Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КРАБАПАДО́БНАЯ ТУМА́ННАСЦЬ,

галактычная туманнасць, вынік успышкі ў 1054 звышновай зоркі ў сузор’і Цяльца. Утварылася са знешніх слаёў зоркі, што рассеяліся ў прасторы. Назва туманнасці звязана з яе формай, якая падобна на панцыр краба. Адлегласць да К.т. 7000 св. гадоў; памеры 5-10 св. гадоў. Расшыраецца са скорасцю 1100 км/с. Маса газу, што ўваходзіць у К.т., каля 0,1 масы Сонца; сярэдняя шчыльнасць 5∙10​−18 кг/м³. У цэнтры К.т. знаходзіцца пульсар, у які ператварылася зорка, што ўспыхнула. К.т. — адзін з нешматлікіх астр. аб’ектаў, ад якіх ідзе эл.-магн. выпрамяненне ва ўсім спектры, ад радыё- да рэнтгенаўскага і гамадыяпазону. Да гэтай пары К.т. губляе ў 100 тыс. разоў болей энергіі за секунду, чым Сонца.

Да арт. Крабападобная туманнасць.

т. 8, с. 441

КРАМКО́ (Аляксандр Яўгенавіч) (н. 24.12.1961, г. Стоўбцы Мінскай вобл.),

бел. музыкант, выканаўца на нар. інструментах. Засл. арт. Беларусі (1998). Скончыў Мінскі ін-т культуры (1984), з 1990 выкладае ў Бел. ун-це культуры. З 1986 саліст Дзярж. акад. нар. аркестра Беларусі імя І.​Жыновіча. Па яго ініцыятыве ў аркестр упершыню ўведзены нар. інструменты акарына, дуда, жалейка, саломка, чаротка (выконвае на іх сола ў аркестры, у т. л. ў складзе квартэта жалеек). Аўтар твораў для аркестра нар. інструментаў («Перагукі-перазвоны», «На вечарынцы», «Кругавыя танцы», «Жалеечны вяночак», «Звіняць цымбалы і гармонік»), апрацовак бел. нар. песень («Чырвоная калінанька», «Ах ты, зорка мая», «Ой, там, на таргу» і інш.; уваходзяць у рэпертуар Дзярж. нар. аркестра), інструментовак цыкла песень С.​Манюшкі на словы Я.​Чачота.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 8, с. 447