ЦУКЕРМА́Н Веньямін Аронавіч (15.7.1913, г. Віцебск — 25.2.1993),

расійскі фізік і вынаходнік. Д-р фіз.-матэм. н., праф. (1956). Герой Сац. Працы (1976). Скончыў Маскоўскі машынабуд. ін-т (1936). Працаваў у спец. н.-д. установах Масквы і Казані. З 1947 у ядз. цэнтры КБ-11 (г. Арзамас-16, цяпер г. Сароў). Навук. працы па вывучэнні працэсаў выбуху і дэтанацыі. Адзін з ініцыятараў выкарыстання знешняй імпульснай крыніцы нейтронаў у канструкцыях ядз. зарадаў. Удзельнік распрацоўкі і ўдасканалення сав. ядз. зброі. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1953, 1962.

Тв.:

Люди и взрывы. Арзамас-16, 1994 (разам з З.​М.​Азарх).

Літ.:

Попов Ф. Атомную бомбу делали и наши земляки // Бел. гіст. часоп. 2000. № 4.

Ф.​Дз.​Папоў.

т. 17, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦУКЕРМА́Н Сямён (Саламон) Тобіясавіч (1902, г. Віцебск — 1988),

расійскі канструктар-распрацоўшчык сістэм прыцэльвання. Скончыў Ленінградскі тэхнал. ін-т (1926). З 1930 ва Усесаюзным аб’яднанні оптыка-мех. прам-сці (нач. КБ, тэхн. дырэктар доследнага КБ), з 1936 гал. канструктар Дзярж. аптычнага ін-та (Ленінград). У 1937—42 і з 1947 у Ленінградскім ін-це дакладнай механікі і оптыкі (праф., у 1947—72 заг. кафедры). У 1942—47 заг. кафедры Маскоўскага вышэйшага вучылішча. Навук. працы па дакладным прыладабудаванні, канструяванні і юсціроўцы оптыка-электронных прылад. Распрацаваў шэраг прыцэльных прыстасаванняў для зенітнай і авіяц. артылерыі. Адзін са стваральнікаў серыйнага авіяц. гіраскапічнага прыцэла для знішчальнікаў «МіГ», мех. ракурснага прыцэла для дробнакалібернай зенітнай артылерыі.

Тв.:

Точные механизмы: Основания теории, расчет и конструкция. Ч. 1—2. М., 1941;

Управление машинами при помощи оптического луча. Л., 1969 (разам з А.​С.​Грыдзіным).

М.​М.​Касцюковіч.

В.А.Цукерман.

т. 17, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Цукерман В. 3/511

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Цукерман А. (член ЦК КСМЗБ) 11/150

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Цукерман А. Я. 9/537

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ШАДУ́РСКІ (Szadurski) Станіслаў (18.9.1726, каля г. Даўгаўпілс, Латвія — 1789),

бел. і польскі філосаф. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах Вільні і Оршы. Выкладаў грэч. і лац. мовы ў Вільні і Варшаве. У 1752 накіраваны Віленскім ун-там у Парыж вывучаць тэалогію, філасофію, прыродазнаўства і матэматыку. З 1757 выкладаў філасофію ў Варшаўскім шляхецкім калегіуме, у 1759—62 праф. філасофіі Навагрудскага калегіума. У навагрудскі перыяд напісаў і апублікаваў свае найб. значныя філас. творы. Асн. працы — «Прынцыпы філасофіі мыслення і адчування» (1758), «Зачаткі разважанняў у розных дыялогах, а таксама практыкаванняў па логіцы, этыцы і метафізіцы» (1760), «Філасофскія азначэнні агульнай фізікі, выказаныя публічна аўтарам» (1761), «Фізіка, або Філасофія прыроды» (не апубл.). У 1762—65 прыдворны капелан мінскага ваяводы, праф. тэалогіі і царк. права ў Гродне (1768—70) і Браневе (1770—71). Паводле Ш., у тэорыі пазнання неабходна гарманічна спалучаць рацыяналізм і эмпірызм, а гал. крытэрыем ісціны павінна быць відавочнасць; пры гэтым ён не адмаўляў ролю гіст. аўтарытэту, веры і думкі. У галіне фармальнай логікі Ш. разглядаў традыц. для схаластыкі аперацыі розуму (паняцце, суджэнне і вывад), пытанні тэорыі дэдуктыўнага разважання (сілагістыка), семантыкі лагічнай і аналогіі выказванняў. Як прыхільнік эклектычнай філасофіі, лічыў магчымым карыстацца рознымі філас. сістэмамі і запазычваць з іх тое, што ўяўлялася яму дакладным і не выклікала сумнення. У вырашэнні праблемы суадносін матэрыі і свядомасці падзяляў дуалізм Р.​Дэкарта, адначасова спрабаваў аб’яднаць яго вучэнне аб прыроджаных ідэях са схаластычным палажэннем аб інтэлектуальным пазнанні. Асаблівай увагі заслугоўваюць яго рацыянальна-эмпірычны погляд на прыродазнаўства, спробы вытлумачыць рэліг. догматы з дапамогай законаў механікі, дынамікі, статыкі, оптыкі і інш.

