Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Та́ктыка ’майстэрства падрыхтоўкі і вядзення бою, змагання; лінія паводзін’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), такты́чны ’звязаны з правядзеннем бою, барацьбы’ (ТСБМ). Праз польск. taktyka, taktyczny з ням. Taktik або франц. tactique з тым жа значэннем з лац. tactica (ars), грэч. τακτικός, ‑η (τέχνη)/τάξις ’строй, лад’ (Фасмер, 4, 13).

Таўпо́рыць ’мясіць, запіхваць’ (Юрч. Вытв.), таўпо́рыцца ’мітусіцца, вазіцца з чым-небудзь’ (Нас., Стан.); сюды ж таўпо́ра ’неакуратная, неахайная асоба’ (Юрч. Вытв.), таўпо́ранне ’важданне з чым-небудзь, мітусня’ (Нас.), ’штурханне ў цеснаце’ (Юрч. Вытв.), таўпа́рня ’валтузня, цісканіна, таўкатня, катавасія’ (Ласт.). Экспрэсіўнае ўтварэнне ад таўпіць (гл.), аналагічнае да таўморыць, гл.

То́кар ’рабочы, спецыяліст па апрацоўцы металу, дрэва і пад. шляхам абточвання’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Некр. і Байк., Арх. Вяр., Вруб.), такар ’тс’ (Стан.), ст.-бел. токар ’токар’ (1557 г., КГС). Укр. то́кар ’тс’, рус. то́карь ’тс’, польск. tokarz ’тс’, звязана з тачыць ’абточваць’ (Брукнер, 573; Фасмер, 4, 70).

Тро́пат ‘конская рысь з падскокваннем’ (ТСБМ), троп, тро́пат ‘трапятанне, хваляванне’ (Некр. і Байк., Ласт.). Параўн. укр. тро́піт ‘грукат, тупат, рысь’, серб. тро̏пот ‘шум, трэск, грукат’, балг. тро́пот ‘тупат’, макед. тропот ‘грукат, стук’. Відаць, самастойнае суфіксальнае ўтварэнне ў асобных славянскіх мовах са значэннем інтэнсіўнасці дзеяння ад дзеяслова тропаць, гл.

Турку́с ‘непразрысты каштоўны камень, біруза’ (Ласт.), ст.-бел. туркусъ, туркосъ ‘тс’ (1541 г.), туркусовый ‘блакітны, бірузовы’ (ГСБМ). Запазычана са ст.-польск. turkus ‘тс’, якое з ням. Türkis ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 142); апошняе з франц. субстантываванага turquoise ад turguois ‘турэцкі’, г. зн. ‘турэцкі каштоўны камень’ (Duden. Etymologie, 872).

Тыра́да ‘доўгая шматслоўная фраза’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘месца, узятае цалкам з другога твору’ (Ласт.). Запазычана літаратурным шляхам праз рус. тира́да або польск. tyrada, якія з франц. tirade < італ. tirata ‘працягванне, цягненне’ з народнага лац. tirare ‘цягнуць’ (ЕСУМ, 5, 571; Фасмер, 4, 60; SWO, 1980, 786; Арол, 4, 72).

Тып ‘узор, мадэль’, ‘сукупнасць якіх-небудзь характэрных рыс, якасцей’, ‘знешні выгляд’, ‘чалавек з адмоўнымі рысамі, да якога ставяцца пагардліва’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.), ‘мастацкі вобраз’ (пач. XX ст., Прабл. бел. тэрм.), ‘постаць’ (Ласт.), ст.-бел. типъ ‘друкаваны шрыфт’ (1653 г., ГСБМ). Запазычанне (праз польскую мову) з заходнееўрапейскіх моў, параўн. франц. type ‘ўзор’, ‘від, тып’, разм. ‘арыгінал, дзівак’, ‘тып, суб’ект’, ням. Typ ‘тып, узор’, ‘форма’, ‘вобраз’, англ. type ‘тып, род, клас; тыповы прадстаўнік’, ‘сімвал, вобраз’, якія з позналац. typus ‘адлюстраванне, вобраз’, а апошняе ўзыходзіць да ст.-грэч. τύπος ‘удар’, ‘пісяг (ад удару), след’, ‘адбітак, адлюстраванне, абрыс’, ‘узор, прыклад (у Новым Запавеце)’ < τύπτω ‘б’ю’, роднаснае ст.-інд. tōpati ‘штурхае’, лат. staũpe ‘сляды конскіх капытоў’, што ўзыходзяць да індаеўрапейскага кораня *(s)teu‑ ‘біць, штурхаць’ (Фасмер, 4, 60; Брукнер, 589; Голуб-Копечны, 399; Голуб-Ліер, 495; Даза, 733–4; ЕСУМ, 5, 570; Арол, 4, 72). Сюды ж тыпо́вы ‘адпаведны ўзору’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.) < польск. typowy ‘тс’, тыпі́чны ‘тс’ (Ласт., ТСБМ) < рус. типичный ‘тс’; экспр. ты́пус ‘непрыемная асоба’ (ТСБМ), аформленае на ўзор лацінізма з суф. ‑ус, які характарызуе асоб па негатыўнай прыкмеце (Сцяцко, Афікс, наз., 70), параўн. бы́кус, гл.

Све́дчыць (сьве́дчыць) ‘пацвярджаць правільнасць, сапраўднасць чаго-небудзь у якасці відавочцы, сведкі, дасведчанай асобы’ (ТСБМ, Ласт., Касп.), параўн. ст.-бел. досвѣдчати ‘тс’. Укр. сві́дчити, польск. świadczyć, в.-луж. swědčić, н.-луж. svědcyś, чэш. svědčit, славац. svedčiť, серб.-харв. svjedòčiti, славен. svedóčiti. Дыял. прасл. *svědčiti, дэрыват ад *svědъkъ ‘сведка’. Параўн. таксама светка (гл.).

Сухандэ́ль ’надта худы, хударлявы’ (Сл. ПЗБ). Да сухі ’худы’, утвораны пры дапамозе экспрэсіўнага словаўтваральнага комплексу ан‑д‑эль, параўн. уласнае імя Сухан (Бірыла, антр., 2), суханя́вы ’сухі і высокі’ (Ласт.), suxanʼʒá ’тс’ (беласт., Саевіч, Derywacja, 357), suxalʼ ’тс’ (там жа, 382), пра варыянтнасць ‑аль/‑эль гл. Сцяцко, Афікс. наз., 38.

Суча́сны ’адпаведны свайму часу; цяперашні’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Стан.). Параўн. укр. суча́сний, рус. совреме́нный, чэш. současný, славац. súčasný, славен. sodoben, серб.-харв. савремен, балг. съвре́мен, макед. современ ’тс’. Еўрапейская калька на базе лац. synchronus або грэч. σύγχρονος (Фасмер, 3, 706; ESSJ SG, 1, 241), гл. су- і час.