Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛІСІ́ЧКА (лац. Vulpecula),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Адсутнічаюць зоркі ярчэй 4,4 візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць круглы год, найлепш у ліпені. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Лісічка.

т. 9, с. 284

ЛІ́РА (лац. Lyra),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Найярчэйшая зорка Вега (а Л.). Іншыя, больш слабыя зоркі сузор’я, утвараюць невял. паралелаграм ніжэй і ўлева ад Вегі. На тэр. Беларусі відаць вясной, летам і ўвосень. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Ліра.

т. 9, с. 279

ЛОСЬ (Ларыса Мікалаеўна) (н. 22.7.1928, в. Княжыцы Магілёўскага р-на),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1952). У 1954—68 мастак у газ. «Зорька», у 1965—77 — на Мінскай скургалантарэйнай фабрыцы. Працуе пераважна ў галіне маст. пляцення з саломкі. Рэстаўрыравала ўцалелыя шэдэўры бел. саломапляцення — царскія вароты 18—19 ст. у в. Раўбічы Мінскага р-на і Гродне, зрабіла копію царскіх варот 18 ст. ў в. Лемяшэвічы Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Сярод інш. работ: анімалістычныя фігуры (птушкі, коні), дэкар. пано «Сонейка», «Кветкі», «Пралескі», «Зоркі», «Павы», «Галубы», «Каляда», а таксама размаляваныя тканіны, батыкі, жывапісныя пейзажы.

Г.​А.​Фатыхава.

Л.Лось. Пано «Сонейка». 1998.

т. 9, с. 349

ЛЁСІК (дзявочае Лявіцкая) Ванда Антонаўна

(25.9.1895, г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 8.12.1968),

бел. пісьменніца. Дачка Ядвігіна Ш., жонка Я.Лёсіка. Скончыла Вышэйшае пачатковае вучылішча ў Радашковічах (1914). Працавала ў Мінску ў «Беларускай кнігарні», у гар. б-цы імя А.​Пушкіна, час. «Лучынка» і «Саха», дзіцячым прытулку пры Бел. т-ве дапамогі пацярпелым ад вайны, Першай мінскай бел. школе. У 1933 пакінула Беларусь, выехала да рэпрэсіраванага мужа; жыла ў Ліпецку, у пас. Татарка Стаўрапольскага краю. З 1909 друкавалася ў газ. «Наша ніва», у 1920-я г. ў час. «Зоркі», «Іскры Ільіча». У апавяданнях («Бацькаўшчына», «Сумна, сумна шуміць старушка ліпа...» і інш.) і вершах выказвала замілаванне роднай прыродай. Аўтар успамінаў пра бацьку. Пераклала на бел. мову паасобныя творы М.​Канапніцкай, В.​Чайчанкі і інш.

Тв.:

У кн.: Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965;

Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 232

ЛІЕ́ПА (Марыс Рудольф Эдуардавіч) (27.7.1936, Рыга — 26.3.1989),

расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1955), выкладаў у ім (1963—80). У 1960—84 саліст Вял. т-ра. Яго выкананне вызначалі пластычнасць, шырыня і моц рухаў, скульптурнасць поз, сінтэз танцавальнасці і артыстызму, псіхал. абгрунтаванасць сцэн. паводзін. Вяршыня творчасці — вобраз Краса («Спартак» А.​Хачатурана; Ленінская прэмія 1970). Сярод інш. партый: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Альберт, Конрад («Жызэль», «Карсар» А.​Адана), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына), Феб («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Вакх («Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.​Гуно), Спартак, Армэн («Спартак», «Гаянэ» А.​Хачатурана), Прынц, Рамэо («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Вронскі, Карэнін («Ганна Карэніна» Шчадрына), прынц Лімон («Чыпаліна» К.​Хачатурана), Ферхад («Легенда аб каханні» А.​Мелікава). Ставіў і аднаўляў класічныя балеты, танцы да драм. спектакляў. Здымаўся на тэлебачанні і ў кіно. Аўтар кніг «Хачу танцаваць сто гадоў» (1981), «Учора і сёння ў балеце» (2-е выд. 1986). Яго творчасці прысвечаны дакумент. фільмы «Я пачынаю новы маналог» (1981), «А болей за ўсё пратрымалася душа...» (1990), «Святло яго зоркі» (1992). Прэміі імя В.​Ніжынскага (1971), імя М.​Петыпа (1977; абедзве Парыж).

Літ.:

Львов-Анохин Б. Мастера Большого балета. М., 1976;

Рославлева Н. М.​Лиепа. М., 1978;

Марис Лиепа: Я хочу танцевать сто лет, М., 1996.

М.Ліепа ў ролі прынца Лімона.

