Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗО́РКА, ліхніс (Lychnis),

род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 10 відаў. Пашыраны пераважна ў паўн. ч. ўмеранага пояса Еўразіі, у т. л. ў Сібіры і на Д. Усходзе. Растуць звычайна на лугах, узлесках, у хмызняках. Як дэкар. расліны шырока выкарыстоўваюць З. зіхатлівую (L. fulgens) і інш. віды; на Беларусі — З. халцэдонскую (L. chalcedonica), з высокімі сцёбламі і густымі яркімі суквеццямі.

Шматгадовыя апушаныя травяністыя расліны з прамастойным слабагалінастым сцяблом. Лісце буйное, супраціўнае. Кветкі двухполыя, 5-членныя, сабраныя ў шчыткападобнае верхавінкавае суквецце; вяночак чырв., ружовы, радзей белы ці бледна-жоўты. Плод — аднагнездавая каробачка. Лек. і дэкар. расліны. Карані З. халцэдонскай раней ужываліся замест мыла, адсюль яе інш. назвы — татарскае мыла, панская фанабэрыя.

Зорка халцэдонская.

т. 7, с. 108

«ЗАЛАТА́Я ЗО́РКА»,

медаль, якая ўручалася асобам, удастоеным звання Героя Савецкага Саюза, з 1965 — гарадам-героям і крэпасцям-героям. Уведзена 1.8.1939 (да 16.10.1939 наз. «Герой Савецкага Саюза»). Уяўляе сабой залатую 5-канцовую зорку з гладкімі двухграннымі прамянямі на правым баку. Ўручалася разам з ордэнам Леніна.

Медаль «Залатая Зорка».

т. 6, с. 509

ЗАЛАТА́Я РЫ́БА (лац. Dorado),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 3,3 візуальнай зорнай велічыні. У З.р. знаходзіцца Вял. Магеланава Воблака — спадарожнік Галактыкі. На тэр. Беларусі не відаць. Гл. Зорнае неба.

т. 6, с. 509

ЗМЕЯНО́СЕЦ (лац. Ophiuchus),

экватарыяльнае сузор’е. Найб. яркая зорка 2,1 візуальнай зорнай велічыні, 100 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць вясной і летам. Гл. Зорнае неба.

Сузор’і Змеяносец і Змяя.

т. 7, с. 97

ЗМЯЯ́ (лац. Serpens),

экватарыяльнае сузор’е. Пачынаецца на Пд ад Паўночнай Кароны. Найб. яркая зорка 2,6 візуальнай зорнай велічыні; 60 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. Складаецца з 2 частак (галава і хвост), падзеленых сузор’ем Змеяносца. На тэр. Беларусі відаць вясной і летам. Гл. Зорнае неба.

т. 7, с. 98

ЗВЫШНО́ВЫЯ ЗО́РКІ,

зоркі, якія характарызуюцца гіганцкімі ўспышкамі — скачкападобным павелічэннем бляску ў сотні мільёнаў разоў; крыніцы касм. прамянёў.

Успышкі зорак назіраліся з глыбокай старажытнасці. Вывучэнне іх пачата Ц.Браге, які апісаў успышку зоркі ў сузор’і Касіяпеі ў 1572. Зараз фатаграфічна зарэгістравана больш за 300 успышак З.з. у інш. галактыках. З.з. ўспыхваюць у розных галактыках прыблізна 1 раз у 360 гадоў. Пры ўспышцы З.з. яркасць яе за 10—20 сутак робіцца параўнальнай з сумарнай яркасцю ўсёй зорнай сістэмы — галактыкі, унутры якой знаходзіцца гэтая зорка. Агульная энергія, што выпрамяняецца за час успышкі, перавышае 10​48 эрг. Успышка адбываецца, калі зорка зыходзіць з галоўнай паслядоўнасці Герцшпрунга—Рэсела дыяграмы і ўступае ў заключны этап эвалюцыі. Да выбуху З.з. прыводзіць гравітацыйны калапс. Пасля выбуху цэнтр. частка зоркі становіцца нейтроннай зоркай, а рэчыва знешніх слаёў выкідваецца са скорасцю ў некалькі тысяч кіламетраў за секунду і ўтварае газавую туманнасць (гл., напр., Крабападобная туманнасць). Па характары змены бляску і спектра З.з. падзяляюць на 2 тыпы. Да 1-га тыпу адносяцца вельмі старыя зоркі (да выбуху), маса якіх параўнальная з сонечнай. Паніжэнне бляску пасля максімуму праходзіць раўнамерна, спектры складаюцца з вельмі шырокіх палос. 2-і тып; маладыя зоркі з масай у 10 разоў большай за сонечную, вял. разнастайнасць у характары зніжэння бляску пасля максімуму, палосы ў спектрах ствараюцца выпрамяненнем атамаў H, He, N і інш.

