Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КА́РЛІКІ ў астраноміі,

зоркі адносна невялікіх памераў (0,01—1 радыус Сонца) і невысокіх свяцільнасцей (10​−1—1 адзінка свяцільнасці Сонца). Маса 0,1—1 сонечнай масы. Тыповая зорка-К. — наша Сонца. Ад звычайных (чырвоных К.) будовай і ўласцівасцямі адрозніваюцца белыя К. Гэта вельмі шчыльныя (10​8—10​9 кг/м³) гарачыя зоркі малых памераў (у сярэднім радыус роўны зямному радыусу, а маса адпавядае масе Сонца, т-ра паверхні дзесяткі тысяч К). Белыя К. — канчатковая стадыя зорнай эвалюцыі, калі маса зоркі не большая за 1,4 масы Сонца.

т. 8, с. 74

КАРМА́ (лац. Puppis),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркія зоркі 2,2; 2,8; 2,8 візуальнай зорнай велічыні. У Паўн. паўшар’і відаць у паўд. шыротах. Найлепшы час назірання — студзень. Гл. Зорнае неба.

т. 8, с. 75

КАРДЫНА́ЛЕ ((Cardinale) Клаўдзія) (н. 15.4.1939, г. Туніс),

італьянская кінаактрыса. Вучылася ў эксперым. кінацэнтры ў Рыме. Ролі адметныя тонкай індывідуалізацыяй характараў: «Рока і яго браты» (1960), «Леапард» (1962), «Туманныя зоркі Вялікай Мядзведзіцы» (1965), «Сямейны партрэт у інтэр’еры» (1974; усе рэж. Л.​Вісконці), «Восем з паловай» (1963, рэж. Ф.​Феліні), «Фіцкаральда» (1982, рэж. В.​Герцаг), «Генрых IV» (1984, рэж. М.​Белокіо) і інш. У 1969 знялася ў сав.-італьян. фільме «Чырвоная палатка» (рэж. М.​К.​Калатозаў).

т. 8, с. 68

КАРНЕ́ЕВА (Ніна Аляксееўна) (н. 23.7.1920, г. Рцішчава Саратаўскай вобл., Расія),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1990). Скончыла тэатр. студыю Маск. камернага т-ра (1946). Працавала ў т-рах Тулы, Масквы, Алматы. З 1957 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Выканаўца вострахарактарных, камед. роляў. Творчасць вызначаецца глыбокім раскрыццём унутр. свету гераінь, імкненнем да яркай сцэн. формы. Сярод роляў: Жыгоцкая («Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча), княгіня Вольга [«Гора і слава» («Русь Кіеўская») А.​Петрашкевіча], Мігачова («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.​Астроўскага), Акуліна Іванаўна («Мяшчане» М.​Горкага), Мар’я («Любоў Яравая» К.​Транёва), Жанна («Чаму ўсміхаліся зоркі» К.​Карнейчука), Заначаалава («Кафедра» В.​Урублеўскай), Нуйкіна («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.​Гельмана) і інш.

Н.А.Карнеева.
Н.Карнеева ў ролі Жанны.

т. 8, с. 81

КАРНЯЙЧУ́К (Аляксандр Еўдакімавіч) (25.5.1905, г. Хрысцінаўка Чаркаскай вобл., Украіна — 14.5.1972),

украінскі драматург. Герой Сац. Працы (1967). Акад. АН Украіны (1939). Акад. АН СССР (1943). Скончыў Кіеўскі ін-т нар. асветы (1929). Друкаваўся з 1925. Аўтар шматлікіх п’ес гіст.-рэв., гераічнага і камедыйнага жанру, вытрыманых у строгіх рамках сацыяліст. рэалізму, адметных шматграннасцю адлюстравання жыцця. Сярод п’ес: «Каменны востраў» (1931), «Гібель эскадры» (1934), «Платон Крэчат» (1935), «Праўда» (1937), «Багдан Хмяльніцкі» (1939), «У стэпах Украіны» (1941), «Фронт» (1942), «Макар Дубрава» (1948), «Калінавы гай» (1950), «Чаму ўсміхаліся зоркі» (1957), «Старонка дзённіка» (1964), «Памяць сэрца» (1969) і інш. Выступаў як публіцыст, літ.-знавец. П’есы К. перакладаліся на бел. мову і ставіліся ў многіх тэатрах Беларусі. На бел. мову яго паасобныя творы пераклаў А.​Макаёнак. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943, 1949, 1951. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Р.​Шаўчэнкі 1971.

Тв.:

Зібрання творів. Т. 1—5. Київ, 1986—88;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. Л., 1976—77.

Літ.:

Вакуленко Д. Олександр Корнійчук. Київ, 1985.

В.​А.​Чабаненка.

А.Е.Карняйчук.

т. 8, с. 86