Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сяля́к ’жыхар сяла’ (Ласт.). Параўн. ст.-польск. siodłak ’селянін’, рэдкае sedłak ’тс’, в.-луж., н.-луж. sedłak ’тс’, чэш. sedlák ’тс’, славац. sedliak ’тс’. Вытворныя ад прасл. *sedlo (гл. сяло), якія ў асобных славянскіх мовах выцеснілі першасныя формы, што ўзыходзяць да *sedlʼaninъ (гл. селянін), параўн. Трубачоў, Этимология–1980, 14. З іншай суфіксацыяй экспр. селю́к ’мужык, вясковец’ (Растарг.).

Сянні́к ’адрына, пуня’ (ТСБМ), ’матрац, набіты сенам ці саломай’ (ТСБМ, Нас., Касп., Жд., 2; бых., Янк. Мат.), сяльні́к, сядні́к, сяні́к, сені́к, сеня́к ’тс’ (Сл. ПЗБ, Ласт.), сельні́к ’матрац; месца для сена’ (ТС). Параўн. укр. сінни́к ’пуня, матрац’, польск. siennik ’тс’, чэш. seník ’пуня’, славен. senik ’пуня; матрац’, макед. сенник ’тс’. Самастойныя ўтварэнні ад сянны́ < сена; гл. таксама сельнік.

Сёмга ‘прамысловая рыба сямейства ласасёвых’ (ТСБМ), звычайна ласо́сь (Ласт.; гл.). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 73), з рус. сёмга, якое вядома з 1526 г.; ст.-рус. семга (1625 г.). Не мае пэўнай этымалогіі; лічаць запазычаннем з фін. tonka, Р. скл. tongan ‘від дробнага ласося’ ці з лац. salmo ‘ласось’ або тур. semek ‘рыба’. Падрабязна гл. Фасмер (3, 598).

Сі́мвал ‘умоўнае абазначэнне, знак’ (ТСБМ), сы́мвал ‘тс’ (Ласт.), сымбо́ль ‘тс’ (Некр. і Байк., Стан.), ст.-бел. симболъ, симболъ ‘тс’. Крыніца запазычання грэч. σύμβολον ‘знак’, адкуль трапіла рознымі шляхамі: праз ц.-слав. символъ, параўн. серб.-ц.-слав. симъволъ ‘тс’, ст.-рус. символ (гл. Фасмер, 3, 623) або праз лац. symbolum, ст.-польск. symbol ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 192).

Свядо́мы ‘здольны думаць і разважаць, здольны рабіць асэнсаваны выбар’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Некр. і Байк., Касп.), све́дамы ‘які ведае справу, работу, навуку’ (Ласт.), ст.-бел. сведомый ‘навучаны, умелы; дасведчаны’ (Ст.-бел. лексікон), укр. свідо́мий ‘абазнаны, дасведчаны’, рус. дыял. све́домый ‘вядомы, знаёмы’, стараж.-рус. съвѣдомыи ‘вядомы, знаны, выпрабаваны’: куряне сведоми къмети (Слова пра паход Ігаравы), ст.-чэш. svědomý ‘свядомы, знаны’, польск. świadomy ‘тс’, в.-луж. svědomy ‘свядомы, абазнаны’. Утворана ад прасл. *sъvěděti ‘знаць’, што да *věděti ‘тс’ (гл. ведаць), дзеепрыметнік цяп. ч. *sъ‑vědomъ ‘які добра ўсведамляе’ (Сной у Бязлай, 3, 348). Формы з перагаласоўкай і націскам на другім складзе хутчэй за ўсё запазычаны з польскай мовы. Назоўнік сьве́дамʼе ‘яснае разуменне; усведамленне, прызнанне’ (Стан.) вядомы, паводле некаторых крыніц (гл. там жа), яшчэ ў старабеларускай, відаць, самастойна ўтвораны і не звязаны з польск. świadomie ‘сумленне’, якое лічыцца лексічным ці семантычным багемізмам (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 382).

