Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сціх1 ’супакой, цішыня’ (Барад., Юрч. Вытв.), ’спакой, канец’ (Сцяц. Сл.), стіх ’кароткі адрэзак часу’; у значэнні прысл. стіха́мі ’часамі’: стіхамі мніе голова боліт (беласт., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стих, стиг ’міг’, ’хвілінка, момант’, стих ’урок’ (Шымк. Сл.), рус. стих ’дзіўны стан, блазенства, нечаканы ўчынак’ у выразе стих нашёл, славац. stih ’вольны час, вольная хвіліна’. Няясна з-за разнастайнасці значэнняў. Хутчэй за ўсё, дэвербатыў ад сціхаць (гл.), падобна да міг ад мігаць; развіццё значэння ад ’раптоўная ціша’ да ’нечаканасць’ і ’момант’. У ЕСУМ (5, 414) дапускаюць сувязь з укр. сти́гнути (гл. засцігнуць); вывядзенне слова Зубатым (Studie, 163) з балцкіх моў лічыцца менш верагодным. Праабражэнскі (2, 387) выводзіць рускі выраз са стих ’палоска пры пляценні, радок лыка пры пляценні лапцей’, што, на думку Вінаградава (Этимология–1968, 167), сумніўна; не менш сумніўнай бачыцца і яго прапанова звязаць з грэч. στίχος ’радок у вершы’ (гл. сціх2) праз стадыю ’замова’. Сюды ж, відаць, і сціш ’цішыня’ (Ласт.).

Сціх2 ’верш’ (Сл. ПЗБ), сцішо́к ’вершык’ (Бяльк.). Запазычана з рус. стих, стішо́к ’тс’.

Сцерагчы́ ’берагчы, пільнаваць, вартаваць’, ’уважліва сачыць’, ’падпільноўваць’, ’засцерагаць’ (ТСБМ, Ласт., Федар. 4, Сержп. Прымхі), сьцярэ́жч, сьцярэ́ч ’тс’ (Бяльк., Мат. Маг.), сцерэгці́ ’тс’ (ТС), сцяро́гць (стярогть) ’тс’ (Шн. 2); сюды ж сцеражо́ны ’асцярожны’ (Нас., Варл.), сцеражны́ ’тс’ (мядз., Сл. ПЗБ), ст.-бел. стеречи ’сцерагчы’ (Карскі 2–3, 277; Альтбаўэр). Укр. стеречи́, рус. стере́чь, стараж.-рус. стеречи, польск. strzeć ’сачыць, захоўваць’, в.-луж. wostregajuczy (wostrjegajucy) ’вартуючы’, ст.-чэш. střieci, чэш. stříci, славен. strẹ́čі ’сцерагчы, вартаваць’, ст.-слав. стрѣгѫ, стрѣшти ’сцерагчы, сачыць, назіраць’. Прасл. *stergti, *stergǫ тлумачылі як кантамінацыю дзвюх асноў, якія прадстаўлены ў грэч. στέργω ’люблю’ і ст.-літ. sérgmi ’сцерагу’, літ. sérgiu, sérgiti ’тс’, sárgas ’стораж’, лат. sar̂gât ’вартаваць’; гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 716; Младэнаў, 611; Фасмер, 3, 757. Іншыя (Траўтман, 257; Міклашыч, 293; Махэк₂, 587; Сольмсен, AfslPh, 24, 577) набліжаюць славянскае слова толькі да балцкіх слоў, што праблематычна ў фанетычных адносінах; гл. Бязлай, 3, 325–326. Борысь (583) узводзіць да і.-е. *sterg‑ ’клапаціцца аб кім-небудзь, даглядаць, сачыць’; Бязлай (там жа) — да і.-е. *ster‑g ’быць цвёрдым, непахісным’ > ’непахісна сачыць, узвышацца’ > ’чакаць, назіраць, засцерагаць’; агляд іншых версій гл. Фасмер, 3, 757; Шустар-Шэўц, 1363–1364; ЕСУМ, 5, 410–411. Адносна захавання г перад суфіксамі інфінітыва гл. Карскі, 1, 373.

