хан Залатой Арды, заснавальнік Казанскага ханства. Унук Тахтамыша. У 1419—23 змагаўся за валоданне Узбекскім улусам, пацярпеў паражэнне, у 1423 уцёк у Балгарыю Волжска-Камскую. У 1426 з дапамогай вял. князя ВКЛВітаўта захапіў золатаардынскі прастол. З-за міжусобнай барацьбы ў 1437 вымушаны шукаць прытулак у г. Бялёў (цяпер у Тульскай вобл. Расіі). У 1438 пасяліўся са сваёй ардой на сярэдняй Волзе, дзе заснаваў Казанскае ханства. У 1439 і 1444—45 рабіў паходы на рус. землі. У 1445 разбіў маскоўскія войскі на р.
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
ЧЫСЦЯКО́Ў Іван Міхайлавіч (27.9.1900, в. Атрубніва Кашынскага р-на Цвярской вобл., Расія — 7.3.1979),
Герой Сав. Саюза (1944), ген.-палк. (1944). У Чырв. Арміі з 1918. Скончыў кулямётную школу (1920), курсы «Выстрал» (1927), Вышэйшыя акад. курсы пры ваен. акадэміі Генштаба (1949). У Вял.Айч. вайну з 1941 камандаваў брыгадай, дывізіяй, корпусам, арміяй на Зах., Паўн.-Зах., Калінінскім, Паўд.-Зах., Данскім, Варонежскім, 2-м і 1-м Прыбалт. франтах. 6-я армія на чале з Ч. вызначылася ў 1944 пры вызваленні Віцебскай вобл.: 23 чэрв. прарвала варожую абарону ў Сіроцінскім р-не, захапіла плацдарм, 24—25 чэрв. дасягнула Зах. Дзвіны, вызваліла Улу, Ушачы, адрэзала віцебскую групоўку ворага ад полацкай і 4 ліп. вызваліла Полацк. Удзельнік вайны з Японіяй 1945. Да 1968 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕШАНКО́ВІЧЫ,
гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл., прыстань на Зах. Дзвіне. За 51 км ад Віцебска, 38 км ад чыг. ст. Чашнікі на лініі Орша—Лепель. Вузел аўтадарог на Віцебск, Шуміліна, Улу, Лепель, Чашнікі, Сянно. 9,1 тыс.ж. (1995).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1447 (паводле А.П.Сапунова) або 1460 (паводле В.В.Турчыновіча). З пач. 16 ст. вёска Бешанковічы ўваходзіла ў Полацкае ваяв. З пач. 17 ст. мястэчка, з 1634 мелі магдэбургскае права. Са стараж. часоў вядома бешанковіцкая кераміка. З сярэдзіны 18 ст. Бешанковічы — горад, 5—6 тыс.ж. У канцы 18 ст. мястэчка ў Лепельскім пав. Паводле перапісу 1897 у Бешанковічах 4423 ж. У пач. 20 ст. цэнтр воласці. З крас. да вер. 1918 цэнтр Бешанковіцкага пав. З 1924 цэнтр раёна у Віцебскай акр. (да 1930), з 27.9.1938 гар. пасёлак у Віцебскай вобл. 4,3 тыс.ж. (1939). З 6.7.1941 да 25.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Бешанковічах і раёне 10 276 чал. У 1969 — 4,7 тыс.ж.
Прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці. Бешанковіцкі гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Бешанковіцкі палацава-паркавы ансамбль, Бешанковіцкая Ільінская царква. Курган Славы на ўшанаванне памяці сав. воінаў, партызанаў і землякоў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Брацкая магіла сав. воінаў, магілы ахвяраў фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальнае ўладанне ў ВКЛ на землях вакол Лукомскага воз. Цэнтр — Лукомль. На думку гісторыка Л.В.Аляксеева, Л.к. магло ўзнікнуць як адзін з удзелаў Полацкай зямлі ў 12—13 ст., але ў тагачасных крыніцах не названы ніводны князь з яго ўладальнікаў. Верагодна, яно было падаравана кімсьці з вял.кн. літоўскіх заснавальніку роду князёў Лукомскіх у сярэдзіне — 2-й пал. 14 ст. У 2-й трэці 15 ст. значная частка княства зноў трапіла ва ўласнасць вял. князя або ў выніку згасання адной з галін князёў Лукомскіх, або праз канфіскацыю часткі іх уладанняў за падтрымку кн. Свідрыгайлы ў час яго барацьбы з Жыгімонтам Кейстутавічам. Гэта частка Л.к. была тады ж раздадзена інш. феадалам: паны Саковічы атрымалі Улу, Боліна і Свяда ў міжрэччы Улы і Эсы, паны Кезгайлы — землі ў вярхоўях Эсы, дзе пазней узнік маёнтак Халопенічы. Напэўна, тады ж Цяпіна стала цэнтрам маёнтка Амельяновічаў, а Чарэя — паноў Чарэйскіх. Рэшта княства з маёнткамі Лукомль, Гарадзец, Мялешкавічы, Шчыдуты, Пірошыцы і інш. засталася ва ўладанні князёў Лукомскіх. У выніку падзелаў паміж імі раздрабілася і фактычна перастала існаваць як адзінае цэлае ўжо ў 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УША́ЧЫ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Ушацкага р-на Віцебскай вобл., на р. Ушача (бас.р.Зах. Дзвіна). Вузел аўтадарог на Мінск, Віцебск, Полацк, Лепель, Улу. За 150 км на З ад Віцебска, 36 км ад чыг. ст. Лепель. 6,1 тыс.ж. (2002).
Вядомы з 16 ст. як сяло ў Полацкім ваяв., уладанне А.Сялявы і яго сыноў. З 1594 цэнтр воласці. З 1624 уладанне полацкага стольніка Ю.Кляноўскага. У 1667 меліся прыстань, царква, манастыр, карчма, 2 кірмашы на год. З 1672 маёмасць Д.Радзімінскага-Францкевіча, пабудаваны манастыр базыльян. У 17—18 ст. У. належалі Шчытам, Жабам, Плятэрам. У 1716 падваявода полацкі У.Жаба заснаваў касцёл і дамініканскі кляштар. У 1758 У. атрымалі магдэбургскае права і герб (выява св. Лаўрэна ў белым полі каля залатой ракі). З 1776 цэнтр ч. Полацкага ваяв., што засталася ў Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі, заштатны горад, мястэчка, да 1805 — цэнтр Лепельскага пав., потым воласці ў Віцебскай губ. У 1880 ва У. вінакурны з-д, вадзяны млын, 2 царквы, касцёл, 18 крам, 3 яўр. малітоўныя школы; у 1890 адкрыта царк.-прыходская школа. У 1897—1268 ж., 170 дамоў, гарбарны і паташны з-ды, вадзяны млын, лячэбніца, аптэка, 2 заезныя дамы, 16 крам, 8 шынкоў. З 1919 у складзе РСФСР, з 1924 у БССР, цэнтр Ушацкага раёна Полацкай (да 1930), потым Лепельскай (1931—38) акруг. З 1938 гар. пасёлак Віцебскай вобл. У Вял.Айч. вайну з 3.7.1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў гар. пасёлку 735 чал. Дзейнічала Ушацкае патрыятычнае падполле. У канцы вер. 1942 партызаны разграмілі ва У. варожы гарнізон (гл.Ушацкі бой 1942), вызвалілі ад гітлераўцаў Ушацкі і суседнія з ім раёны, у выніку была ўтворана Ушацкая, пазней Полацка-Лепельская партызанская зона. Са снеж. 1943 да крас. 1944 ва У. дыслацыраваліся штабы Полацка-Лепельскай аператыўнай групы ЦККП(б)Б і БШПР, партыз. брыгады імя Чапаева, размяшчалася падп. друкарня. У 1944—54 у Полацкай, з 1954 у Віцебскай абласцях. У 1962—66 у Лепельскім р-не. У 1969—2459 жыхароў.
Працуюць ільно- і агароднінасушыльны з-ды, прамкамбінат «Універсал», лясгас. Сярэдняя, спарт. і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Свята-Мікалаеўская царква. Ушацкі музей народнай славы. Брацкія могілкі партызан, падпольшчыкаў і сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. На ўсх. ускраіне У. гарадзішча днепра-дзвінскай культуры і ранняга феадалізму (11—13 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УША́ЦКІ РАЁН.
Размешчаны ў цэнтр. частцы Віцебскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 20, 4 тыс.чал. (2002), гарадскога 29,9%.