Тв.:

Философские положения по общей физике // Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн. 1991.

Літ.:

Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971;

Цукерман А.Я. Философская мысль в Белоруссии середины XVIII в. Мн., 1980;

Асветнікі зямлі Беларускай: Энцыкл. давед. Мн., 2001.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 17, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРУ́ЛЬСКІ (Skorulski) Антоній Адам (22.11.1715, Жамойць — 28.1.1777),

філосаф, асветнік. З 1730 чл. ордэна езуітаў, у 1742 пасвячоны ў ксяндза. Выкладаў філасофію, гісторыю і геаграфію ў езуіцкіх навуч. установах Латвіі і Літвы. Рэктар калегіумаў у Навагрудку (1760—64) і Коўне (1764—66), у 1766—72 правінцыял літоўскі (кіраўнік Літ. правінцыі ордэна). Рэктар Віленскай акадэміі (1772—74; з 1803 Віленскі ун-т). Пасля скасавання ордэна езуітаў (1773) заставаўся белым ксяндзом, з 1775 канонік віленскі. У адзіным творы С. «Каментарыі па філасофіі, або логіцы, гэта значыць метафізіцы, агульнай і спецыяльнай фізіцы» (1755) выкладзены асн. філас. сістэмы Новага часу і адкрыцці ў прыродазнаўстве, прыведзены каштоўныя звесткі па астраноміі, механіцы і інш. галінах ведаў. Лічыў, што існуе толькі адзін свет, а не мноства; ён абмежаваны пэўнымі межамі сваёй велічыні, заснаванай у пэўны час. Адмаўляў асн. палажэнні вучэння М.​Каперніка, тэорыі першасных і другасных якасцей, атамізму. Гнасеалагічныя погляды С. знаходзіліся пад уплывам сенсуалізму. Паводле С., пазнанне рэчаіснасці пачынаецца з уздзеяння аб’екта на органы пачуццяў; любое адчуванне ўключае 3 элементы: орган пачуццяў, уздзеянне, якое робіцца на яго, і здольнасць да ўспрымання гэтага ўздзеяння. Крытыкаваў тэорыю прыроджаных ідэй і інтуітыўнага пазнання, перасцерагаў ад легкадумнага, некрытычнага адмаўлення ўсялякай новай ідэі без папярэдняга апрабавання яе розумам. Даследаваў праблему лагічнага метаду ў непарыўнай сувязі з традыц. аперацыямі розуму (паняцце, суджэнне і вывад); пры гэтым лагічны метад падзяляў на сінтэтычны, з дапамогай якога пазнанне рухаецца ад простага да складанага, ад частак да цэлага, ад прычыны да выніку, і аналітычны, пры дапамозе якога розум вяртаецца ад складанага да простага, ад усеагульнага да адзінкавага.

Тв.:

Рус. пер. — Комментарии по философии, или логике, то есть метафизике, общей и специальной физике. Вильна, 1755 // Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991.

Літ.:

Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971;

Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;

Цукерман А.Я. Философская мысль в Белоруссии середины XVIII в. Мн., 1980.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 14, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)