяслоўны дэрыват з нулявым афіксам і тэматычным ‑a ад *prisęgti < прасл. *sęgti, *sęgati ’дакранацца’ (гл. Фасмер, 3, 367): у час прысягі чалавек дакранаўся да нейкага прадмета, якім ён кляўся, напрыклад, да зямлі, крыжа, мяча (гл. Махэк₂, 535; Банькоўскі, 2, 948); першаснае значэнне ’выцягнуўшы руку, дакрануцца’ (Бязлай, 3, 122; Сной₂, 578), гл. сяга́ць. Прыся́глы з польск. przysięgły ’прысяжны’. Паводле Кохмана і Шнігера (ZNGd, 12, 95–104), присяга, присягати замянілі крестное цѣлование, цѣловати крестъ у старабеларускай пад польскім уплывам, што з улікам шырокай вядомасці названых слоў цяжка давесці.

Прыймя́ ’прыназоўнік’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.). Позняе прыставачна-бяссуфікснае ўтварэнне ад імя́ (гл.). Параўн. такога ж кшталту лінгвістычны тэрмін займя́ ’займеннік’. Не выключаны ўплыў польск. przyimek ’займеннік’, які, паводле Банькоўскага (2, 935), з’яўляецца “скарочаным наватворам” *przyimionek.

Прыту́ліца ’жаўтазель фарбавальны, Genista tinctoria L.’ (Ласт., Кіс.). Магчыма, адаптаванае польск. przytulia ’павіліца, Galium aparine’, якое ад przytulić się па ўласцівасці расліны прыхіляцца, чапляцца, прытуляцца да чаго-небудзь (Махэк, Jména, 219). На жаўтазель назва была перанесена з-за той жа ўласцівасці.

Прыхі́льны ’схільны да чаго-небудзь; добразычлівы; спагадлівы’ (Байк. і Некр., Ласт., ТСБМ; астрав., Сл. ПЗБ), ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі’ (воран., ЛА, 3). Укр. прихи́льний ’тс’. З польск. przychylny ’тс’, або самастойнае ўтварэнне ад прыхілі́ць < хілі́ць (гл.).