Сярэдняя шчыльнасць 14 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Ушачы. Раён уключае 260 сельскіх населеных пунктаў, 10 сельсаветаў: Вялікадалецкі, Вяркудскі, Глыбачанскі, Дубраўскі, Жарскі, Кубліцкі, Лутаўскі, Мосарскі, Сарочынскі, Селішчанскі.
Большая ч.тэр. раёна ў межах Ушацка-Лепельскага ўзвышша, паўн.-ўсх. — у межах Полацкай нізіны. Паверхня пераважна пласкахвалістая, на З — узгорыстая, характэрны озы і камы, рэзкія ваганні адносных вышынь каля шматлікіх азёрных і балотных катлавін; 65% яе на выш. 150—200 м, 30% паверхні ніжэй за 150 м. Найвыш. пункт 238 м (каля в. Гушчынская Слабодка). Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны, сапрапель, торф. Сярэдняя т-растудз. -7,3 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 619 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. Найб.р.Зах. Дзвіна і яе прыток Ушача, праз сістэму азёр цячэ р. Дзіва. Агульная даўжыня асушальнай сеткі 4,4 тыс.км, у т. л. Прабойная канава. Пад азёрамі каля 10% пл. раёна. Найб. азёры ўваходзяць ва Ушацкую групу азёр (Чарсцвяцкае, Павульскае, Атолава, Паўазер’е, Бярозаўскае, Крывое, Вяркудскае). Глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (60%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (15,3%), тарфяна-балотныя (13,9%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (10,6%); 12,7% ворных зямель завалунена. Пад лесам 41% тэр. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, яловыя, шэраальховыя; трапляюцца чорнаальховыя, асінавыя, ясянёвыя, таксама дубровы. Пад балотамі 0,5% тэр.Найб. балотны масіў Выдрыца. Заказнік рэсп. значэння гідралагічны Крывое; мікразаказнікі мясц. значэння біял. Глыбачанскі і Чарсцвяцкі. Помнікі прыроды рэсп. значэння — валуны каля в. Глыбачка, Сарочына; мясц. значэння — крыніцы каля воз. Баркоўшчына.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 35,1 тыс.га (23,4%), з іх асушаных 10,5 тыс.га (7%). На 1.1.2002 у раёне 11 калгасаў, 7 саўгасаў, 3 фермерскія гаспадаркі.
Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, лёну, караняплодаў, сеяных траў і бульбы. Прадпрыемствы прам-сці: харч. (хлеба-булачныя і малочныя вырабы, сушаная агародніна, сухафрукты, мінер. вада «Вечалле», безалкагольныя напіткі і інш.), першаснай апрацоўкі лёну, дрэваапр. (піламатэрыялы); ветсанутыльзавод, лясгас. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Полацк—Мінск, з г.п. Ушачы на Полацк, Лепель, Докшыцы, Улу і інш. У раёне 10 сярэдніх, 9 базавых, 1 муз. школа, 1 школа мастацтваў, раённы цэнтр пазашкольнай працы, 20 дашкольных устаноў, 23 клубы, 25 б-к, 4 бальніцы, 1 паліклініка, 3 амбулаторыі, 19 фельч.-ак. пунктаў; пансіянат «Лясныя азёры». Ушацкі музей народнай славы імя У.Е.Лабанка, хата-музей Петруся Броўкі ў в. Пуцілкавічы. Помнікі архітэктуры — сядзіба (сярэдзіна 19 ст.) у в. Арэхаўна, касцёл і кляштар бернардзінцаў (1726) у в. Селішча; помнік гісторыі — мемарыяльны комплекс «Прарыў». Выдаецца газ. «Патрыёт».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВО́НСКАЯ ВАЙНА́ 1558—83, Інфлянцкая вайна,
