РУБЦО́Ў (Мікалай Міхайлавіч) (3.1.1936, с. Емецк Халмагорскага р-на Архангельскай вобл., Расія — 19.1.1971),
рускі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1969). Быў матросам, рабочым. Друкаваўся з 1957. Першы зб. «Лірыка» (1965). У паэт. зб-ках «Зорка палёў» (1967), «Душа захоўвае» (1969), «Хвояў шум» (1970), «Зялёныя кветкі» (апубл. ў 1971) пачуццё любові і пяшчоты да «малой радзімы» (Валагодчына), апяванне рус. вёскі і прыроды, тэмы нац. памяці, дзяцінства, кахання. Паэзіі Р. ўласцівы пранікнёны лірызм, напеўныя інтанацыі, тонка распрацаваная вобразная структура, унутр. маштабнасць, гранічна простая стылістыка. На бел. мову яго вершы перакладалі В.Вітка, В.Зуёнак, П.Макарэвіч, Г.Пашкоў, У.Скарынкін і інш. Загінуў пры трагічных абставінах.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 2000;
Стихотворения. М., 1998;
Последняя осень;
Стихотворения. М., 1999;
Бел.пер. — Рускі агеньчык: Лірыка. Мн., 1986.
Літ.:
Кожинов В. Николай Рубцов. М., 1976;
Белков В.С. Неодинокая звезда;
(Заметки о поэзии Н.Рубцова). М., 1989;
Бараков В.Н. Лирика Николая Рубцова: (Опыт сравнительно-типол. анализа). Вологда, 1993;
Воспоминания о Николае Рубцове, 1936—1971. Т. 1—2. Вологда, 1994;
РУСА́К (Адам Герасімавіч) (24.5.1904, в. Пясочнае Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 21.3.1987),
бел.паэт.Засл. дз. культ. Беларусі (1964). Скончыў Бел.муз. тэхнікум (1930), Ленінградскую кансерваторыю (1934). Працаваў салістам аркестра Ленінградскага Малога опернага тэатра (1932—49), Бел. філармоніі (1949—59). Друкаваўся з 1927. Аўтар кніг паэзіі «На родных палетках» (1946), «Песні і вершы» (1951), «Песні» (1954), «Пад голас баяна» (1957), «Звонкія крыніцы» (1965), «Закрасуйся, Нёман» (1978), «Песні на словы А.Русака» (1980). У яго вершах услаўляюцца жыццё і праца свайго народа, яго гасціннасць і шчырасць, ім характэрны светлыя фарбы, мажорнае гучанне і лёгкі смутак, напеўнасць і прастата, гумар і вобразнасць, блізкія да фальклору. Песня на яго словы «Бывайце здаровы» (музыка У.Захарава і І.Любана) стала народнаю. Шырокую вядомасць і папулярнасць набылі інш. песні (каля 300) на тэксты вершаў Р.: «Толькі з табою» і «Не шукай» (муз. Любана), «Лясная песня» (муз. У.Алоўнікава), «Не за вочы чорныя» (муз. Ю.Семянякі), «Узнялося сонца яснае» (муз. Дз.Лукаса), «Дзе ты, зорка мая» (муз. І.Лучанка), «Сярожка» (муз. К.Паплаўскага), «Як той Зосі давялося» (муз. Г.Цітовіча), «Чырвоная вяргінечка» (муз. Н.Сакалоўскага), «Як правёў мяне Цімох» (муз. М.Ларкова) і інш. Для дзяцей выдаў зб-кі паэзіі «У Буслаўцы» (1967), «Добра ведаю ўрок» (1981), «Дружбакі» (1987).
Тв.:
Выбранае. Мн., 1972;
Толькі з табою. Мн., 1960. Засцілайце сталы. Мн., 1984.
Літ.:
Цішчанка І. Жыццё песні. Мн., 1984;
Бачыла А. Крыло неспакою. Мн., 1985;
Вайткевіч В. Выбіраць словы, як кветкі для букета // Мастацтва Беларусі. 1984. №6.