Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАДЫЁЗО́РКІ,

крыніцы касмічнага радыёвыпрамянення, звязаныя з зоркамі. Тыповая Р. — Сонца. Да Р. адносяцца пульсары, некаторыя ўспыхваючыя зоркі. Рэгіструюць радыёвыпрамяненне, якое ўзнікае, напр., пры ўспышках чырв. карлікаў і новых зорак, а таксама ў рэнтгенаўскіх і падвойных зорках.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 232

РАДЫЁСЕКСТА́НТ (ад радыё... + секстант),

прылада для дакладнага вызначэння напрамку на Сонца (зорку ці інш. пазаземны аб’ект) па іх радыёвыпрамяненні. Складаецца з востранакіраванай прыёмнай антэны, радыёпрыёмніка, платформы, якая служыць штучным гарызонтам і стабілізуецца ў прасторы гіраскопам, і аўтам. ўстройства (сістэмы сачэння), якое фіксуе вось антэны ў напрамку Сонца (зоркі). У параўнанні са звычайным (аптычным) секстантам Р. можа працаваць пры любых метэаралагічных умовах. Хібнасць вызначэння напрамку пры дапамозе Р. (адносна яго платформы) не перавышае 1. Выкарыстоўваецца ў паветр. і марской навігацыі.

т. 13, с. 235