вайна Маскоўскай дзяржавы з Лівонскім ордэнам, Вялікім княствам Літоўскім, Рэччу.Паспалітай (з 1569) і Швецыяй за Лівонію (Інфлянты). Пачалася ў студз. 1558 па ініцыятыве цара Івана IV Грознага, які спадзяваўся праз Лівонію здабыць сваёй дзяржаве шырокі выхад да Балтыйскага м. Да восені 1558 маскоўскія войскі авалодалі тэр.Усх. Эстоніі з гарадамі Нарва і Дэрпт (цяпер Тарту), у пач. 1559 (да перамір’я ў сак.) прарываліся да Рыгі і ў Курляндыю. 31.8.1559 Лівонскі ордэн падпісаў у Вільні пагадненне аб пераходзе пад пратэктарат ВКЛ. Праз месяц да пагаднення далучылася Рыжскае арцыбіскупства. Вял. князь ВКЛЖыгімонт II Аўгуст увёў свае войскі ў лівонскія замкі ўздоўж р.Зах. Дзвіна. У пач. 1560 маскоўскія войскі аднавілі ваен. дзеянні. 2 жн. ў бітве пры Эрмесе (цяпер Эргеме, Латвія) яны разбілі лепшыя ордэнскія сілы, да восені авалодалі гал. ўмацаваннямі Лівоніі, акрамя Рыгі і Рэвеля (цяпер Талін). Гэта прымусіла Лівонскі ордэн падпісаць 28.11.1561 у Вільні 2-е пагадненне, паводле якога ордэнскія ўладанні ў Лівоніі перайшлі пад уладу ВКЛ, а магістр ордэна Г.Кетлер стаў васалам Жыгімонта II Аўгуста. У лют. 1562 да дагавора далучылася Рыжскае арцыбіскупства. Горад Рыга да 1581 заставаўся незалежным. 5.3.1562 фармальна спыніў існаванне Лівонскі ордэн, які фактычна распаўся ў 1560—61: у 1561 тэр.Паўн. Эстоніі перайшла пад уладу Швецыі, а Пн Курляндыі і в-аў Эзель (Саарэмаа) з прылеглымі а-вамі Маандзунскага архіпелага яшчэ ў 1560 сталі ўладаннем Даніі. У пач. 1562 маскоўскія войскі разгарнулі ваен. дзеянні супраць ВКЛ, падышлі да Шклова, Копысі, Оршы, Дуброўны і Віцебска. У адказ войскі ВКЛ правялі рэйд па Смаленшчыне і пад Веліж. 15.2.1563 больш як 60-тысячная (з 200 гарматамі) армія Івана IV прымусіла да капітуляцыі гарнізон Полацка, які 2 тыдні гераічна трымаў абарону. Гаспадарская рада ВКЛ заключыла перамір’е з царом, прадоўжанае да ліст. 1563. Перагаворы ў Маскве, якія вялі ў канцы 1563 паслы ВКЛ Ю.Хадкевіч і Р.Валовіч, спыніліся безвынікова, бо Іван IV згаджаўся на працяглае перамір’е толькі пры ўмове захавання пад яго ўладай Лівоніі і Полаччыны. У студз. 1564 ваен. дзеянні аднавіліся. 26 студз. ў бітве пад Улай 24-тысячная групоўка кн. П.Шуйскага, што выйшла з Полацка, была разгромлена гетманам ВКЛ М.Радзівілам, у выніку чаго паспешліва адступілі да Смаленска і войскі братоў кн. Сярэбраных (каля 50 тыс.чал.). У далейшым ваен. дзеянні насілі ў асн. лакальны характар. Увосень 1564 войскі ВКЛ няўдала асаджалі Полацк, у адказ на захоп маскоўскімі войскамі Езярышча зрабілі паход пад Вял. Лукі, а вясной 1565 — на Пскоўшчыну. У жн. 1565 вайна была перапынена, перагаворы ў Маскве (чэрв. 1566) скончыліся пагадненнем аб перамір’і да восені 1567. Земскі сабор 1566 падтрымаў намер Івана IV і далей ваяваць за Прыбалтыку. У 1567 аднавіліся лакальныя баявыя дзеянні. Корпус войск ВКЛ паспяхова хадзіў на Смаленшчыну, пад Лепелем былі разбіты фарміраванні царскіх стральцоў, а ў вер. 1568 войскі ВКЛ штурмам узялі замак Улу. Маскоўскія ваяводы ў 1566—69 умацоўвалі Полацк, пабудавалі крэпасці Сушу, Сокал, Сітна, Красны, Казьян, Туроўлю, Усвят. У 1568 шведскім каралём стаў Ян III — швагер Жыгімонта II Аўгуста. У выніку пачалася вайна Маскоўскай дзяржавы са Швецыяй. Цяжар Л.