Сцяба́ць і сцёбаць ’біць чым-небудзь гнуткім; хвастаць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Растарг., Чач., Шат., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), сцяба́ць ’вастрыць мянташкай касу’ (Варл., Гіл.), ’шыць шырокімі шыўкамі’ (Варл.), сцёбаць жыта ’малаціць акалотам’ (лаг., Стан.), сцёб ’хлоп! (удар бізуном)’ (Нас., Байк. і Некр.), сцёб, сцёбка ’пакаранне розгамі’ (Нас.), сцебену́ць ’сцебануць’ (ТС), сцяба́чка ’вострая каса’ (Сцяшк.), ’самаробны брусок вастрыць касу’ (Касп.; докш., Янк. Мат.; мядз., Сл. ПЗБ). Укр. сті́бати ’шыць, прашываць’, стьоба́ти ’сцябаць, біць, хвастаць’, рус. стеба́ть ’шыць, прашываць’, ’аплятаць’, ’упісваць, есці’, ’біць, хвастаць’, стёбка ’прут’, польск. ściebać ’нізаць’. Пэўнай этымалогіі няма. Зубаты (у Фасмера, 3, 750), Праабражэнскі (2, 377–378) меркавалі аб роднасці з рус. стебель ’сцябло’. Паводле Зяленіна (у Фасмера, там жа), слова паходзіць са стега́ть ’прашываць; біць, хвастаць’; ‑б‑ з’явілася пад уплывам стебель. Супраць гэтых версій Ільінскі (ИОРЯС, 23, 7, 176 і наст.), які набліжаў да ням. Steppen ’прашываць’, Stift ’стрыжань’ і лац. stipo, ‑āre ’сціскаць, звальваць разам’, што не адпавядае ‑e‑ ў корані слова. Параўноўвалі таксама з літ. stem̃bti ’мацнець’, stabýti ’спыняць’, ст.-інд. stabnā́ti ’падпірае, затрымлівае’, авест. stəmbana‑ ’апора’ (Уленбек, 343). На думку Груненталя (ИОРЯС, 18, 4, 136), значэнні ’шыць, прашываць’ і ’біць; хвастаць’ маглі развіцца з ’калоць’. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў (Этимология–1984, 192), які прыводзіць дакладна адпаведнае славянскаму слову лат. stibát ’сцябаць, хвастаць’. Гл. ЕСУМ, 5, 418.

Сце́рва ’падла’, ’лаянкавае слова’ (Нас.), ’труп здохлай жывёлы’ (Ласт.), ’лаянкавае слова на жанчыну’ (Маш., Пятк. 2), стэ́рва (stérwa) ’тс’ (Федар. 4), сце́рва ’подлы чалавек’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сце́рво ’падла’ (ТС, ПСл). Укр. сте́рво, рус. сте́рва ’падла; лаянкавае слова’, ст.-рус. стьрва, стьрвь ’труп’, польск. ścierw, ścierwo ’падла’, каш. sciř, в.-луж., н.-луж. śćerb ’тс’, серб.-харв. стр̑в ’тс’, балг. стръв ’падла; прынада, мяса на прынаду’, макед. стрв ’жарсць, корць, азвярэнне’. Прасл. *stŕ̥vь, *stŕ̥vi ’падла; труп жывёліны, які гніе’ < і.-е. (s)ter‑ ’нячыстая вадкасць, гной; гніць’ з суф. *‑vь < *u̯‑ī‑; гл. Борысь, 612–613; параўноўваецца з лат. *stḕrdêt ’сохнуць, гнісці’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1063), нарв. дыял. stor ’гніенне, тленне’, лац. stercus ’гной, памёт’, ст.-пярс. strav‑ ’апаганьваць сябе’; гл. Фасмер, 3, 756–757 з іншай літ-рай. Паводле іншай версіі, слова роднаснае рус. сте́рбнуть ’рабіцца жорсткім, дранцвець’, с.-в.-ням. sterben ’паміраць’, грэч. στερεός ’нерухомы’; гл. Патабня, РФВ, 4, 212; Праабражэнскі, 2, 383. Гл. яшчэ SEK, 4, 254–255; Шустар-Шэўц, 1273; Глухак, 591; ЕСУМ, 5, 410. Спробы, грунтуючыся на серб.-харв. дыял. стр̑в ’смецце’, параўн. таксама стр́вим ’раскідаць, рассыпаць, разарваць на часткі’, звязаць з *terti, гл. церці (Пятлёва, Этимология–1994–1996, 57–64), або, абапіраючыся на балтыйскія адпаведнікі, вярнуцца да сувязі з *sterti, гл. сцерці, ці рус. стербнуть (Тапароў, Зб. Варбат, 394–396), не пераконваюць.

