горад на Пн Італіі, каля ўпадзення р. Дора-Рыпарыя ў р. По. Адм. ц. вобласці П’емонт і прав. Турын. Каля 1 млн.ж., з прыгарадамі каля 1,2 млн.ж. (2001). Буйны вузел чыгунак і аўтадарог перад альпійскімі пераваламі. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл. і культ. цэнтр краіны. У прам-сці дамінуе буйнейшы ў Італіі індустр. комплекс канцэрна «ФІАТ». Галіны прам-сці: прыладабуд., вытв-сцьс.-г. машын, вырабаў дакладнай механікі і оптыкі, радыёэлектронная, ваенная, чорная і каляровая электраметалургія, хім., гумавая, фармацэўтычная, паліграф., тэкст., швейная, харчасмакавая (вытв-сць шакаладу і інш. кандытарскіх вырабаў, він і лікёраў). Ун-т (з 1405). Кансерваторыя. Н.-д. цэнтр «ФІАТ». Музеі: Антычнага мастацтва, стараж. зброі «Арсенал», археал., Егіпецкі (егіпецкія старажытнасці) і інш.Міжнар.аўтамаб. салон, міжнар. салон тэхнікі. Цэнтр італьян. моды.
У старажытнасці паселішча племя таўрынаў, пры імператару Аўгусце — рым. калонія, у 6—7 ст. — цэнтр Лангабардскага герцагства. З канца 8 ст. ў складзе дзяржавы Каралінгаў, цэнтр графства, маркізата. У 1136 у Т. ўсталявалася камуна. У 13 ст. адышоў да Савоі. У 1536—62 акупіраваны французамі. З 1563 Т. — сталіца Савойскага герцагства. У 16—18 ст. горад хутка развіваўся (у 1750—30 тыс.чал., у канцы 18 ст. — 90 тыс.чал.). У 1720—1860 (з перапынкамі) — сталіца Сардзінскага каралеўства, у 1861—65 — сталіца Італьян. каралеўства. Пасля пераносу ў 1865 сталіцы ў Фларэнцыю страціў паліт. значэнне. Хутка эканамічна развіваўся ў 19 ст. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ў 1943 ням.-фаш. войскамі, адзін з цэнтраў руху Супраціўлення. У пач. 1945 вызвалены італьян. партызанамі.
У аснове прамавугольнай горадабуд. структуры Т. — планіроўка стараж.-рым.ваен. лагера. Сярод помнікаў: рэшткі стараж.-рым. муроў і т-ра, гатычны касцёл Сан-Даменіка (14 ст.), рэнесансавы сабор (15 ст.) з барочнай капліцай Сан-Сіндоне (месца захоўвання т.зв. Турынскай плашчаніды; 1668—94, арх. Г.Гварыні), рэшткі цытадэлі, касцёлы Сан-Далмаца. Сан-Агасціна, Сан-Тамаза (усе 16 ст.), замак (17 ст.); барочныя пабудовы паводле праектаў Гварыні — касцёлы Сан-Ларэнца (1668—87), Сан-Філіпа Неры (з 1675; 18, 19 ст.), Сан-Андрэа, Санта-Марыя дэла Кансалата (абодва 1679—1705) з кампанілай 11 ст., Палацца Карыньяна (з 1679). Вылучаюцца палацца Мадама (13, 15 ст.; фасад 1718, арх. Ф.Ювара), Рэале (17 ст.) і інш. Асаблівую імпазантнасць цэнтру горада надаюць плошчы і праспекты 17—20 ст. (П’яцца Сан-Карла, 1638, арх. К. ды Кастэламонтэ; перабудова гал. вул. Вія Рома, 1931—37, арх. М.П’ячэнціні і інш.). Каля Т. познабарочны касцёл і маўзалей Савойскай дынастыі — Суперга (1714—31) і палац Ступініджы (1729—33, абодва арх. Ювара).