в. падштурхнуў шляхту ВКЛ да дзярж. уніі з Польшчай. Пасля падпісання акта Люблінскай уніі 1569 і стварэння Рэчы Паспалітай вайна з Маскоўскай дзяржавай стала агульнай для ВКЛ і Польшчы. У канцы 1569 у Маскву прыехала супольнае пасольства (ад Польшчы Я.Карташынскі, ад ВКЛ мінскі кашталян М.Тальваш). 22.7.1570 падпісаны трактат аб трохгадовым перамір’і на ўмовах захавання за кожнай дзяржавай падкантрольных ёй на той момант зямель. У 1571—72 асн.ваен. сілы Маскоўскай дзяржавы былі адцягнуты на барацьбу з нашэсцямі крымскіх татар. У пач. 1573, скарыстаўшы ўнутр. праблемы Рэчы Паспалітай пасля смерці 7.7.1572 Жыгімонта II Аўгуста (фактычнае міжкаралеўскае безуладдзе 1572—75, вайна з Гданьскам 1576—77), Іван IV аднавіў вайну у Прыбалтыцы. 1.1.1573 яго войскі ўзялі апорны пункт шведаў у Эстоніі Вейсенштэйн (цяпер Пайдэ), на тэрыторыі, падначаленай Рэчы Паспалітай, у 1575 занялі Пернаў (цяпер Пярну, Эстонія), а ў 1577 — б. рэзідэнцыю вял. магістраў Лівонскага ордэна Вендэн (цяпер Цэсіс, Латвія). Абраны ў 1575 каралём Рэчы Паспалітай Стафан Баторый сабраў у 1579 значнае войска (41 тыс.чал.), на чале якога 30.8.1579, пераадолеўшы амаль трохтыднёвае супраціўленне маскоўскага гарнізона, авалодаў Полацкам. На працягу лета і восені 1579 войскі Рэчы Паспалітай узялі крэпасці Казьян, Красны, Сокал і інш. У 1580 яны ўварваліся на тэр. Маскоўскай дзяржавы, у вер. захапілі Вял. Лукі, зрабілі напады на Холм і Старую Русу. У тым жа годзе шведы захапілі ў Карэліі крэпасць Карэла, а ў 1581 — Нарву, Івангорад, Ям, Капор’е, асадзілі Арэшак. У час перагавораў у Вільні (1581) Стафан Баторый адмовіўся ад перамір’я, прапанаванага яму пасламі Івана IV, і ў ліп. 1581 з раёна Полацка пачаў свой 3-і паход. 26.8.1581 войскі Рэчы Паспалітай аблажылі Пскоў, гарнізон і жыхары якога больш за 5 месяцаў гераічна абараняліся, адбілі 30 штурмаў. 13.12.1581 пачаліся перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем 15.1.1582 Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582 на 10 гадоў. Паводле дагавора Іван IV адмаўляўся ад заваяваных лівонскіх зямель і ад г. Веліж з наваколлем на карысць Рэчы Паспалітай, а Стафан Баторый згаджаўся вывесці сваю армію з тэр. Маскоўскай дзяржавы. Паводле Плюскага перамір’я 1583 Маскоўская дзяржава ўступала Швецыі Паўн. Эстонію, гарады Нарва, Ям, Капор’е, Івангорад і Карэла. Данія ў 1583 перадала Рэчы Паспалітай паўн. частку Курляндыі. У выніку Л.в. Маскоўская дзяржава пацярпела паражэнне ў сваёй барацьбе за шырокі выхад да Балтыйскага м. Для ВКЛ, у т. л. для Беларусі, якая найбольш пацярпела за гады вайны, перамога ў ёй азначала замацаванне ў складзе ВКЛэтн.бел. зямель. Але вымушанае ў час Л.в. пайсці на падпісанне Люблінскай уніі 1569, ВКЛ страціла частку свайго дзярж. суверэнітэту і многія тэрыторыі (Украіну і Падляшша, перададзеныя ў 1569 Польшчы).
Літ.:
Королюк В.Д. Ливонская война. М., 1954;
Арлоў У. Полацкая вайна // Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994.
Г.М.Сагановіч.
Да арт.Лівонская вайна 1558—83. Узяцце Полацка войскам Стафана Баторыя. Гравюра 16 ст.