Тыня́цца ‘шкандыбаць, кульгаць’ (Аніч., Вопыт), тыня́тысь ‘чыкільгаць’ (Клім.), тинʼатис’ ‘блытацца, перашкаджаць’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Параўн. укр. ти́нятися, тиня́тись ‘соўгацца’, ‘сноўдацца, бадзяцца, валэндацца’, ‘штурхацца (сярод натоўпу)’, ‘блукаць, вандраваць’. Экспрэсіўнае арэальнае ўтварэнне няяснага паходжання. Паводле ЕСУМ (5, 570) — гэта відазмененая форма *тинутися ‘ціха хадзіць, сноўдацца’, якая ўзнікла з прасл. *ti(p)nǫti ‘ўдарыць’, ‘ціхенька хадзіць’ і звязана з *te(p)ti: рус. ти́пать ‘злёгку удараць’, ‘ісці, крадучыся’, н.-луж. typotaś ‘чыкільгаць’, ‘дробненька ступаць’, польск. ciepnąć, ciepać ‘удараць’, cipać ‘ісці ціха, але без перапынку (пра дождж)’, серб. те̏псти се ‘бадзяцца, блукаць’. Магчыма, можа выводзіцца з прасл. *tynʼati ‘быць ціхім, мірным’, якое Сной (у Бязлай, 4, 181) параўноўвае са ст.-прус. tusnan ‘ціхі’, ст.-інд. tūṣṇī́m ‘ціха, моўчкі’. Гл. таксама тыпаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тэ́нуты ‘пабегчы; схавацца’ (Клім.), ‘зрушыцца з месца’ (Сл. Брэс.), ‘рэагаваць’ (пін., Бел. дыял. 1), тэ́нутыся ‘рушыць’ (драг., Нар. словатв.). Магчыма, звязана з серб. те́нути ‘жадаць’. Няясна; мяркуецца паходжанне ад *teknǫti ‘пабегчы’ (ЕСУМ, 5, 546), параўн. тыняцца, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тынь 1 ‘ ціна, твань’ (Нас., Гарэц.), ‘плесень’: у клеці дужа ты́ньню пахніць (Юрч. Вытв.). Параўн. рус. смал. тынь ‘зялёныя водарасці, якія плаваюць густой масай, ціна’, ‘балоцістае, топкае месца’ (СРНГ), што ўтварае адзін арэал з беларускімі словамі. Верагодна, звязанае з тынець, гл.
Тынь 2 зборн. ‘колле, плахі для пабудовы тыну’ (Нас.), сюды ж ты́нне? ‘платы, парканы’: пайшла ў вандроўку па‑пад тынню (Я. Колас). Параўн. польск. дыял. tynia ‘тонкая дошчачка або кіёк для плоту’ (MSGP), укр. попідти́нню ‘пад плотам, пад плятнём’ (Т. Шаўчэнка) ад ти́ння зборн. да тин ‘тын’, рэдкае рус. тынь ж. р. ‘агароджа, плот’, звычайна ты́нье зборн. ‘калоды паміж слупамі ў сценцы’. Вытворнае ад тын з старым канчаткам на ‑ь са значэннем зборнасці, параўн. ст.-рус. чудь, сербь як назвы плямён (Фасмер, 1, 305).
Тынь 3 — выклічнік раптоўнага дзеяння: дабавіў туды капусты і тынъ! — усё перамяшаў (Рамза, Бел. гутарк.). Да тыняцца, гл.
Тынь 4 ‘месца на рацэ або возеры, якое зарасло трысцём’ (шкл., Мат. Маг.). Узыходзіць да прасл. *tyti ‘разрастацца, таўсцець’, параўн. серб. тити̏ ‘густа расці’ (Мартынаў, Зб. Крапіве, 214); паводле Мартынава (Лекс. взаим., 146–147), слова таго ж паходжання, што і тын (гл.) < *tynъ, якое з’яўляецца славянскім пранікненнем у германскія мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)