КАДЫ́РАЎ (Пірымкул) (н. 24.9.1928, кішлак Кенгкол Ура-Цюбінскага р-на Ленінабадскай вобл., Таджыкістан),
узбекскі пісьменнік. Скончыў Ташкенцкі ун-т (1951). Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў апавяданняў «Студэнты» (1957), «Сонца ў крыві» (1963), аповесцей «Вольнасць» (1970), «Легенда» (1981), раманаў «Тры карані» (1958), «Чорныя вочы» (1966), «Алмазны пояс» (1977), «Зорныя ночы» (1979), у якіх узнімае надзённыя праблемы сучаснасці, раскрывае духоўны свет інтэлігенцыі, працаўнікоў вёскі. Аўтар кнігі нарысаў і публіцыст. артыкулаў «Роздум» (1971).
т. 7, с. 407
КАТАЛО́Г (ад грэч. katalogos пералік, спіс),
сістэматызаваны пералік прадметаў (кніг, рукапісаў, экспанатаў, тавараў і інш.), падабраных па пэўнай прыкмеце і размешчаных у канкрэтна-вызначаным парадку, што аблягчае іх пошук. Даведачнае выданне аналагічнага характару (напр., К. выставак маст. твораў, К. марак і інш.). Можа быць у выглядзе картак, кніг, альбомаў (часам ілюстраваных), камп’ютэрных звестак. К. бібліятэчны — пералік твораў друку, што ёсць у бібліятэцы. Паводле сваёй структуры падзяляецца на алфавітны, сістэматычны, прадметны, нумарацыйны і інш., паводле прыналежнасці — чытальніцкі і службовы, па ахове фонду — ген., спец., зводны. Існуюць таксама К. краязнаўчыя, мясц. друку, зорныя каталогі.
т. 8, с. 170
КАРА́ІЧАЎ (Леў Сяргеевіч) (н. 16.5.1936, г. Разань, Расія),
бел. пісьменнік. Скончыў БПІ (1960). З 1953 працаваў у буд. установах, выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (1967—76), газ. «Звязда», на кінастудыі «Беларусьфільм», у час. «Нёман», Тэатры юнага гледача, газ. «Известия» (да 1986). Друкуецца з 1958. Піша на бел. і рус. мовах. У п’есах «І выхавай сына» (паст. 1967 пад назвай «Мала сказаць — люблю»), «Зорныя ночы» (паст. 1977 пад назвай «Трэцяга не дадзена»), «Слова гонару» (1982), «І на ўсе часы» (1985), «Апанаванасць» (1989), аповесці «Двое на востраве» (1994) ставяцца актуальныя маральна-этычныя праблемы сучаснасці. Аўтар эсэ «Таямнічасць і дакор Багдановіча» (1991), крытычных і публіцыстычных артыкулаў, вершаў, інсцэніровак для радыё, кінасцэнарыяў дакумент. фільмаў. Стваральнік, кіраўнік і рэжысёр аўтарскага камернага т-ра (1998, паст. п’есы «Яна і Ён» пра Я.Купалу, аўтарскія «Што наша жыццё», «Бацька Мінай» і інш.).
Г.Л.Фатыхава.
т. 8, с. 45