Літ.:

Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 41

ЗВЯЗДА́,

рухомая шматпрамянёвая асветленая знутры зорка на кіі, з якой хадзілі т.зв. звездары; атрыбут каляднай абраднасці. Да каркаса са знешняга боку прымацоўвалі пруткі і злучалі іх папарна так, што атрымліваліся промні (рогі З.). Канструкцыю абклейвалі паперай, аздаблялі рознакаляровымі выцінанкамі, палосамі фігурна выразанай паперы або фольгі. З. мела 5, 8, 16 промняў, якія заканчваліся пышнымі пампонамі з паперы рознага колеру. Цэнтр. асветленую нерухомую частку яе (у рух прыводзіліся толькі промні) займаў малюнак або абраз на біблейскую тэму. Звычай нашэння З. на Беларусі быў пашыраны да 1920—30-х г.

М.​А.​Каладзінскі, М.​Ф.​Раманюк.

Хлопчык з каляднай звяздой. Вёска Капылы Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. 1940-я г.

т. 7, с. 43

ЗДАНЕ́ВІЧ (Міхаіл Аляксандравіч) (н. 6.4.1943, в. Аркадыя Брэсцкага р-на),

бел. спявак (бас), педагог. Засл. арт. Беларусі (1979). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас С.​Асколкава). У 1969—83 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1983 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Творчую дзейнасць вызначалі голас вял. дыяпазону, майстэрства філіроўкі, здольнасць да сцэн. пераўвасаблення. Сярод партый у операх нац. рэпертуару: Чапля («Андрэй Касценя» М.​Аладава), бацька Максіма («Зорка Венера» Ю.​Семянякі), Інквізітар («Джардана Бруна» С.​Картэса), у класічных: Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Рамфіс, Мантэроне («Аіда», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Дон Паскуале («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Лепарэла, Бартала («Дон Жуан» і «Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​Глінкі (1971).

т. 7, с. 47

ЗЛА́ТАВА (Людміла Іванаўна) (н. 22.11.1937, г. Чыта, Расія),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. Беларусі (1980). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1962). У 1962—91 салістка, у 1991—93 дырэктар опернай трупы Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае цёплым серабрыстым голасам. Створаныя ёю вобразы вылучаюцца праўдай характараў, шчырасцю пачуццяў, жаноцкасцю. У операх нац. рэпертуару выканала партыі Марфачкі («Алеся» Я.​Цікоцкага), Ірыны, Маці («Калючая ружа» і «Зорка Венера» Ю.​Семянякі), Янінкі («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера). Сярод лепшых работ у опернай класіцы: Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Адзіна, Нарына («Любоўны напітак», «Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Серпіна («Служанка-пані» Дж.​Б.​Пергалезі), Мюзета («Багема» Дж.​Пучыні), Цэрліна, Сюзанна («Дон Жуан», «Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Мікаэла, Лейла («Кармэн», «Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Марфа, Шамаханская царыца, Снягурачка («Царская нявеста», «Залаты пеўнік», «Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава).

Літ.:

Ракава А. Тэатр — яе жыццё: (Людміла Златава) // Тэатр. Мінск. 1988. № 1.

А.​Я.​Ракава.

Л.І.Златава.
Л.Златава (справа) у ролі Сюзанны.

т. 7, с. 72

ЗНА́КІ АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ І АСТРАЛАГІ́ЧНЫЯ,

умоўныя абазначэнні Сонца, Месяца, планет і інш. нябесных цел, а таксама задыякальных сузор’яў, планетных канфігурацый, фаз Месяца і да т.п. Карыстаюцца ў астр. і астралагічнай літаратуры, календарах (гл. табл.). Некаторыя знакі служаць для абазначэння месяцаў і дзён тыдня. Большасць з іх узнікла ў глыбокай старажытнасці.

Знакі астранамічныя і астралагічныя
Знакі свяціл і дзён тыдня
— Сонца (нядзеля) — Уран
— Месяц (панядзелак) — Нептун
— Марс (аўторак) — Плутон
— Меркурый (серада) ⚷ — Хірон
— Юпітэр (чацвер) — Зямля
— Венера (пятніца) — камета
— Сатурн (субота) зорка
Знакі задыяка і месяцаў
♈︎ — Авен (сакавік),
пункт вясенняга раўнадзенства
♎︎ — Шалі (верасень),
пункт асенняга раўнадзенства
♉︎ — Цялец (красавік) ♏︎ — Скарпіён (кастрычнік)
♊︎ — Блізняты (май) ♐︎— Стралец (лістапад)
♋︎ — Рак (чэрвень) ♑︎ — Казярог (снежань)
♌︎ — Леў (ліпень) ♒︎ — Вадаліў (студзень)
♍︎ — Дзева (жнівень) ♓︎ — Рыбы (люты)
Знакі фаз Месяца
— маладзік — поўня
— першая квадра — апошняя квадра
Знакі аспектаў (узаемнага размяшчэння свяціл)
☌ — злучэнне (рознасць даўгот 0°) □ — квадратура (90°)
⚺ — сямісекстыль (30°) △ — трын (120°)
⚼ — сяміквадрат (45°) ⚻ — квінконцыя (150°)
⚹ — секстыль (60°) ☍ — процістаянне (180°)
☊ — узыходны вузел,
даўгата яго ў арбіце
☋ — сыходны вузел,
даўгата яго ў арбіце

т. 7, с. 99