эцю́днік, -а, мн. -і, -аў, м.

Спецыяльная плоская скрынка з прыладамі для жывапісу, малявання і месцам для захоўвання эцюдаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

эцю́днік

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. эцю́днік эцю́днікі
Р. эцю́дніка эцю́днікаў
Д. эцю́дніку эцю́днікам
В. эцю́днік эцю́днікі
Т. эцю́днікам эцю́днікамі
М. эцю́дніку эцю́дніках

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

эцю́днік м., жив. этю́дник

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

эцю́днік, ‑а, м.

1. Плоская скрынка, з якой ходзяць на эцюды. Андрэй хуценька сабраў эцюднік, захапіў з сабою кавалак грунтаванага палатна і памчаў на веласіпедзе за горад. Кандрусевіч. На плячы быў у хлопца зацёганы На раменьчыку вузкім эцюднік. Лойка. // Папка для захоўвання эцюдаў.

2. Невялікая дошка, на якую жывапісец прымацоўвае паперу, палатно і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

этю́дник жив. эцю́днік, -ка м.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

sketchbook [ˈsketʃbʊk] n.

1. альбо́м для замалёвак, эцю́днік

2. ната́тнік

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

мальбе́рт, ‑а, М ‑рце, м.

Падстаўка, на якую кладзецца падрамнік з палатном або папера для работы мастака над карцінай. Мастак выбраў зручнае месца каля пуні, устанавіў свой мальберт, разлажыў на мокрай траве раскрыты эцюднік з фарбамі і пэндзлямі. В. Вольскі.

[Ад ням. Malbrett.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

малява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., каго-што і без дап.

1. Рысаваць фарбамі. Маляваць партрэт. □ Кожны дзень у час вячэрні Малявалі дзве рукі: Бацька пэндзлем у майстэрні, Сын алоўкам. Мастакі! Галіноўская. Андрэй расчыніў эцюднік, пачаў маляваць. Кандрусевіч.

2. Тое, што і рысаваць. Максім сядзеў нахіліўшыся і задумліва маляваў галінкай на пяску нейкія адмысловыя фігуры. Шамякін. Мама пачала прыбіраць у пакоі, а я маляваў каляровымі алоўкамі самалёт і нашага лётчыка з залатой зорачкай і ордэнамі на грудзях. Бяганская.

3. Разм. Фарбаваць. Маляваць плот. Маляваць падлогу. // Фарбаваць, падводзіць фарбамі твар (губы, бровы, вейкі). Авяліна, паставіўшы перад сабой люстэрка, малявала бровы. Бажко.

4. перан. Расказваць пра што‑н., апісваць што‑н.; уяўляць. [Багушэвіч] не проста малюе карціны сялянскага жыцця, а выбірае якраз тыя, дзе можна найлепей выявіць трагізм існавання сялянскага класа. Навуменка. Помніце мінулую восень? Як толькі не малявалі яе ў вершах?. І багатая. І залатая. І шчаслівая. І радасная. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палатно́, ‑а; мн. палотны, палотнаў, палацён і палоцен; н.

1. Гладкая льняная тканіна асобага перапляцення (звычайна белая), а таксама баваўняная, шаўковая ці сінтэтычная тканіна падобнага перапляцення. Кужэльнае палатно. Зрэбнае палатно. Штапельнае палатно. □ Маці кужаль прала пры лучыне. На расе маёвай палатно бяліла. Барадулін. Вольга падала.. [Зараніку] чысты ручнік з грубаватага льнянога палатна. Хадкевіч. // Сувой такой тканіны. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі схаваны яе лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пяцёркі. Колас.

2. Вялікі шырокі кавалак якой‑н. тканіны. Насупроць дзвярэй.. стаяў стол, накрыты чырвоным палатном. Асіпенка. // Пра вялікі ліст паперы і пад. Папяровае палатно трапляе на сушыльную частку машыны, дзе яно высыхае, разгладжваецца і накручваецца на вал. Рунец. // У жывапісе — кавалак матэрыі палатнянага перапляцення, на якім пішуцца карціны (звычайна алейнымі фарбамі). Зіна больш не працавала на пякарні. Яна ад раніцы да ночы размешвала фарбы і нацягвала палатно на падрамнікі. Нядзведскі. Мастак, чалавек ужо немалады, невысокі і лысы, вязе з сабою вялізнае палатно, нацягнутае на раму, мальберт і эцюднік з пэндзлямі і фарбамі. В. Вольскі.

3. Карціна мастака (звычайна на матэрыі асобага перапляцення). Джордж Лоўрэнс у гэты час быў даволі прыкметнай велічынёй сярод чыкагскіх мастакоў. Яго палотны мелі поспех на апошняй выстаўцы. Васілевіч. // Пра літаратурны або музычны твор, які дае шырокую карціну чаго‑н. Сцэнарый [фільма] ўяўляе сабой шырокае эпічнае палатно. Б. Стральцоў.

4. Праезная паверхня дарогі; дарожны насып. Шаша была мёртвай. Яе пакарабачаная пасля зімы палатно, здавалася, правісала між двух узгоркаў. Асіпенка. Пешаходнай сцяжынкі ля дарогі няма, ісці па палатне дарогі небяспечна — могуць забіць ці знявечыць машыны. Новікаў. // Чыгуначная лінія, насып чыгункі. Праз шкляныя дзверы балкона відаць вакзал і палатно чыгункі. Сяргейчык. Паабапал чыгуначнага палатна цягнуўся рэдкі жухлы хмызняк. Васілёнак.

5. Спец. Паласа, стужка, якая складае частку пэўнага механізма. Палатно транспарцёра.

6. Спец. Плоская тонкая частка якога‑н. інструмента, прылады. Тонка і працяжна звініць цыркулярка, самавіта шастаюць палотны піларамы. Ракітны. Перахапіў [Толік] далонню палатно касы на сярэдзіне, каб лягчэй было падтачыць, і — ужо глушэй азвалася рэха: Шах! Шах! Шах! Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)