Скок — дзеянне паводле дзеяслова скакаць (гл.) (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр.), дыял. таксама скік (гл.), скок, ско́кі ‘танцы’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Касп., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), таксама і скакі, гл. Укр. скок, скік, рус. скок, бранск. ‘скокі, танцы’, ст.-рус. скокъ ‘скакун’, польск., в.-луж., н.-луж. skok, чэш., славац. skok ‘скок’, серб.-харв. ско̑к ‘скок; вадапад’, славен. skòk ‘скок’, балг. скок ‘скок; вадапад’, макед. скок ‘скок’. Прасл. *skokъ, якое мае паралелі ў літ. šókti ‘скакаць; танцаваць’, лат. sâkt ‘пачынаць’, ст.-в.-ням. giscëhan ‘здарацца’ і інш.; гл. Фасмер, 3, 645 з літ-рай. Борысь (552) параўноўвае яшчэ з літ. kuokìnė ‘вячоркі са скокамі’ < kuokas (старое) ‘скок; скокі’, skúoc ‘гоп!’ і ўзводзіць да і.-е. *(s)kōk‑ ‘хутка рухацца ўгару’ ад і.-е. *kāk‑/ḱāk‑; гл. яшчэ БЕР (6, 766–767), дзе мяркуецца пра і.-е. корань *(s)kek‑. Гл. скочыць.

Сойм ‘сейм’ (Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб.), ‘збор, з’езд’ (Ласт.), со́йма ‘зборышча’: пʼяная сойма (слуц., А. Кулакоўскі), ст.-бел. соимъ, старое съемъ ‘сход прадстаўнікоў шляхты ў Рэчы Паспалітай’, ‘змова’ (?): почалъ с нѣмъци соимы чинити (Віленскі летапіс XV–XVI стст.), соймік ‘сход прадстаўнікоў шляхты ВКЛ’. Укр. сойм ‘сейм’, со́йма ‘натоўп’, рус. дыял. сойм ‘сялянскі сход’, сойма, суйм, суём ‘тс; натоўп; бойка’. З прыстаўкі *съ‑ і кораня *jьm‑ ад *jęti ‘браць’ (Фасмер, 3, 707). Аднак з улікам польск. sejm ‘сход’, ст.-польск. sjem ‘тс’, славен. sȅjem ‘рынак, кірмаш’, серб.-харв. sajȁm ‘тс’ магчыма рэканструяваць прасл. *sъjьmъ ‘сход, збор’, аддзеяслоўны назоўнік, паводле Ластоўскага, ад сыймацца ‘падыймацца’ (Ласт.), параўн. ст.-бел. съимуть на Вельи, вышеи Ковна двѣ мили (Летапіс Аўрамкі XV ст., гл. Карскі 2–3, 373). Інакш Сной (Бязлай, 3, 224), які выводзіць славенскае і сербскахарвацкае словы з *sъnьmъ ‘тс’. Гл. сейм.

Свал ‘узвышша, вузкая града, якая ўтвараецца пры аранні ў сярэдзіну, “у склад”’ (Дэмб., 2, 832). Рус. пахать в свал — звальваючы насустрач адна адной дзве сумежныя баразны, наўг. пахать на свал ‘разворваць барозны з бульбай праз адну’, укр. палес. свал ‘насыпны ўзгорак’. Да *сваліць ‘зваліць’, магчыма, русізм або графічна адаптаванае звал ‘навал; марэна’ (Ласт.). У адносінах да семантыкі параўн. склад3 (гл.).

Свядо́масць ‘успрыманне і разуменне чалавекам рэчаіснасці’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт.), ст.-бел. сведомость ‘майстэрства, умельства’ (Ст.-бел. лексікон). Запазычанне з польск. świadomość, аб чым сведчыць фанетыка кораня, што ўзыходзіць да ‑věd‑ (гл. ведаць). Аб польскім слове гл. Брукнер, 535; Борысь, 621. Інакш Крамко (Гіст. мовы, 2, 149), які лічыць слова неалагізмам пачатку XX ст., утвораным ад свядомы (гл.) з суф. ‑асць.

Святлі́ца ‘светлы чысты пакой у хаце, прызначаны звычайна для прыёму гасцей’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Стан., Сл. ПЗБ, Шат., Касп., Бяльк.; віц., Хрэст. дыял.), светлі́ца ‘светлая, прасторная хата’ (ТС). Укр. светли́ця, рус. светли́ца, польск. świetlica, чэш. světnice, ст.-чэш. svět(l)nice ‘тс’. Ад светлы (гл.), г. зн. ‘хата або пакой, дзе не было печы ў процілегласць “курной” хаце’; гл. Брукнер, 535; Махэк₂, 596.