Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

АЛЬЦЫЁНА, η Цяльца,

зорка 3-й зорнай велічыні (2,9 візуальнай зорнай велічыні). Найб. яркая ў зорным скопішчы Плеяд. Адлегласць ад Сонца 59 пс.

т. 1, с. 289

АЛЬДЭБАРА́Н,

α Цяльца, зорка 1-й зорнай велічыні (0,8 візуальнай зорнай велічыні), самая яркая ў сузор’і Цяльца. Чырвоны гігант, свяцільнасць у 150 разоў большая за сонечную. Адлегласць ад Сонца 21 пс.

т. 1, с. 277

АЛЬТАІ́Р, α Арла,

зорка 1-й зорнай велічыні (0,8 візуальнай зорнай велічыні). Свяцільнасць у 9 разоў большая за сонечную. Адлегласць ад Сонца 5 пс. З Вегай і Дэнебам утварае вял. летні трохвугольнік.

т. 1, с. 284

АЛГО́ЛЬ,

β Персея, зацьменная пераменная зорка (пераменнасць адкрыта ў 1669). Бляск 2,2—3,5 візуальнай зорнай велічыні з перыядам 2,867 сут. Адлегласць ад Сонца — 36 пк. Пераменныя зоркі з крывой змянення бляску, як у Алголі, складаюць клас зорак тыпу Алголя.

т. 1, с. 235

АЛЕКСАНДРЭ́СКУ ((Alexandrescu) Сікэ Васіле) (15.9.1896 — 1973),

румынскі рэжысёр. Нар. арт. Румыніі (1959). У тэатры з 1913. З 1947 гал. рэжысёр Нац. т-ра ў Бухарэсце, з 1967 дырэктар Драм. т-ра ў Брашове. Садзейнічаў уключэнню ў рэпертуар нац. драматургіі, развіццю рэаліст. традыцый: «Безыменная зорка» М.​Себасцьяна, «Рэвізор» М.​Гогаля, «Самадуры» К.​Гальдоні. Дзярж. прэміі Румыніі 1954 («Згубленае пісьмо» І.​Л.​Караджале) і 1957 («Асабістая справа» А.​П.​Штэйна).

т. 1, с. 243

АЛО́ЎНІКАЎ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 16.1.1919, Бабруйск),

бел. кампазітар. Нар. арт. Беларусі (1970). Праф. (1980). Бацька І.У.Алоўнікава. Скончыў Бел. кансерваторыю (1941, класы кампазіцыі В.​Залатарова і фп. М.Бергера), у 1947—94 педагог у ёй, у 1962—82 рэктар. Аўтар сімфанічнай, камерна-інстр. і вак. музыкі. Жыццесцвярджальнасцю і лірычнай пранікнёнасцю вызначаюцца шырока вядомыя яго песні: «Радзіма мая дарагая», «Лясная песня», «Песня пра Брэсцкую крэпасць», «Песня пра К.​Заслонава», «Песня аб Мінску», «Недзе ў пасёлку» і інш. Найб. значныя праграмныя сімф. творы: паэмы «Партызанская быль» (1952), «Нарач» (1954), сюіта «Песні міру» (1958); араторыя «Партызанскія песні» (1994).

Інш. тв.: кантата для дзяцей «Усім піянерам таварыш і брат» (памяці М.​Казея), «Урачыстая прэлюдыя» і эскіз «Куранты Брэсцкай крэпасці» для сімф. арк.; сюіта «На Палессі» і муз. карцінка «Зорка Венера» для арк. бел. нар. інструментаў; п’есы для фп., скрыпкі і фп.; хары, рамансы, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.

Літ.:

Зубрыч І.І. Уладзімір Алоўнікаў. Мн., 1970.

І.​І.​Зубрыч.

У.У.Алоўнікаў.

т. 1, с. 266

АЛМА́З (цюрк. алмас ад грэч. adamas несакрушальны),

дыямент, мінерал, крышт. кубічная мадыфікацыя самароднага чыстага вугляроду. Бясколерны, белы, блакітны, зеленаваты, жаўтаваты, чырванаваты, шэры ці чорны. Бляск алмазны, тлусты. Празрысты; моцная дысперсія святла. Цв. 10 (найцвярдзейшы з вядомых мінералаў). Шчыльн. 3,5—3,53 г/см³. Каштоўны камень 1-га класа.

Трапляецца ў ультраасноўных вывергнутых пародах — кімберлітах, здабываецца з карэнных радовішчаў і россыпаў, звычайна ў выглядзе дробных зярнят і асколкаў крышталікаў (сярэдняя маса 0,2 карата — 40 мг). Вельмі рэдкія алмазы, маса якіх перавышае 50 каратаў (10 г). Самыя вял. ў свеце: «Кулінан» (3106 каратаў, Паўд. Афрыка, Трансвааль, 1905), «Эксцэльсіёр» (971,5 карата, Паўд. Афрыка, ПАР, 1983), «Зорка Сьера-Леоне» (968,9 карата, Зах. Афрыка, Сьера-Леоне, 1972), «Прэзідэнт Варгас» (726,6 карата, Бразілія, 1938), «Джонкер» (726 каратаў, Паўд. Афрыка, Трансвааль, 1934) і інш. Празрыстыя і бясколерныя крышталі самых вял. памераў выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе (пасля агранкі наз. брыльянтамі), дробныя, зярністыя, афарбаваныя або з дэфектамі (борт, карбанада) — у тэхн. мэтах (для бурэння свідравін у цвёрдых пародах, шліфавання ў металаапрацоўцы, у электроннай прам-сці, рэзкі шкла і інш.). Радовішчы алмазу ў Аўстраліі, Рас. Федэрацыі — Рэспубліка Саха (Якуція), у Паўд. Афрыцы, Паўд. Амерыцы, Індыі. Пошукі алмазу вядуцца на Беларусі (гл. Алмазная прамысловасць).

Алмаз «Гарняк» (44,62 кар).
Да арт. Алмаз. Малая расійская імператарская карона. Серабро. Брыльянты. С.-Пецярбург. 1801.

т. 1, с. 264