Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Скака́ць ‘падскокваць’, ‘танцаваць’, ‘хутка бегчы’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Шымк. Собр., Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ТС), параўн. укр. скака́ти, рус. скака́ть, польск. skakać, чэш. skákati, славац. skákať, серб.-харв. ска́кати, ска̑че̑м, славен. skákati, балг. ска́кам, макед. скака, ст.-слав. скакати. Прасл. *skakati. Ітэратыў да скочыць < скок (гл.); Фасмер, 3, 630; Махэк₂, 547; БЕР, 6, 716; Борысь, 550.

Со́нечнік ‘расліна Helianthus annuus L.’ (Байк. і Некр., Ласт., ТС, Ян.), со́ўнечнік, со́ўнешнік ‘сланечнік’ (Шатал., Жыв. св.), со́ўнях (лельч., Жыв. сл.), сон, со́нечнік, со́нца, со́ўнешнік ‘тс’ (Мат. Гом.), сон ‘круг ад сланечніку’ (браг., З нар. сл.). Да сонца, калька запазычанага сланечнік (гл.). Не выключаны і ўкраінскі ўплыў, параўн. укр. со́няшник, со́нях. Форма сон утворана ў выніку рэдукцыі. Сюды ж cо́нкі ‘семачкі’ (Мат. Гом.).

Станаўні́к ‘талакнянка’ (Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі), станаўнік бабскі ‘грушанка зеленаватая, Pyrola virescens Schweig.’ (брэсц., Кіс.), станоўнік бабскі ‘рамішыя аднабочная, Ramichia opiz secunda (L.) Garcke’ (Ласт.; маг., Кіс.), стано́ўнік ‘крываўнік’ (ПСл), станаві́к ‘лекавая расліна’ (Скарбы). Параўн. укр. стано́вник, стоно́вник ‘расліна Pyrola L.’. Утвораны ад станавіць ‘ставіць; ставіць на месца’ < ставіць (гл.), параўн. як зрушан жывот, та пʼюць… станаўнік (Сержп. Прымхі, 226).

Ста́чыць ‘задавальняць’ (Ласт.), ‘быць дастатковым’ (ТС), ста́ча ‘дастатак’ (Сл. рэг. лекс.). Рус. зах., паўд. ста́чить ‘хапаць, быць дастатковым’, польск. starczyć (з XV ст.), ст.-польск. staczyć, чэш. stačit, славац. stačiť ‘тс’. Паўн.-прасл. *statъčiti ‘быць дастатковым’ утворана ад прасл. *statъkъ ‘статак’ (Брукнер, 514; Фасмер, 3, 749; Голуб-Копечны, 348; Борысь, 575).

Стачы́ць ‘сцэджваць, зліваць рэшткі’, сто́чваць ‘тс’ (Нас.). Гл. тачыць3 ‘ліць’.

Супо́лка ’аб’яднанне людзей, злучаных агульнымі мэтамі, умовамі, задачамі; арганізацыя, таварыства’ (ТСБМ, Ласт., Варл.), ’сумесная работа’ (Сцяшк.), ’група людзей за супольнай работай’ (ваўк., Сл. ПЗБ), су́палка ’тс’ (Гарэц.). У іншых славянскіх мовах з прыст. с‑/s‑: укр. спі́лка, польск. spółka, в.-луж. społk, чэш. spolek, славац. spolok. Борысь (570) выводзіць з прыслоўя społu, якое да прасл. *sъ polu ’з (сумесна) паловай’ (гл. палова, супольны).

Сы́равадка ’вадкая частка кіслага ці адтопленага малака’ (Нас., Шымк. Собр.), сы́раватка ’тс’ (Касп.; докш., Гіл.; Сл. ПЗБ), сыра́вадка ’тс’ (Растарг.), сы́рва́тка ’тс’ (Ласт., Сл. ПЗБ), сы́ўрадка ’тс’ (Юрч. Вытв.), сы́ўрытка ’тс’ (Бяльк.). Апошнія формы, паводле Дабрадомава (Бел.-рус. ізал., 41), блізкія да рэканструяванага булг. *surat > *śu͡arat > *śuvarat, якое адпавядае цюркскім назвам кіслага малака: кірг. джуурат, якуц. суорат і інш., што малаверагодна. Гл. сыроватка.

Спавіва́ч ‘доўгая вузкая палоска тканіны, якой спавіваюць маленькіх дзяцей’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ), спаві́віч ‘тс’ (Касп.); іншыя дыялектныя назвы: спаве́яч (Мат. Гом.), спаві́вач (ТС), спавіва́льнік (Шатал.), спаві́ч (Жыв. сл.); апошняе таксама ‘палатно, якім пакрывала кума дзіця ў час хрышчэння’ (нараўл., Арх. ГУ). Да спавіць, спавіваць (ТСБМ, Ласт., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Касп.) < па‑віць. Тая ж семантыка ў рус. сповива́льник чэш. povijan і г. д.

Сту́сіна, стусі́на ‘прут, дубец; гібкае пугаўё’, перан. ‘пра высокага тонкага чалавека’ (ТСБМ, Ласт., Касп.), ‘гібкае дрэўца для пугі’ (Пятк. 1, Арх. Федар.; гродз., Нар. сл.), ‘чалавек высокага росту’ (ушац., там жа), сту́сінка ‘чаранок, палачка’, сты́сіна ‘доўгая тонкая галіна’ (Сцяшк. Сл.). З польск. stosina, дыял. stysina, stusina (stósina) ‘тс’, што да ням. Stoß ‘удар’, гл. Глінка, Бел.-польск. ізал., 28; магчыма пасрэдніцтва мовы ідыш (спалучэнне ст‑ замест шт‑).

Сумятня́ ’бязладная беганіна, мітусня, клопаты’ (ТСБМ), сумя́ціца ’тс’ (Некр. і Байк., Ласт.), ’суматоха’, ’завіруха’ (Нас.). Укр. сумʼяття́, рус. сумя́тица ’тс’. Вытворныя ад кораня ‑мят‑, які ў рус. мяту́, мясти́ ’прыводзіць у замяшанне’, стараж.-рус., ст.-слав. мѧтѫ, мѧсти, чэш. matu, másti ’блытаць; бянтэжыць’ і г. д., аб якім гл. Фасмер, 3, 32. Борысь (Prefiks., 111) лічыць магчымым узнавіць зыходнае усх.-слав. (прасл. дыял.?) sǫmętь < sъmęsti, ‑mętǫ.

Сута́на ’верхняе адзенне каталіцкага святара’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Цых.). З польск. sutan(n)a ’тс’, запазычанага ў канцы XV ст. з італ. sotanna ’спадніца, ніжняе адзенне’ ад sotto ’пад’, магчыма, праз франц. soutane ’раса’, першапачаткова ’доўгае адзенне з вузкімі рукавамі’, на якое зверху апраналі іншае (Брукнер, 527; Длугаш-Курчабова, 477). Ст.-бел. сутана ’тс’ (1686 г.) з польск. sutana ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 183).