Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАРЦІНКЯ́ВІЧУС ((Marcinkevičius) Іонас) (26.12.1900, г. Радвілішкіс, Літва — 31.7.1953),

літоўскі пісьменнік. Друкаваўся з 1925. Аўтар рэаліст. раманаў «Ён павінен памерці», «Беньямінас Кардушас» (абодва 1937), «Нёман разліўся» (1939), зб. апавяд. «Срэбныя званы» (1938) і інш. У 2-ю сусв. вайну пісаў патрыят. нарысы і апавяданні (зб-кі «Адпомшчу», 1942; «Зорка», 1943). У пасляваен. гады выступіў як драматург (п’есы «Кавалюнасы», паст. 1947; «Па шырокім бальшаку», «Сям’я Шылгалісаў», абедзве 1948).

Тв.:

Рус. пер. — Беньяминас Кордушас. Вильнюс, 1961.

А.​Лапінскене.

Ю.Марцінкявічус.

т. 10, с. 147

МАРО́З (Уладзімір Вікенцьевіч) (н. 11.6.1953, г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт, кінадраматург. Скончыў БПІ (1975), Літ. ін-т імя Горкага (1983). Працаваў у ін-це «Мінскпраект», з 1988 на кінастудыі «Летапіс» «Беларусьфільма». З 1998 у час. «Бярозка». Друкуецца з 1978. У зб-ках «Голас», «Рэй» (абодва 1993) лірычны роздум пра бел. шлях, любоў да роднага краю, тэма кахання. Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў пра гісторыю і культуру Беларусі «Кірыла Тураўскі» (1990), «Іван Насовіч» (1991), «Леў Сапега, канцлер», «Рэха збройнага чыну» (абодва 1992), «Браты Ермаловічы», «Успамін пра Міколу Равенскага» (абодва 1993, за апошні Дзярж. прэмія Беларусі 1994), «За брамай забытых мелодый», «Крыж ля дарогі» (абодва 1994), «Сымон Будны. Паэма» (1995), «Крэва» (1996), «Зорка Афанасія» (1997), «Згадкі страчанага раю» (1998) і інш. Адзін з укладальнікаў і аўтараў кн. «Памяць. Івацэвіцкі раён» (1997).

І.​У.​Саламевіч.

т. 10, с. 123

МАРУ́ХІН (Юрый Аляксандравіч) (н. 13.7.1938, в. Фёдараўка Сасноўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія),

бел. кінааператар, рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1974). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1962). З 1961 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Дэбютаваў у кіно навелай «Зорка на спражцы» (1963, з А.​Забалоцкім). Творчасці М. як аператара ўласціва імкненне да паэт. вобразнасці, увага да каларыстычнага і светлавога вырашэння кадра, майстэрства кампазіцыі, выразнасць партрэтных характарыстык. Найб. значныя фільмы: мастацкія — «Усходні калідор» (1967), «Чорнае сонца» (1971), «Магіла льва» (1972), «Хроніка ночы» (1973), «Пункт адліку», «Паводка» (абодва 1980), «Зацішша» (1982), «Сад» (1983), «Тры жанчыны і адзін мужчына» (1999); дакументальныя — «Салдаткі» (1974, сцэн., рэж.; аператар з А.​Сіманавым), «Суд памяці» (1976), «Адам і Марыля» (1988) і інш. Рэжысёр маст. фільмаў «Радаўніца» (1984, прыз «Памяць» 17-га Усесаюзнага кінафестывалю ў Мінску), «Чалавек, які браў інтэрв’ю» (1986), «Маці Урагану» (1990), «Уік энд з забойцам» (1992), дакументальных «Выстаўка» (сцэн. з В.​Адамчыкам) і «Мы — квант» (1977; сцэн. з А.​Белавусавым, аператар з А.​Шклярэўскім), «Восень земляроба» (1979, сцэн. з Ф.​Коневым) і інш. Старшыня Саюза кінематаграфістаў Беларусі (з 2000).

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 10, с. 142