РАДЫЁСЕКСТА́НТ (ад радыё... + секстант),
прылада для дакладнага вызначэння напрамку на Сонца (зорку ці інш. пазаземны аб’ект) па іх радыёвыпрамяненні. Складаецца з востранакіраванай прыёмнай антэны, радыёпрыёмніка, платформы, якая служыць штучным гарызонтам і стабілізуецца ў прасторы гіраскопам, і аўтам. ўстройства (сістэмы сачэння), якое фіксуе вось антэны ў напрамку Сонца (зоркі). У параўнанні са звычайным (аптычным) секстантам Р. можа працаваць пры любых метэаралагічных умовах. Хібнасць вызначэння напрамку пры дапамозе Р. (адносна яго платформы) не перавышае 1′. Выкарыстоўваецца ў паветр. і марской навігацыі.
т. 13, с. 235
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)