сказа́ць, скажу́, ска́жаш, ска́жа; зак.

1. што і без дап. Выкласці вусна якую‑н. думку, паведаміць што‑н.; вымавіць. І пахваляць цябе людзі, Скажуць: «Наш хлапчына!» Колас. Хрыпач сказаў кароткую прамову. Ён заўсёды гаварыў коратка. Усе ўважліва слухалі чаканныя, нібы каманда, словы. Б. Стральцоў. — Авёс вельмі мізэрны, — крытычным тонам сказаў аграном. Бядуля. Косця прама сказаў таварышу, калі яны вярталіся дадому: — Хвалько ты, Альберт! Шыловіч. // Разм. Расказаць. Скажу вам не казку, а праўду. Якімовіч.

2. з інф. Загадаць. [Паўлік:] — Я ўсё як трэба расказаў, прызнаўся гэтак, як цяпер тут, і мне сказалі ісці дадому. Чорны.

3. (звычайна з адмоўем). Дапусціць, падумаць, зрабіць вывад. Па вашаму выгляду не скажаш, што вы хворы. ▪ [Нахлябіч:] — А што, калі людзі бачылі, што ты ў мяне цяпер. Ты малады, ты куды хочаш махнуць можаш, а я што! Тады кожны скажа, што я памагаў табе. Чорны.

4. перан. Зрабіць вядомым, зразумелым што‑н.; паказаць на што‑н. Што скажа мне, Зроблены дбала нажом, Узор[ысты] надпіс на блясе? Гілевіч. «Скончана ўсё», — сказала смяротная халоднасць яго твару. Чорны. Толькі, сустрэўшыся, рукі, Скутыя рукі сказалі, Што за палямі, лясамі, Недзе ёсць Нарачы хвалі. Танк.

5. 1 ас. мн. буд. ска́жам у знач. пабочн. Напрыклад. Прадаць.. [трусоў] ці, скажам, на мяса завесці — трэба ж рашэнне прыняць. Ракітны.

6. заг. скажы́(це). Вокліч, які служыць для выражэння здзіўлення, абурэння і пад. з прычыны чаго‑н. Які скоры, скажыце!

7. 2 і 3 ас. буд. ска́жаш (ска́жаце), ска́жа (ска́жуць). Вокліч з асобай інтанацыяй для выражэння нязгоды з чым‑н. пачутым, пагардлівых адносін да думкі субяседніка. — Скажа! — узарваўся нейчы бас. Бажко.

•••

Дарэчы сказаць (у знач. пабочн.) — ужываецца для абазначэння таго, што дадзеная фраза гаворыцца ў дадатак да чаго‑н., толькі што сказанага. Гэта была яго адзіная спецыяльная вучоба, якая, дарэчы сказаць, пайшла марна. Дуброўскі.

Да слова сказаць (у знач. пабочн.) — у сувязі са сказаным або ў дадатак да яго. [Сцяпан:] — Да слова сказаць, вы таксама забыліся ля свірка свой мяшок. Пянкрат.

(Ды) і то сказаць — выкарыстоўваецца як праяўленне згоды з абгрунтаванасцю, слушнасцю чаго‑н. Ды і то сказаць, які час наш, такія і планы. Краўчанка.

З дазволу сказаць (у знач. пабочн.) — выкарыстоўваецца для выказу адмоўных адносін таго, хто гаворыць, да асобы, прадмета ці з’явы, пра якія ідзе размова. Я не веру, што ў такім, з дазволу сказаць, танцы можна знайсці эстэтычную асалоду. «Маладосць».

Каб сказаць (сказаў) (у знач. пабочн.) — выкарыстоўваецца для выражэння скептычных адносін да каго‑, чаго‑н. З усходу да Рагазінкі клінам падступаў лес. Не тое, каб сказаць, добры лес. Не! Так сабе — чарналессе. Сабаленка.

Карацей сказаць (у знач. пабочн.) — тое, што і карацей кажучы (гл. кажучы).

Лепш сказаць (у знач. пабочн.) — дакладней, праўдзівей кажучы. У малодшага наборшчыка друкарні.. — выхадны дзень. Лепш сказаць — не выхадны, а выязны. Валодзька выпрасіў.. дазвол паехаць на раён. Брыль.

Лёгка сказаць (у знач. пабочн.) — выкарыстоўваецца як адказ на прапанову зрабіць што‑н. цяжкае. Лёгка сказаць — стаць настаўнікам таму, хто сам скончыў толькі тры аддзяленні. Якімовіч.

Можна сказаць (у знач. пабочн.) — выкарыстоўваецца для ўказання на магчымасць якога‑н. выказу, фармуліроўкі ў адносінах каго‑, чаго‑н. Уся даваенная работа, можна сказаць, на вецер пайшла... Краўчанка.

