Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГОД,

прамежак часу, блізкі па працягласці да перыяду абарачэння Зямлі вакол Сонца. У астраноміі вылучаюць: сідэрычны (зорны) год, які адпавядае аднаму бачнаму абароту Сонца па нябеснай сферы адносна нерухомых зорак, складае 365,2564 сярэдніх сонечных сут; трапічны год — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі цэнтра Сонца праз пункт веснавога раўнадзенства (365,2422 сут); анамалістычны год — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі Сонца праз перыгей яго бачнай геацэнтрычнай арбіты (365,2596 сут); драканічны год — час, за які Сонца вяртаецца да таго ж (узыходнага і сыходнага) вузла арбіты Месяца на экліптыцы (346,620 сут); працягласць гэтых гадоў прыведзены для 1900; каляндарны год мае 365 сут для звычайных гадоў і 366 сут для высакосных гадоў; месячны год роўны 12 сінадычным месяцам (у сярэднім 354,367 сут).

т. 5, с. 320

ГАЛО́ЎНАЯ АСТРАНАМІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ АН Расіі, Пулкаўская абсерваторыя,

навукова-даследчая ўстанова на Пулкаўскіх вышынях (75 м над узр. мора), за 19 км на Пд ад Санкт-Пецярбурга. Арганізавана В.Я.Струвэ, які быў яе першым дырэктарам (да канца 1861). Пабудавана паводле праекта арх. А.П.Брулова. Адкрыта ў 1839.

Асн. кірункі работ: стварэнне абс. каталогаў месцазнаходжання зорак, назіранне падвойных зорак, вызначэнне зорных паралаксаў. Каталогі мелі вял. дакладнасць; упершыню вымераны паралакс зоркі (λ Ліры; 0,125 ± 0,055; Струвэ, 1837). Асн. абсталяванне: 65-см рэфрактар, гарыз. мерыдыянны інструмент, фатаграфічная палярная труба, зеніт-тэлескоп, зорны інтэрферометр, 2 сонечныя тэлескопы, каранограф, меніскавы тэлескоп Максутава, вял. радыётэлескоп і інш. Галоўная астранамічная абсерваторыя выдае «Працы» (з 1893), «Весці» (з 1907), «Сонечныя даныя» (з 1954), «Бюлетэнь службы часу» (з 1955) і інш. Перадае сігналы дакладнага часу з 1920. Вядуцца даследаванні па астраметрыі, астрафізіцы, радыёастраноміі, пазаатмасфернай астраноміі і інш.

Я.​У.​Чайкоўскі.

т. 4, с. 469

ГРАЧА́НІКАЎ (Анатоль Сямёнавіч) (8.9.1938, в. Шарпілаўка Гомельскага р-на — 7.3.1991),

бел. паэт. Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. Транспарту (1960), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1969). З 1971 нам. старшыні праўлення СП Беларусі. Гал. рэдактар час. «Вясёлка» (з 1976), «Бярозка» (з 1978), «Маладосць» (з 1982). Друкаваўся з 1957. У зб-ках «Магістраль» (1964), «Круглая плошча» (1971), «Грыбная пара» (1973, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974), «Начная змена» (1975), «Дрэва на выспе» (1977), «Верасень» (1984), «Жнівень — 45» (1990) — любоў да роднага краю, прыроды, шматграннасць духоўнага свету сучасніка, тонкі лірызм, драматызм перажыванняў, гарманічнае адзінства зместу і формы. Пісаў для дзяцей (кн. «Жывая вада», 1985, і «Зорны палёт», 1988). За кн. вершаў «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара» (1980), «Палессе», «Валерка і лятаючая талерка» (абедзве 1983) Дзярж. прэмія Беларусі 1984. Асобныя яго вершы пакладзены на музыку («Дударыкі», «Белая лілея», «Над Белай Руссю — белы снег...» і інш.). Выступаў як публіцыст, крытык, перакладчык (зб. паэзіі Зульфіі «Такое сэрца ў мяне», з Э.​Агняцвет, 1985, і інш.). Аўтар кн. сатыры і гумару «Школа танцаў» (1988).

Тв.:

Калі далёка ты... Мн., 1979;

Я вас люблю... Мн., 1986;

Выбранае. Мн., 1988.

Літ.:

Бярозкін Р. Паэзія — лёс і адказнасць // Полымя. 1971. № 7;

Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982;

Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.

І.​У.​Саламевіч.

А.С.Грачанікаў.

т. 5, с. 417