ЗО́РНЫ ДОЖДЖ,
з’яўленне шматлікіх метэораў за кароткі прамежак часу. Адбываецца пры сустрэчы Зямлі з метэорным патокам.
т. 7, с. 113
ЗО́РНЫ ГАРАДО́К,
горад у Расіі, у Маскоўскай вобл. Засн. ў 1960. У З.г. знаходзіцца Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў.
т. 7, с. 113
ЗО́РНЫ ЧАС,
сістэма адліку часу, у якой працягласць сутак вызначаецца па кульмінацыях пункта вясенняга раўнадзенства ў месцы назірання (гл. Зорныя суткі). Роўны прамому ўзыходжанню (у гадзіннай меры) нябеснага свяціла ў момант яго верхняй кульмінацыі. Выкарыстоўваецца ў астраноміі.
т. 7, с. 113
АСТРА... (ад грэч. astron зорка),
першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае словам «зорка», «зорны», напрыклад, астраметрыя, астранавігацыя.
т. 2, с. 47
СІДЭРЫ́ЧНЫ ГОД [ад лац. sidus (sideris) нябеснае свяціла, зорка],
зорны год, прамежак часу паміж 2 паслядоўнымі вяртаннямі Сонца, пры яго бачным гадавым руху, у адно і тое ж (адносна зорак) месца нябеснай сферы. Роўны перыяду поўнага абарачэння Зямлі вакол Сонца (адносна зорак). Складае 365,25636 сярэдніх сонечных сутак.
т. 14, с. 371
СІДЭРЫ́ЧНЫ МЕ́СЯЦ, Зорны месяц,
прамежак часу паміж 2 паслядоўнымі вяртаннямі Месяца, пры яго бачным месячным руху, у адно і тое ж (адносна зорак) месца нябеснай сферы. Працягласць непастаянная, можа мяняцца на некалькі гадзін. Сярэдняе значэнне С.м. 27,321661 сярэдніх сонечных сутак. С.м. роўны перыяду поўнага абарачэння Месяца вакол Зямлі (адносна зорак).
т. 14, с. 371
МІНАТА́ЎР,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі пачвара-людаед з галавой быка і целам чалавека. Яго ўласнае імя — Астэрый («Зорны»). Народжаны жонкай крыцкага цара Мінаса (дачкой Геліяса) Пасіфаяй ад свяшчэннага быка бога Пасейдона або ад самога Пасейдона. Мінас пасяліў М. ў падземным лабірынце, куды яму прыносілі ў ахвяру (штогод або некалькі разоў на год) па сем юнакоў і дзяўчат з падуладных Мінасу Афін. Забіты героем Тэсеем.
т. 10, с. 379
«МИ́НСКИЙ МЕРИДИА́Н»,
штотыднёвая гарадская грамадска-інфарм. газета. Выходзіць з ліп. 1991 у Мінску на рус. мове. Асвятляе пытанні паліт., эканам. і культ. жыцця бел. сталіцы і Кастрычніцкага р-на г. Мінска. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «За словам — справа!», «На скрыжаванні», «Зорны праспект», «Культурная хроніка», «Маленькая краіна», «Урач дае параду» і інш. Пры рэдакцыі створаны клуб «Чарадзей і К°».
М.І.Барысенка.
т. 10, с. 455
МАТЭ́ВУШАЎ (Васіль Іванавіч) (19.3.1915, в. Княжыцы Магілёўскага р-на — 6.3.1974),
бел. паэт. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1937). Настаўнічаў, З 1948 працаваў у газ. «Магілёўская праўда», у 1971—74 сакратар Магілёўскага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1930 (некат. вершы падпісваў псеўд. Васіль Нёман). Аўтар зб-каў вершаў «Магілёўскі шоўк» (1957), «Зорны шлях» (1959), «Сярэбраная кладка» (1965), «Начны дождж» (1969), «Верасы» (1972), кніг нарысаў. У вершах апяваў хараство роднага краю, прыгажосць душы чалавека.
Тв.:
Крынічны луг. Мн., 1976.
т. 10, с. 210