Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІ́РА (лац. Mira літар. дзіўная),

Омікрон Кіта, пераменная зорка экватарыяльнага сузор’я Кіта; першая зорка, у якой выяўлена пераменнасць бляску (1596). Граніцы змены бляску ад 10,1 да 2 зорнай велічыні, перыяд каля 331,5 сут. Звышгігант, у папярочніку ў 400 разоў большы за Сонца.

т. 10, с. 461

МІ́ЦАР, ζ Вялікай Мядзведзіцы; падвойная зорка. Кампаненты з зорнымі велічынямі 2,4 (Міцар) і 4,0 (Алькор) утвараюць фіз. пару з вуглавой адлегласцю 11,8. М. і Алькор (араб. конь і коннік) — самая вядомая і найб. даступная для назірання падвойная зорка. Абодва кампаненты, у сваю чаргу, — спектральна-падвойныя зоркі.

т. 10, с. 487

МІ́НСКІ ПРЫБОРАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1907 як лесапільны з-д. З 1921 механасталярны з-д «Дрэваапрацоўшчык», у 1939—40 радыёзавод. У Вял. Айч. вайну часткова разбураны, аднавіў працу ў 1944. Вырабляў прадметы першай неабходнасці, з 1946 выпускаў радыёпрыёмнікі. З 1960 пачаў серыйны выпуск тэлевізара «Нёман», з 1965 — «Зорка». У 1971 вытв-сць тэлевізараў перададзена Мінскаму радыёзаводу (гл. Мінскае прадпрыемства «Завод Гарызонт»), З 1971 галаўное прадпрыемства Мінскага вытв.-тэхн. прыборабуд. аб’яднання (дзярж. прадпрыемства «БЕЛВАР», гл. Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі), з 1997 адкрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (1999): электрарадыёвымяральныя прыборы, тэлекамунікацыйныя вырабы, дазіметры і мед. апараты, складаныя быт. электрапрыборы, электраінструменты, акумулятары.

т. 10, с. 449

МІТА́ (Аляксандр Навумавіч) (н. 28.3. 1933, Масква),

расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1974). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1961). Фільмам уласцівы дакладнасць і цэласнасць рэжысёрскай задумы, жанравая разнастайнасць, арганічнае спалучэнне розных, часам кантрастных стылістычных элементаў: «Без страху і папроку» (1963), «Звоняць, адчыніце дзверы» (1966, гал. прэмія Міжнар. фестывалю ў Венецыі), «Кропка, кропка, коска...» (1973), «Масква — любоў мая» (1974, сумесна з Японіяй), «Ззяй, ззяй, мая зорка» (1970), «Сказ пра тое, як цар Пётр арапа ажаніў» (1976), «Экіпаж» (1980), «Казка вандраванняў» (1983, сумесна з Чэхіяй і Румыніяй), «Запас трываласці», «Крок» (абодва 1988; сумесна з Японіяй), «Згублены ў Сібіры» (1991, сумесна з Вялікабрытаніяй) і інш.

т. 10, с. 475

МІНЕ́ЙКА (Уладзімір Андрэевіч) (н. 19.8.1925, г. Растоў-на-Доне, Расія),

бел. жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), у 1951—56 вучыўся ў В.​Волкава. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Змястоўнасцю вызначаюцца палотны «У школу» (1960), «На сваёй зямлі» (1967), «Трывожнае юнацтва» (1970), «Сейбіты» (1972), «Мая маці» (1974), «Ленінград. 1942» (1980), «На Палессі» (1981), «Мінск. 1946 год» (1984), «Зорка Венера», «Вяртанне» (абодва 1987), «Памяці брата. Блакада Ленінграда. 1942» (1994). Унутранай энергіяй пры вонкавай стрыманасці адметныя партрэты Ю.​Сушко, В.​Барысевіча (абодва 1973), Б.​Крэпака (1974), А.​Чарвякова (1980), Я.​Купалы (1985), «В.​Волкаў і яго вучні» (1992), серыя партрэтаў «Мастакі Беларусі» (1990—94). Аўтар лірычных пейзажаў «Вясна» (1960), «Фарбы восені» (1970), «Каля возера» (1983), і інш., серый «Васілевіцкая ДРЭС» (1960), «Радзіма Я.​Коласа» (1965), «Мая Міншчына» (1970), «Маё Палессе» (1973), «Пейзажы Беларусі» (1997), нацюрмортаў.

П.​В.​Масленікаў.

У.Мінейка. Мая маці. 1974.

т. 10, с. 381

МІКУ́ЛІЧ (Барыс Міхайлавіч) (19.8.1912, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 17.6.1954),

бел. пісьменнік. Вучыўся на літ. курсах у Маскве (1934—35). З 1929 працаваў у бабруйскай газ. «Камуніст», у 1930—36 — у Дзярж. выд-ве БССР і газ. «Літаратура і мастацтва». 26.11.1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Новасібірскай вобл. і Краснаярскім краі. З 1947 на Беларусі. Паўторна арыштаваны ў 1949 і высланы ў Краснаярскі край. Друкаваўся з 1927. Выдаў зб-кі апавяданняў «Удар» і «Чорная вірня» (1931), «Яхант» (1935), аповесці «Наша сонца» і «Ускраіна» (1932), «Дужасць» (1934), «Дружба» (1936). Вострасюжэтная, прасякнутая рамантыкай, пафасам тагачаснага будаўніцтва проза М. адлюстравала многае з таго, чым жыла краіна. Аўтар п’есы «Rot Front» (1933). У творах, напісаных у 1945—48, выявілася імкненне заглыбіцца ў мінулае бел. народа, асэнсаваць пройдзены ім шлях (1-я частка гіст. рамана «Адвечнае», у якім узнаўляюцца падзеі 1812 на Беларусі, апубл. 1972; аповесць «Жыццяпіс Вінцэся Шастака» і апавяданне «Зорка»), У 1946—48 напісаў дакумент. «Аповесць для сябе» ў жанры дзённіка (выд. 1987—88). Адзін з першых звярнуўся да паказу гераічнай дзейнасці падпольшчыкаў у час Вял. Айч. вайны (аповесць «Цяжкая гадзіна», апубл. 1959), пасляваен. адраджэння вёскі (аповесць «Зялёны луг», апубл. 1960). У аповесці «Развітанне» (апубл. 1959) расказаў пра апошнюю сустрэчу М.​Багдановіча з Беларуссю. На бел. мову пераклаў раман А.​Вясёлага «Краіна родная» (з Р.​Бахтам), аповесць У.​Лідзіна «Магіла невядомага салдата».

Тв.:

Выбранае. Мн., 1959;

Аповесць. Мн., 1985;

Палеская аповесць. Мн., 1991.

Літ.:

Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;

Грамадчанка Т. Барыс Мікуліч // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг. Мн., 1985;

Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986.

Т.​К.​Грамадчанка.

Б.М.Мікуліч.

т. 10, с. 365