ДЗВЮ́Х І́СЦІН ТЭО́РЫЯ,

сярэдневяковае вучэнне пра аўтаномнасць ісцін філасофіі (г. зн. рацыянальнага пазнання) і тэалогіі, якія могуць уступаць у супярэчнасць адна з адной. Узнікла ў 12—13 ст., звязана з пранікненнем арыстоцелізму ў сярэдневяковую культуру. Узыходзіць да Ібн Рушда і выразна сфармулявана ў авераізме. Ібн Рушд, прадстаўнікі наміналізму І.Дунс Скот, У.Окам сцвярджалі, што філасофія мае свае ўласныя, незалежныя ад багаслоўя прынцыпы, якія могуць супярэчыць догмам тэалогіі. Дз.і.т. развіваў пачынальнік англ. матэрыялізму Ф.Бэкан, які патрабаваў поўнага неўмяшання рэлігіі ў сферу навук. пазнання. Гэта тэорыя неаднаразова асуджалася царквой. У 1512 Латэранскі сабор паклаў канец дыскусіям пра «дзве ісціны», абвясціўшы прынцып «ісціна ісціне не супярэчыць». Вальнадумства эпохі Адраджэння паступова адыходзіць ад кампраміснай пазіцыі сярэдневяковых авераістаў, замяняе Дз.і.т. вучэннем пра «дзве кнігі» — Прыроды і Пісання, што адкрыты чалавечаму пазнанню: толькі ў «кнізе прыроды» чалавек набывае ісціну навукі і філасофіі, за Пісаннем застаецца функцыя рэліг.-маральных павучанняў (Т.Кампанела, Г.Галілей).

т. 6, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

перапе́ў, -пе́ву, мн. -пе́вы, -пе́ваў, м.

1. Паслядоўнае чаргаванне напеўных гукаў.

Птушыны п.

2. перан. Паўтарэнне вядомага, раней сказанага.

Перапевы старых ісцін.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

і́сціна

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. і́сціна і́сціны
Р. і́сціны і́сцін
Д. і́сціне і́сцінам
В. і́сціну і́сціны
Т. і́сцінай
і́сцінаю
і́сцінамі
М. і́сціне і́сцінах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

АДЭКВА́ТНАЕ

(ад лац. adaequatus роўны, прыраўнаваны),

адпаведнае, тоеснае, эквівалентнае. У тэорыі пазнання адэкватнага лічацца вобраз, веды, якія адпавядаюць свайму арыгіналу і таму з’яўляюцца дакладнымі, маюць характар аб’ектыўных ісцін. Пытанне пра ступень адэкватнасці (дакладнасці), глыбіню і паўнату адлюстравання аб’екта звязана з праблемай суадносін адноснай і абсалютнай ісцін і крытэрыю ісціннасці ведаў.

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

наадкрыва́ць сов., разг. наоткрыва́ть;

н. но́вых стало́вых — наоткрыва́ть но́вых столо́вых;

н. і́сцін — наоткрыва́ть и́стин

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пара́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць параднага (у 1 знач.); урачыстасць. Параднасць цырымоніі. □ Як мала ў гэтым раздзеле педагогікі жывой практыкі, жыцця і як многа прапісных ісцін, афіцыйнасці і непатрэбнай параднасці! Шамякін. Гэтая невялікая выстаўка не мае звычайнай выставачнай параднасці. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перапе́ў, ‑певу, м.

1. Паслядоўнае чаргаванне напеўных гукаў. Птушыны перапеў. □ Прынясі мне вечарынай Перапеў крыніцы, Падары ты мне ўсмешку, Што ярчэй зарніцы. Русак.

2. перан. Паўтарэнне вядомага, раней сказанага. Перапевы старых ісцін. // Адлюстраванне чаго‑н. у форме напеўных гукаў. Зыкі зурновыя — зыкі мае вы, — майго сэрца званы, Вы — маіх думак і мар перапевы... Гурло.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АПАСТЭРЫЁРЫ І АПРЫЁРЫ

(лац. a posteriori літар. з наступнага, a priori літар. з папярэдняга),

апастэрыёры — веды, атрыманыя з вопыту, апрыёры — веды, якія папярэднічаюць вопыту і атрыманы да і незалежна ад яго, першапачаткова ўласцівыя свядомасці. Супрацьпастаўленне апастэрыёры і апрыёры найбольш адлюстравана ў рацыяналізме новага часу (Дэкарт, Лейбніц), паводле якога існуюць усеагульныя і неабходныя ісціны, якія ў аснове адрозніваюцца ад выпадковых ісцін, набытых апастэрыёрным (вопытным) спосабам. Такое супрацьпастаўленне характэрна і для філасофіі Канта, які прызнаваў наяўнасць усеагульных і неабходных ісцін, лічыў крыніцай іх безумоўнасці (ападыктычнасці) апрыёрнасць. Кант прызнаваў апрыёрнымі толькі спосаб арганізацыі ведаў, іх форму, якая напаўняецца апастэрыёрным зместам, робіць магчымым існаванне ўсеагульных і неабходных тэарэт. сцвярджэнняў.

Літ.:

Кант И. Соч. Т. 3. М., 1964;

Швырев В.С. Теоретическое и эмпирическое в научном познании. М., 1978.

В.П.Оргіш.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЛЬНАЕ,

усеагульнае, філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае агульнасць уласцівасцяў і адносін адзінкавых рэчаў, з’яў, працэсаў матэрыяльнага і духоўнага свету. Агульнае не існуе само па сабе, у «чыстым» выглядзе. Яно непарыўна звязана з адзінкавым і асаблівым. Характарызуючы прыроду агульных паняццяў, філосафы-«наміналісты» сцвярджалі, што рэальна існуюць толькі адзінкавыя прадметы, агульнае ж прадстаўлена толькі ў словах ці паняццях. «Рэалісты», наадварот, меркавалі, што агульнае (паняцці, сутнасці, універсаліі) у такой жа ступені, а можа, і больш рэальныя, чым адзінкавыя прадметы. Абсалютызацыя агульнага, агульных ісцін вядзе да дагматызму, які ігнаруе спецыфіку асобнага, індывід., асаблівага. У навук. пазнанні такі падыход не садзейнічае новым адкрыццям і прагрэсу ў цэлым.

А.А.Лазарэвіч.

т. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕРАІ́ЗМ,

кірунак у заходнееўрап. філасофіі 13—16 ст., які развіваў погляды арабскага мысліцеля 12 ст. Ібн Рушда (Авероэса); натуралістычная і матэрыяліст. трактоўка вучэння Арыстоцеля. Асн. ідэі авераізму: нястворанасць свету, вечнасць матэрыі і руху, прызнанне смяротнасці чалавечай душы, сцвярджэнне ўсеагульнай прычыннай сувязі прыродных з’яў, дзвюх ісцін тэорыя. Гал. прадстаўнікі: Сігер Брабанцкі, Жан Жандэн, П’етра д’Абана, П.Пампанацы, Дж.Бруна і інш. У 14—16 ст. еўрап. цэнтрамі авераізму былі Падуанскі і Балонскі ун-ты ў Італіі. На Беларусі авераізм — адна з крыніц вальнадумства; Ф.Скарына, С.Будны і інш. ў сваіх творах прытрымліваліся ідэі дваістай ісціны, імкнуліся ў духу авераізму вызваліць чалавечы розум з-пад улады дагматычных аўтарытэтаў, зрабіць яго вышэйшым крытэрыем у зямных справах чалавека.

Г.У.Грушавы.

т. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)