Сцябло́ ’надземная частка травяністай расліны’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт., Касп., Арх. Вяр., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’жэрдка, вакол якой кладуць стог’ (свісл., Шатал.), ’шасток каля печы для вешання адзежы’ (Чач.), ’журавель’ (беласт., Сл. ПЗБ; маст., дзятл., ДАБМ, камент., 810), ’рыбалоўная прылада’ (Ян.), сцебло́ ’ствол расліны, дрэва’, ’ручка веніка’ (ТС), сця́бла ’выдаўбаны з дрэва жолаб для складвання сетак’ (Браім, Рыбалоўства), сцябе́ль ’сцябло’ (Бяльк., Сцяшк.), сце́бель ’ручка ў вясле’ (ТС), стэбло́ ’дышаль у плуга’ (Тарн.), стэбэлі́на ’сцябло’ (бяроз., Шатал.). Укр. сте́бель, стебло́ ’сцябло’, стябло́ ’драўляны коўш’, ’дошка для складвання сетак’, ’сплеценая з чароту талерка’, рус. сте́бель, стебло́ ’дзяржанне; сцябло, ствол’, стараж.-рус. стьбло, стьбль, польск. ździeblo, źdźblo, в.-луж. stwjelco, н.-луж. spłо, дыял. zbło, палаб. ståblü, чэш., славац. stéblo, серб.-харв. ста́бло, ста̀бљика ’сцябло’, славен. stebə́l, stéblọ ’сцябло; ствол’, балг. стебло́, стъбло́ ’тс’, макед. стебло ’тс’. Прасл. *stьblo, *stьblь роднаснае літ. stìbis “membrum virile”, лат. stiba ’палка, галінка’, ст.-інд. stíbhis ’пучок, звязка’; з іншай ступенню вакалізма: літ. stiebas ’стоўб, ствол, сцябло’, stibýna ’з доўгімі нагамі’, лац. tībia ’галёнка’ (без s‑mobile), грэч. στιφός ’моцны’ да і.-е. базы *steb(h)‑, *stib(h)‑; гл. Траўтман, 287; Мее, 419; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1064; Буга, РФВ, 75, 148; Шустар-Шэўц, 1372–1373; Скок, 3, 323; ЕСУМ, 5, 404–405; Фасмер, 3, 750. Бязлай (3, 314) разглядае слова як субстантываваны прым. ад незасведчанага дзеяслова *stьbe/o‑ = лат. stibi, stíebu ’адурманіць, ап’яніць’, і, далей, літ. stỹbti ’стаць, вырасці ў вышыню’. Гл. яшчэ Борысь, 748–749.

Сцяг1 ’палотнішча на дрэўку як дзяржаўная або вайсковая эмблема’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Ласт.). Укр. стяг ’тс’, рус. стяг ’тс’, дыял. паўн. ’жардзіна’, стараж.-рус. (XI ст.) стѧгъ ’баявы сцяг’. Усх.-слав. ⁺стѧгъ лічыцца запазычаннем са ст.-сканд. stǫng ’дрэўка, шост’, ст.-швед. stang ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 790 з аглядам літ-ры). Паводле іншай версіі, слова спрадвечнаславянскае і звязана з серб.-харв. сти̏јег ’сцяг’, ст.-серб. стегь ’тс’, балг. дыял. стяг ’вясельны сцяг’, што да прасл. *stěgъ, якія параўноўваюцца са сцежар, стажар (гл.) і роднаснымі. Меркаванні пра ўзвядзенне да прасл. *stęgъ (Ягич, AfslPh, 5, 665; Младэнаў, 616) непрымальныя па фанетычных прычынах. Гл. Фасмер, там жа; Кіпарскі, Gemeinslav., 160; Скок, 3, 334; ЕСУМ, 5, 460.

Сцяг2 ’азярод, прыстасаванне для прасушкі збожжа ў снапах’ (барыс., Жд. 2; барыс., Шатал.): ширѣй, вышей сцяги ў поли (барыс., Шн.), sciehi, sciahi ’тс’ (барыс., Маш.). Вузкалакальны тэрмін, паводле знешняга падабенства (робіцца з жэрдак і слупоў), відаць, да папярэдняга, гл.

