ЗАРЫ́Н, ізапрапілавы эфір метыл фторфасфонавай кіслаты,
атрутнае рэчыва нервова-паралітычнага дзеяння. Вельмі таксічны. Асабліва хутка выклікае пашкоджанне арганізма пры інгаляцыі (міёз, цяжкасць дыхання). Лятальная таксічная доза (умоўна) 0,1 мг мін/л.
Вадкасць без колеру і паху, tкіп 151,5 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1094 кг/м³ (20 °C). Змешваецца ва ўсіх адносінах з вадой і арган. растваральнікамі. Гідралізуецца воднымі растворамі шчолачаў, аміяку і амінаў (рэакцыі выкарыстоўваюць для дэгазацыі З.).
т. 6, с. 540
ЗАМА́Н, пінакалінавы эфір метылфторфасфонавай кіслаты,
атрутнае рэчыва нервова-паралітычнага дзеяння. Сінтэзаваны ў Германіі (1944). Прыкладна ў 3 разы больш таксічны і стойкі, чым зарын. Выклікае міёз (звужэнне зрэнак вачэй). Лятальная таксічная доза (умоўна) пры дзеянні праз органы дыхання — 0,05 мг мін/л, праз скуру — 1,4 мг/кг.
З. — бясколерная вадкасць з пахам камфары, tкіп 190 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1013,1 кг/м³ (20 °C). Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра — у спіртах, складаных эфірах, кетонах і інш. Гідралізуецца воднымі растворамі шчолачаў, аміяку, амінаў (рэакцыі выкарыстоўваюць для дэгазацыі З.).
т. 6, с. 519
АТРУ́ТНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
таксічныя хімічныя злучэнні, прызначаныя для пашкоджання жывога арганізма; аснова хімічнай зброі. Пранікаючы ў арганізм праз дыхальныя шляхі, слізістыя абалонкі вачэй і насаглоткі, скуру і стрававальны тракт, парушаюць механізм дзеяння ферментных сістэм. Паводле характару дзеяння падзяляюцца на нервова-паралітычныя (зарын, заман, табун), агульнаатрутныя (сінільная кіслата, хлорцыян, арсін, фасфін), скуранарыўныя (іпрыт, азоцісты іпрыт, люізіт), удушальныя (хлор, фасген, дыфасген), слёзацечныя (лакрыматары) і раздражняльныя (адамсіт, хлорацэтафенон і інш.), псіхахімічныя (BZ — бізэт, B7 — бісем). Бываюць смяротныя і несмяротныя (часова выводзяць са строю); нястойкія, стойкія і ядавіта-дымныя. Выяўляюць і дэгазуюць атрутныя рэчывы спец. прыладамі і метадамі. Ахова ад атрутных рэчываў: процівагаз, рэспіратар, спец. ахоўная і звычайная прагумаваная вопратка, антыдотная тэрапія і спец. абсталяваныя сховішчы. Як хім. зброя атрутныя рэчывы забаронены Жэнеўскім пратаколам 1925.
т. 2, с. 78