КАНАА́Т (Мумін) (н. 20.5.1932, в. Кургавад Калаі-Хумбскага р-на Горна-Бадахшанскай аўт. вобл., Таджыкістан),
таджыкскі паэт. Скончыў Таджыкскі ун-т (1956). Друкуецца з 1955. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Зямныя зоркі» (1963), «Дняпроўскія хвалі» (1964), «Паэма агню» (1967), «Мацярынскі твар» (1974), паэм «Галасы Сталінграда» (1972), «Калыханка Авіцэны» (1978) і інш., адметных вастрынёй праблематыкі, імкненнем да філас. асэнсавання жыцця. Дзярж. прэмія СССР 1977. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Г.Пашкоў.
т. 7, с. 557
КАНФІГУРА́ЦЫЯ (ад лац. configuratio наданне формы, размяшчэнне),
1) абрысы, формы, знешні выгляд, а таксама ўзаемнае размяшчэнне, прасторавыя суадносіны якіх-н. прадметаў ці іх частак. Напр., К. воблакаў, К. крышталёў. 2)У астраноміі — бачнае становішча зоркі, планеты ці інш. на нябеснай сферы адносна Зямлі і Сонца. Гл. ў арт. Канфігурацыі планет.
3) У хіміі — канкрэтнае прасторавае становішча атамаў у малекуле хім. злучэння вядомай будовы; адно з асн. паняццяў стэрэахіміі. Разам з паняццем канфармацыі апісвае прасторавую будову малекулы.
К. малекулы змяняецца ў выніку рэакцый хімічных, перагруповак малекулярных, канфармацыйных пераходаў. Прасторавыя ізамеры з рознымі К. наз. канфігурацыйнымі ізамерамі. Адрозніваюць К. абсалютную і адносную. Абсалютная (стэрэахімічная) К. хіральнай малекулы (гл. Хіральнасць) вызначаецца становішчам пэўных замяшчальнікаў адносна цэнтраў упарадкаванасці ў малекуле, апісваецца пры дапамозе спец. стэрэахім. (R-S) наменклатуры хімічнай. Адносная К. вызначае канфігурацыйныя адносіны паміж элементамі хіральнасці, зыходзячы з іх параўнання паміж сабой; адрозніваюць унутры- і міжмалекулярнае параўнанне. Існуюць шматлікія сістэмы вызначэння адноснай К.: цыс-транс-К. (гл. Геаметрычная ізамерыя), D-L-К. (гл. Аптычная ізамерыя) і інш., што абумоўлена рознымі падыходамі да вызначэння правіл параўнання. Адносную К. ўстанаўліваюць рознымі хім. і фізіка-хім. метадамі, абсалютную — метадам рэнтгенаўскага структурнага аналізу. К. малекул улічваюць пры планаванні сінтэзу шматлікіх класаў прыродных злучэнняў — вугляводаў, пептыдаў і бялкоў, антыбіётыкаў, алкалоідаў і інш.
Т.Т.Лахвіч.
т. 8, с. 11