КАНФІГУРА́ЦЫЯ (ад лац. configuratio наданне формы, размяшчэнне),
1) абрысы, формы, знешні выгляд, а таксама ўзаемнае размяшчэнне, прасторавыя суадносіны якіх-н. прадметаў ці іх частак. Напр., К. воблакаў, К. крышталёў. 2)У астраноміі — бачнае становішча зоркі, планеты ці інш. на нябеснай сферы адносна Зямлі і Сонца. Гл. ў арт. Канфігурацыі планет.
3) У хіміі — канкрэтнае прасторавае становішча атамаў у малекуле хім. злучэння вядомай будовы; адно з асн. паняццяў стэрэахіміі. Разам з паняццем канфармацыі апісвае прасторавую будову малекулы.
К. малекулы змяняецца ў выніку рэакцый хімічных, перагруповак малекулярных, канфармацыйных пераходаў. Прасторавыя ізамеры з рознымі К. наз. канфігурацыйнымі ізамерамі. Адрозніваюць К. абсалютную і адносную. Абсалютная (стэрэахімічная) К. хіральнай малекулы (гл. Хіральнасць) вызначаецца становішчам пэўных замяшчальнікаў адносна цэнтраў упарадкаванасці ў малекуле, апісваецца пры дапамозе спец. стэрэахім. (R-S) наменклатуры хімічнай. Адносная К. вызначае канфігурацыйныя адносіны паміж элементамі хіральнасці, зыходзячы з іх параўнання паміж сабой; адрозніваюць унутры- і міжмалекулярнае параўнанне. Існуюць шматлікія сістэмы вызначэння адноснай К.: цыс-транс-К. (гл. Геаметрычная ізамерыя), D-L-К. (гл. Аптычная ізамерыя) і інш., што абумоўлена рознымі падыходамі да вызначэння правіл параўнання. Адносную К. ўстанаўліваюць рознымі хім. і фізіка-хім. метадамі, абсалютную — метадам рэнтгенаўскага структурнага аналізу. К. малекул улічваюць пры планаванні сінтэзу шматлікіх класаў прыродных злучэнняў — вугляводаў, пептыдаў і бялкоў, антыбіётыкаў, алкалоідаў і інш.
Т.Т.Лахвіч.
т. 8, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)