Не сказаць, каб... — выкарыстоўваецца для выражэння сумнення ў тым, што будзе сказана. Не сказаць, каб вялікія ласункі былі з чэрствага хлеба, але еў яго Міколка з вялікай ахвотай. Лынькоў.

Нічога не скажаш — выражэнне згоды, пацвярджэння чаго‑н., немагчымасці запярэчыць чаму‑н. Нічога не скажаш, цудоўную мясцовасць выбраў сабе першабытны чалавек, калі ён хоць трошкі ў гэтым разбіраўся. В. Вольскі.

Па праўдзе сказаць; праўду сказаць (у знач. пабочн.) — тое, што і па праўдзе кажучы (гл. кажучы). — Па праўдзе сказаць, Рыгор сам сабою хлопец не брыдкі, толькі... Марта развяжа рукамі. Гартны.

Проста сказаць (у знач. пабочн.) — служыць як указанне на больш дакладную фармуліроўку якой‑н. думкі. Позна ўночы вярнуўся Максім, прывёз трохі сена. Проста сказаць, адкраў у палякаў. Колас.

Скажы на міласць — выражэнне здзіўлення, неўразумення і пад. з якой‑н. прычыны.

Скажы(це), калі ласка — выражэнне здзіўлення, абурэння і пад. з прычыны чаго‑н.

Сказаць лішняе — прагаварыцца.

Сказаць (расказаць) па сакрэту (пад сакрэтам) — паведаміць употай ад іншых.

Сказаць сваё слова — праявіць сябе ў чым‑н., мець уплыў на што‑н. Падпісаўшыся, .. [Марына Архіпаўна] з палёгкаю ўздыхае: — Ну, вось, і я сваё слова сказала. Шамякін. Сваё слова сказала тут і польская літаратура. Лойка.

Сорамна (цяжка і пад.) сказаць (у знач. пабочн.) — ужываецца пры жаданні раскрыць свае адносіны да чаго‑н., пра што гаворыцца.

Так сказаць (у знач. пабочн.) — калі можна так выказацца. — А рысавальшчыкам, так сказаць, цэнтральнай фігурай, аказаўся малец гадоў на пятнаццаць. Васілёнак.

У вочы сказаць (казаць) — сказаць (казаць) адкрыта, прама.

Як сказаць (у знач. пабочн.) — выкарыстоўваецца, каб паказаць ваганне, няўпэўненасць у чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трымацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Захоўваць якое‑н. становішча, ухапіўшыся, узяўшыся за што‑н. Адной рукой трэба было трымацца, каб не ўпасці, а другой я палез у гняздо. Брыль. Манг ужо бачыў, што гэта быў чалавек, які трымаўся за кавалак лодкі. Маўр. // перан. Ісці за кім‑н., прытрымлівацца чыёй‑н. лініі, каманды. [Сцяпан Аксінні:] — Адно прашу: трымайся бальшавікоў. Яны ў крыўду цябе ніколі не папусцяць. Лынькоў. Пакуль што ўсе трымаліся камандзіра. Федасеенка. // перан. Старацца захаваць што‑н. для сябе, утрымаць за сабою. [Анатоль:] Дакуль жа будуць трымацца людзі за свае вузенькія палоскі, іх жа хутка трава заесць. Козел. // Прылажыўшы руку да чаго‑н. або ўзяўшыся рукой за што‑н., захоўваць яе ў гэтым становішчы. Дзед закашляўся. Доўга трымаўся за грудзі. Бядуля.

2. Быць умацаваным на чым‑н., утрымлівацца на якой‑н. апоры пры дапамозе чаго‑н. Сідар весела падміргваў падгніўшаму слупу, на якім некалі трымаліся вароты яго двара. Чорны. Нізенькія, нязграбныя, збітыя абы-як,.. [клеткі] трымаліся на падстаўках рознай вышыні, падрамантаваныя сям-там свежымі дошчачкамі. Ракітны. // перан. Падтрымлівацца чыімі‑н. клопатамі; існаваць чым‑н., асноўвацца на чым‑н. [Бародзіч:] — Думаеце, усё на вас трымаецца? Алешка. [Брыль:] — Будзе правільны адказ, калі я скажу: сіла і моц нашай дзяржавы трымаецца на саюзе рабочага класа з працоўнай сялянскай, батрацкай і серадняцкай масай. Колас. // Захоўваць якое‑н. становішча, раўнавагу. Лодачкі былі велікаватымі дый з непрывычкі цяжкавата было трымацца на высокіх каблуках. Лупсякоў. Алесь асцярожна абыходзіў навічкоў, што нясмела трымаліся на каньках. Шыцік.

3. Не адступаць, не здавацца, моцна стаяць. Заслон трымаўся. [Ворагі] шалелі і кідаліся ў лоб, напралом, каб змесці з дарогі прыкрую перашкоду, дарвацца да моста. Лынькоў. // Разм. Мацавацца. [Залескі:] — [Галіна], брат, доўга трымалася. Паўмесяца, як злягла .. Прагнасць помсты падтрымлівала яе сілы. Шамякін.