Сцяг3 ’туша забітай жывёліны’ (Нас., Байк. і Некр.), ст.-бел. стяг ’мера колькасці мяса’ (Ст.-бел. лексікон). Рус. паўн. стяг ’туша каровы або вала’, стяг свежины ’туша без скуры і без галавы’, стараж.-рус. стѧгъ ’тс’. Выводзіцца з съ‑ і *tęgnǫti ’цягнуць’; гл. Сабалеўскі, ИОРЯС, 30, 442; Фасмер, 3, 790–791; параўн. яшчэ версію Борыся аб польск. ścięgno (гл. сцягно).

Сцяг4, ’рад будынкаў, што прымыкаюць адзін да аднаго’ (Варл.), ’рад, чарада, паласа, шарэнга’ (полац., Нар. лекс.; Сл. ПЗБ), ’шмат, цуг’ (Барад.), ’абшар, плошча, пляц’ (віл., Сл. ПЗБ; полац., Нар. лекс.), адны́м сця́гам ’адзін за адным’ (клец., Бел. дыял.), сцяж ’абшар’ (Бяльк.), ’рад’ (Сл. ПЗБ), у сцяж ’у адзін рад’ (драг., Нар. сл.), сцяг гаравы ’горны хрыбет’ (Стан.), сюды ж стаг ’рад будынкаў, якія знаходзяцца пад адной страхой’ (беласт., Сл. ПЗБ) са стратай мяккасці ‑т‑. Да цягнуцца, гл.

Сцягно́1 ’частка нагі ад клуба да калена’, ’бядровая частка тушы, кумпяк’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Растарг., Сцяшк., Сержп. Прымхі, ЛА, 3), сцягно́, сцягня́к ’тс’ (Сл. ПЗБ), сцягно́ ’мускул, мускульная частка рукі, нагі або жывата’ (Ласт.), ’мышца, мускул’ (брасл., Стан.), сцегно́, сцёгно́ ’нага вышэй калена разам з клубам’ (ТС), сцягня́к ’тс’ (Варл.), сцягні́к, сцягня́к ’тс’ (Мат. Гом.), стёгно ’шынка’ (лун., Шатал.), сцёгна ’шынкі лапаткі’ (Пятк. 1), стыгно́ ’бядро’ (Клім.), стыгня́к ’кумпяк’ (Сл. Брэс.), сцягно́, стʼогно́, стэгно́, сцʼегно́ ’свіная нага і кумпяк з яе’ (Вешт., ЛА, 4, Сл. Брэс.). Укр. стегно́ ’верхняя частка нагі’, рус. стегно́ ’бядро, ляжка’, старое польск. ścigno ’кумпяк’, ścięgno ’сухажылле’, в.-луж. sćehno, н.-луж. sćogno ’ляжка, кумпяк (у жывёл)’, чэш., славац. stehno, серб.-харв. сте́гно, славен. stégno ’сцягно’, ст.-слав. стегно, стьгно ’бядро’. Прасл. *stegno; першапачаткова, магчыма, *stьgno, на якое паўплываў дзеяслоў *stęgnǫti (Глухак, 583), гл. сцягнуць. Далей сувязі няпэўныя. Мікала (Ursl. gram., 2, 163) звязвае *stegno з лац. tīgnum ’брус; будаўнічы лес’, якое ўзнаўляецца як *tegnom і набліжаецца да стажар і роднасных, што прымаюць Фасмер (3, 751) і Шустар-Шэўц (2, 1271). Параўноўваюць з літ. steigara ’член, сустаў’, арм. ťekn ’плячо, верхняя частка рукі’, ст.-ірл. tóeb, tóib ’старана’, вал., карнуэлск., брэтонск. tu ’тс’, што Бязлай (3, 315) лічыць больш удалым семантычна, але недасканалым фанетычна. Гл. яшчэ Фасмер, там жа з аглядам літ-ры; Махэк₂, 576; ЕСУМ, 5, 405; Борысь (613) польск. ścięgno лічыць дэрыватам ад ściągać < ciągać ’цягаць’, якое было ўтворана па ўзору прасл. *stegno ’сухажылле’, параўн. балг. сте́гнат ’моцны, пругкі (пра мускулы)’ < сте́гна ’сцягнуць’.

