Тра-ля-ля́ — выклічнік, які выражае радасць, весялосць, асабліва ў спевах, прыпеўка (Цых.); сюды ж траляля́каць ’прысоўваць’, мянушка Тралялёначка (Ф. Багушэвіч). Параўн. укр. тра‑ла‑ла́ — выгук для выражэння радасці, рус. тра‑ля‑ля́ ’тс’, польск. tra la la ’тс’, чэш. trala, tralala ’тс’, tralalovati ’спяваць tralala’, славен. trȃlala ’тс’. Гукаперайманне, аналагічнае ўтварэнням у іншых мовах, параўн. літ. talala, talalúoti ’балбатаць, трашчаць, плявузгаць’, ідыш tralaláj ’прысоўванне’, tralalajken ’тралялякаць’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.), ням. tralla, trallala — выгук, што перадае мелодыю без слоў, trällern ’прысоўваць’, франц. tralala, іт. trallalà — імітуюць спевы без слоў. Уключае т. зв. першасныя інтэр’екцыі тра, ля, якія прысутнічаюць і ў складзе выклічнікаў тра‑ра‑ра, тра-та-та, ля‑ля‑ля і пад. Смаль–Стоцкі (Приміт., 178) бачыць у іх перайманне гукаў, якія выдаюць музычныя інструменты (барабан, труба і інш.). Гл. таксама Махэк₂, 649; Duden, Etymologie, 859; Сной₂, 776 (для славенскай мяркуе пра запазычанне з заходнееўрапейскіх моў); ЕСУМ, 5, 617.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трайдо́ліць ’гаварыць пустое’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. польск. дыял. trajdolić się ’круціцца; трэсціся, едучы на возе’, drajdolić się ’тс’, trajda ’кабета без такту; растропа’. Звязана з трайда́ ’балбатуха, лапатуха’ (астрав., Сл. ПЗБ), якое выводзяць з літ. traidà ’тс’ (Грынавяцкене, там жа), што ў святле польскіх форм сумніўна. Хутчэй гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання з экспрэсіўным суф. ‑олі‑, параўн. тра‑ра‑ра, тра-ля-ля, польск. traj ’тс’ і пад. Параўн. трандоліць, трындоліць, трандзіць, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тралява́ць 1 ’транжырыць’ (Ласт.), тролёва́ць ’раздаваць, разбазарваць’ (ТС). Утворана ад гукапераймання тра-ля-ля ’весела спяваць’ > ’весела бавячыся, растранжырваць (грошы, маёмасць)’. Аналагічна ням. trällern ’весела напяваць’, літ. traliúoti ’спяваць тра-ля-ля’. Параўн. траляля́каць ’тс’ (Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 73), трэ́ляць ’сноўдацца без пэўных заняткаў’: месец тролю́е чоловек у Сочах (ТС).
Тралява́ць 2 ’падцягваць драўніну з лесу да сплаву’, ’ісці, рухацца’, ’пракладваць дарогу’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Адм., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), ’перавозіць з месца на месца’ (Чуд.), ’таптаць пасевы, ходзячы ўздоўж палос’ (Шат.), трылява́ць ’выводзіць бярвенні з лесасекі на чыстае, больш прасторнае месца’ (падзе., Нар. сл.; Буз.); тролева́ць, тролёва́ць, тралёва́ць, трэ́ляць ’выносіць, выцягваць з цяжкадаступных месцаў нарыхтоўкі (пра лес, ягады і інш.)’ (ТС), тра́ліць ’траляваць’ (брагін., Мат. Гом.). Выводзіцца з польск. trelować ’выцягваць бярвенні з вады на склад’, ’цягнуць плуг’, ’бурлачыць, цягнуць судна людзьмі або коньмі’, што да англ. trail ’цягнуцца, валачыцца’, ’буксіраваць’, ’таптаць траву’. Сюды ж тралява́нне ’дастаўка лесу на прыстань’ (Некр.), траля́р ’тралёўшчык’ (Мат. Гом.), тралёўка ’вывазка’ (Сцяшк.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трайла́, трэйло́, трала́ ’балбатуха, лапатуха; балбатун, лапатун’ (Сл. ПЗБ), тра́йла ’жанчына, якая любіць хадзіць па сяле’ (ваўк., ЛА, 3), трайлава́ты ’балбатлівы’ (шальч., Сл. ПЗБ), трайло́чыць ’балбатаць’ (LKK, 1975, 16, 190). Параўн. польск. аргат. trajla ’трапло, балбатун’, trajlować ’плявузгаць, чмуціць, маніць’, літ. tráila ’пустамеля, пустамалот’. Меркаванні пра балтыйскае паходжанне (Зданцэвіч, LP, 8, 350; Лаўчутэ, Балтизмы, 73 і 85; Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 5, 112) патрабуюць дадатковай аргументацыі, паколькі літоўскія словы маюць гукапераймальнае паходжанне, параўн. tralė ’вясёлыя песенькі’, tráiloti ’спяваць вясёлыя песенькі’ і пад., параўн. выклічнік тра-ля-ля, трэліць ’плявузгаць, балбатаць’ (гл.); такое ж паходжанне можна дапусціць і для славянскіх слоў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трэліць ‘гаварыць глупства, разводзіць плёткі’; ‘маніць, выдумляць’ (Арх. Федар., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ‘доўгі час гаварыць пра адно і тое ж’ (Зайка Кос.), ‘абы-што гаварыць’ (Сцяц., Скарбы; слонім., Жыв. сл.), трыэ́літі ‘тс’ (беласт., Сл. ПЗБ), сюды ж трэ́ля ‘пустамеля’ (Сцяц.), ‘балбатун’ (Сцяшк. Сл.), tryéla ‘тс’, tryéle‑mele ‘нясмелы, разлезлы, павольна гаворачы чалавек’ (Федар. 4). Параўн. польск. trelić ‘гаварыць абы-што’, якое адносяць да іт. trillo, trillare (Брукнер, 575), гл. трэль 1; рус. аргат. тре́лить ‘патрабаваць што-небудзь, не маючы на тое падстаў’, ‘эксплуатаваць’ (Шчарбакова-Бруева), ід. treln ‘ліслівіць, дагаджаць’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.). Слова няяснага паходжання, магчыма, ад тра-ля-ля, параўн. трэ́ляць ‘сноўдаць без пэўных заняткаў’ (ТС), гл. траляваць 1. Пра магчымыя балцкія ўплывы гл. трэйліць, а таксама Рэмбішэўска, ABSl, 31, 228.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)