ЮВА́РА (Juvara, Juvarra) Філіпа (27.3.1678, г. Месіна, Італія — 1.2.1736), італьянскі архітэктар; прадстаўнік позняга барока. Вучыўся ў Рыме (1703—14) у арх. К.​Фантаны. Працаваў пераважна ў г. Турын, а таксама ў Партугаліі і Іспаніі. Пабудовы Ю. вылучаюцца веліччу форм, спалучэннем павялічанага па маштабе «каласальнага» ордэра з класічнай выразнасцю дэталей і прамалінейнасцю планаў: фасад і лесвіца Палацца Мадама ў Турыне (1718—21), комплекс кляштара Суперга (1714—31), палац Ступініджы (1729—33; абодва каля Турына). Іл. гл. да арт. Турын.

т. 18, кн. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРЫ́Н (Torino),

горад на Пн Італіі, каля ўпадзення р. Дора-Рыпарыя ў р. По. Адм. ц. вобласці П’емонт і прав. Турын. Каля 1 млн. ж., з прыгарадамі каля 1,2 млн. ж. (2001). Буйны вузел чыгунак і аўтадарог перад альпійскімі пераваламі. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл. і культ. цэнтр краіны. У прам-сці дамінуе буйнейшы ў Італіі індустр. комплекс канцэрна «ФІАТ». Галіны прам-сці: прыладабуд., вытв-сць с.-г. машын, вырабаў дакладнай механікі і оптыкі, радыёэлектронная, ваенная, чорная і каляровая электраметалургія, хім., гумавая, фармацэўтычная, паліграф., тэкст., швейная, харчасмакавая (вытв-сць шакаладу і інш. кандытарскіх вырабаў, він і лікёраў). Ун-т (з 1405). Кансерваторыя. Н.-д. цэнтр «ФІАТ». Музеі: Антычнага мастацтва, стараж. зброі «Арсенал», археал., Егіпецкі (егіпецкія старажытнасці) і інш. Міжнар. аўтамаб. салон, міжнар. салон тэхнікі. Цэнтр італьян. моды.

У старажытнасці паселішча племя таўрынаў, пры імператару Аўгусце — рым. калонія, у 6—7 ст. — цэнтр Лангабардскага герцагства. З канца 8 ст. ў складзе дзяржавы Каралінгаў, цэнтр графства, маркізата. У 1136 у Т. ўсталявалася камуна. У 13 ст. адышоў да Савоі. У 1536—62 акупіраваны французамі. З 1563 Т. — сталіца Савойскага герцагства. У 16—18 ст. горад хутка развіваўся (у 1750—30 тыс. чал., у канцы 18 ст. — 90 тыс. чал.). У 1720—1860 (з перапынкамі) — сталіца Сардзінскага каралеўства, у 1861—65 — сталіца Італьян. каралеўства. Пасля пераносу ў 1865 сталіцы ў Фларэнцыю страціў паліт. значэнне. Хутка эканамічна развіваўся ў 19 ст. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ў 1943 ням.-фаш. войскамі, адзін з цэнтраў руху Супраціўлення. У пач. 1945 вызвалены італьян. партызанамі.

У аснове прамавугольнай горадабуд. структуры Т. — планіроўка стараж.-рым. ваен. лагера. Сярод помнікаў: рэшткі стараж.-рым. муроў і т-ра, гатычны касцёл Сан-Даменіка (14 ст.), рэнесансавы сабор (15 ст.) з барочнай капліцай Сан-Сіндоне (месца захоўвання т.зв. Турынскай плашчаніды; 1668—94, арх. Г.​Гварыні), рэшткі цытадэлі, касцёлы Сан-Далмаца. Сан-Агасціна, Сан-Тамаза (усе 16 ст.), замак (17 ст.); барочныя пабудовы паводле праектаў Гварыні — касцёлы Сан-Ларэнца (1668—87), Сан-Філіпа Неры (з 1675; 18, 19 ст.), Сан-Андрэа, Санта-Марыя дэла Кансалата (абодва 1679—1705) з кампанілай 11 ст., Палацца Карыньяна (з 1679). Вылучаюцца палацца Мадама (13, 15 ст.; фасад 1718, арх. Ф.​Ювара), Рэале (17 ст.) і інш. Асаблівую імпазантнасць цэнтру горада надаюць плошчы і праспекты 17—20 ст. (П’яцца Сан-Карла, 1638, арх. К. ды Кастэламонтэ; перабудова гал. вул. Вія Рома, 1931—37, арх. М.​П’ячэнціні і інш.). Каля Т. познабарочны касцёл і маўзалей Савойскай дынастыі — Суперга (1714—31) і палац Ступініджы (1729—33, абодва арх. Ювара).

Н.​К.​Мазоўка.

Турын. Касцёл Суперга.

т. 16, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)