*Сцягно́2, сцегно́, сцёгно́ ’верхняя або ніжняя палачка ў ніце’ (ТС), стегно́, стэгни́ца ’палавіна нічанкі, верхні або ніжні рад яе петляў’ (Уладз.), сюды ж, відаць, і ст.-бел. стьгнѣ мѣдне (“іх было толькі два”, XVI ст., Карскі 2–3, 334) з нявысветленым значэннем. Параўн. укр. дыял. стегно́ ’развора’ (Нікан., Трансп.), сте́гна ’бакавыя дошчачкі церніцы’. Да сцягнуць, відавочна, па функцыі (’што трымае ў расцягнутым або сцягнутым стане’).

Сцягно́3 ’старадаўняя страва, прыгатаваная з мукі і канаплянага малака’: u posnyja dni varyła sabie ściahnó (Варл.). Відаць, з дзягно ’ежа з канапель’ (гл.) з няяснай дэфармацыяй пачатку слова.

Сцяна́1 ’вертыкальная частка будынка’, ’высокая агароджа з камення’, ’стромкая бакавая паверхня’ (ТСБМ, Касп., Ласт., Бяльк., Сцяшк., Ян.), ’рад чаго-небудзь, што стаіць на прамой лініі’ (Нас.), ’абрывісты бераг’ (ветк., Яшк.), сцена́ ’сцяна будынка’ (ТС), стена́ ’тс’ (Шушк.), стина́ ’сцяна, мур’ (пруж., Горбач, Зах.-пол. гов.), сце́нка памянш. да сцяна́ (ТСБМ, Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), ’сценка, грань’ (Байк. і Некр.), сце́нька ’сценка будынка’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. стѣна: стѣны домовъ наших (Альтбаўэр). Укр. стіна́, рус. стена́, ст.-рус. стѣна, польск. ściana, в.-луж., н.-луж. sćěna, чэш. stěna, славац. stena ’сцяна’, серб.-харв. стијѐна ’скала, камень’, славен. sténa ’сцяна’, ’скала’, балг. стена́ ’сцяна; каменная агароджа’, макед. стена ’сцяна’, ст.-слав. стѣна ’сцяна; вал’. Прасл. *stěna ’сцяна’, роднаснае гоц. stains ’камень’, ст.-ісл. steinn; далей параўноўваюць з грэч. στία, σττον ’крэмень’, ст.-інд. styā́yatē ’цвярдзее’ (гл. Мее, 446; Міклашыч, 323; Траўтман, 281; Фасмер, 3, 754; Махэк₂, 576–577). Мартынаў (Этимология–1968, 18) мяркуе, што слова паходзіць з першаснага спалучэння *stěna zьdь ’каменная сцяна, мур’, аналагічна да англ. stone wall, тады прыметнік меў бы форму *stěnъ (?) ’каменны’. Усё да і.-е. *stei̯‑/*sti‑ ’станавіцца цвёрдым, цвярдзець’; першаснае значэнне ’нешта зацвярдзелае’, адкуль ’плеценая (з прутоў) сцяна, пакрытая, аблепленая глінай (якая зацвярдзела пасля высушвання)’ (Борысь, 612). Шустар-Шэўц (2, 1276) германскія значэнні лічыць другаснымі; *stěna, на яго думку, з’яўляецца дэвербатывам ад асновы, якая захавалася ў літ. stìngti ’цвярдзець’, лат. stiñgt ’зрабіцца цвёрдым, кампактным’. Запазычанне славянскага слова з германскіх лічыцца неверагодным; параўн. Фасмер, там жа, з літ-рай; Бязлай, 3, 316. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў (Из истории, 232–238), які рэканструюе прасл. *steg‑s‑na ад і.-е. *steg‑/stog‑ ’пакрываць’ (сцяна пакрывала зямлянку), што малаверагодна па семантычных прычынах.

Сцяна́2 ’мяжа ў выглядзе дарогі, якая раздзяляе розныя палі’ (Нас.), ’лінія, мяжа’ (Шпіл.), ’канцавая забытая дарога’ (Сцяшк.), ст.-бел. стена ’мяжа, граніца’ (Ст.-бел. лексікон), остенити, застенити ’абмежаваць’ (Вопр. лит. яз., 143). Лічыцца калькай літ. síena ’сцяна’, ’мяжа, рубеж’, параўн. Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 66; Барысава, Бел.-рус. ізал., 9. Гл. таксама сценка1.

Сцяна́3 ’частка асновы пры тканні’ (Нік. Очерки; ашм., Стан.), ’мера асновы, палатна, даўжынёй на хатнюю сцяну’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Шатал., Цых.; ашм., смарг., Нар. скарбы; Жд. 1). Да сцяна1, гл. таксама сценка2.