т. 9, с. 253

ЛІХА́НАЎ (Альберт Анатолевіч) (н. 13.9. 1935, г. Кіраў, Расія),

расійскі пісьменнік. Акад. Рас. акадэміі прыродазнаўчых навук (1992). Чл.-кар. Рас. акадэміі адукацыі (1990). Скончыў Уральскі ун-т (Свярдлоўск, 1958). Да 1988 працаваў у друку (у 1975—88 гал. рэдактар час. «Смена»). З 1988 дырэктар НДІ дзяцінства Рас. акадэміі адукацыі. Друкуецца з 1961. Першая кн. «Няхай будзе сонца!» (1963) — гіст. аповесць пра мастака М.Э.Андрыёлі. У зб-ках аповесцей і апавяданняў для юнацтва «Юрка Гагарын — цёзка касманаўта» (1966), «Зоркі ў верасні» (1967), «Музыка» (1971), трылогіі «Сямейныя абставіны» (1967—73; аднайм. фільм 1977), аповесцях «Галгофа» (1979), «Кікімара» (1983), раманах «Мой генерал» (1975; аднайм. фільм 1979), «Мужчынская школа» (1995) і інш. паглыблены аналіз пачуццяў і перажыванняў юных герояў, своеасаблівы дыялог пакаленняў. У кнігах публіцыстыкі «Канспект лёсу» (1976), «Поры жыцця» (1978), «Сэнс існага» (1985), «Цяжар маладосці» (1989), «Пісьмы ў абарону дзяцінства» (1997) і інш. роздум над праблемамі выхавання моладзі. Па творах Л. пастаўлены таксама фільмы «Добрыя намеры», «Карусель на кірмашовай плошчы», «Апошнія халады», «Каманда 33», «Вышэйшая мера». З 1991 прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі дзіцячых фондаў. Асобныя апавяданні Л. на бел. мову пераклаў Я.​Курто. Дзярж. прэмія Расіі імя Крупскай 1980, міжнар. прэміі імя М.​Горкага (1983) і Я.​Корчака (1987).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1986—87;

Русские мальчики: Роман в повестях. М., 1995.

Літ.:

Мотяшов И. Альберт Лиханов. М., 1981;

Бондаренко В. Мудрость детских истин. М., 1995.

А.​В.​Спрынчан.

т. 9, с. 320

ЛІ́ПСКІ (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 6.5. 1940, в. Шолкавічы Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1966). З 1964 працаваў у раённым друку, у апараце ЦК ЛКСМБ. З 1976 адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1978 гал. рэдактар час. «Вясёлка». Друкуецца з 1953. Аўтар кніг публіцыстыкі «Дзень за днём» (1973), «Знайдзі сябе» (1974), нарысаў «Прыдзвінскі цуд» (1975), «Высокія зоркі» (1981), дакумент. аповесцей «Крутыя вёрсты» (1980, пра Героя Сав. Саюза З.​Тусналобаву-Марчанка), «Урокі Купрэвіча» (1987), «Любі мяне пры ўсякай долі...» (з Б.​Чалым, 1989; пра моладзь, вывезеную ў час Вял. Айч. вайны ў Германію), «Невядомы» (1990; пра нарадавольца І.​Грынявіцкага), зб-каў прозы «Лаўрэнавы працадні» (1984), «Раны» (1987), «Дзень нараджэння» (1988). Пра родную вёску, праблемы выхавання моладзі аповесць «Адпяванне жывых» (1993). Тэма дзяцей-сірот узнята ў дзённіку «Бацькі і дзеці» (1995). Аповесць «Я: Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод» (1998), створаная на архіўных і дакумент. матэрыялах, расказвае пра карані сем’яў, прозвішчаў, гербаў. Выдаў кнігі аповесцей, апавяданняў, казак (у т. л. казкі-коміксы) для дзяцей «Рыгоркавы прыгоды» (1974), «Якое яно, шчасце?», «Марынчына казка» (абедзве 1977), «Як бог стварыў свет» (1993), «Вясёлая азбука», «Падкідыш» (абедзве 1992; Літ. прэмія імя Я.​Маўра 1993). За аповесць «Загадкавы чалавечак» (1997) Літ. прэмія імя В.​Віткі 1997. Творы для дзяцей адметныя веданнем дзіцячай псіхалогіі, займальнасцю, жывой нар. мовай, дасціпнасцю. Паводле аповесці «Вясёлая азбука» ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі пастаўлены мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» (1996, лібрэта С.​Клімковіч, муз. В.​Войціка). З 1988 прэзідэнт Бел. дзіцячага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі дзіцячых фондаў. Ініцыятар і старшыня 1-га Усебел. фестывалю нар. гумару ў Аўцюках Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. (1995). Міжнар. прэмія А.​Швейцара за дабрачынныя справы на карысць дзяцей, заложнікаў чарнобыльскай трагедыі (1998).

Тв.:

Аўцюкоўцы. Мн., 1995;

Пралескі ў небе. Мн., 1997;

Антонік-понік. Мн., 1998.

І.​У.​Саламевіч.

У.С.Ліпскі.

т. 9, с. 277