4. Знаходзіцца, быць; заставацца ў якім‑н. месцы. Мне было прыемна бачыць, што следам едзе цэлы абоз: ніхто не адстае ад нас, але ніхто і не апярэджвае, усе трымаюцца свайго месца. Кулакоўскі. Калі Ахоньку вялі ў сельсавет, мы стараліся трымацца бліжэй да дзядзькі Максіма. Сяркоў. // Працягваць сваё існаванне, жыць. У Вані-санітара даўно скончыліся сухары, засталося, можа, у біклажцы некалькі глыткоў чыстай вады — гэтым і трымаемся. «Маладосць». Большасць фуіджынцаў трымаецца ў паўднёвай частцы архіпелага. Маўр. // Захоўвацца, быць у сіле. Моцна трымаюцца перажыткі мінулага ў свядомасці некаторых людзей. «Маладосць». / Пра пахі, настоі і пад. Трымаецца між сасонак устойлівы грыбны пах. Навуменка. // Вадзіцца, жыць (пра звяроў, птушак, рыб). Буйны акунь трымаецца пераважна ў глыбокіх ямах, звычайна з камяністым дном. Матрунёнак. — Ля Купы чаек заўсёды мала, — адказаў Лёня. — Яны трымаюцца больш на тым баку, ля вытокаў Парачанкі і па касе. В. Вольскі.

5. У час руху прытрымлівацца пэўнага напрамку, кірунку. Таго ж кірунку трымаліся і лодкі, якіх на возеры было цяпер не менш, чым качак у ціхую пару. Арочка. // перан. Прытрымлівацца чаго‑н., паступаць у адпаведнасці з чым‑н. Пажадаю вам, таварышы, дружна трымацца таго сцяга, які вам дала вялікая пралетарская рэвалюцыя. Купала. [Матка] трымаецца трохі інакшых думак пра бацьку і пра гэтыя свае думкі кажа часам уголас. Лынькоў. Даследаванні гісторыкаў, археолагаў усё больш падрываюць антынавуковыя тэорыі, якія трымаюцца на расісцкіх забабонах. «ЛіМ».

6. Паводзіць сябе, дзейнічаць якім‑н. чынам. А ў манеры трымацца адчувалася сталасць, дакладнасць разважанняў і стрыманасць у размове. Няхай. З малымі Ён [Антось] размаўляў, як са старымі, І з імі радзіўся, спрачаўся — Як роўны з роўнымі трымаўся! Колас. / Пра жывёл, птушак. Больш памяркоўна трымаюцца куры. Певень, дык той наогул перабраўся на астравок сярод двух рукавоў ракі і пахаджае там у таварыстве трох чубатак, відаць, найбольш адданых і смелых. Брыль.

7. Знаходзіцца ў пэўным становішчы, стане, захоўваючы яго тым ці іншым чынам. Човен, які хоць і быў поўны да берагоў, але трымаўся на вадзе. Маўр. [Тапурыя:] — Нарэшце, прынялі мяне на вельмі стары карабель, ён ледзьве на вадзе трымаўся. Самуйлёнак.

8. Утрымлівацца, захоўвацца. [Мікуць:] — Я сёння жыта глядзеў. І сваё, і калгаснае. Жаць пара. Трэба пачынаць. Абы толькі надвор’е трымалася. Чорны. Цёплая трымаецца восень. Навуменка. Гэта было ў сакавіку, яшчэ трымалася зіма. Марціновіч. Лёд на балоце Трымаецца звонкі. Танк. // Захоўваць сваю цэласць, быць прыдатным для выкарыстання. І паправіць .. [вароты] ніяк нельга, бо калі станеш папраўляць, трэба кранаць сцяну, а тая і так ледзь трымаецца. Галавач.

9. Зал. да трымаць (ва ўсіх знач., акрамя 11).

•••

Абедзвюма рукамі трымацца — даражыць чым‑н., з вялікай ахвотай, жаданнем, радасцю і пад. карыстацца чым‑н.

Ледзь трымацца на нагах; на нагах не трымацца — не магчы хадзіць, стаяць па прычыне слабасці або ап’янення.

Трымацца за спадніцу — быць у поўнай залежнасці ад жанчыны (пра мужчыну).

Трымацца на валаску — тое, што і вісець на валаску (гл. вісець).

Трымацца рукамі і зубамі за што — моцна трымацца за што‑н., не адступаць ад чаго‑н.

Трымацца свайго слова — выконваць абяцанні.

Толькі трымайся! — вокліч, які ўказвае на вялікую ступень чаго‑н. непрыемнага, небяспечнага. — Цяпер памчыць [цягнік] пад горку, толькі трымайся... Ці ўправіліся хаця нашы там? — і ў голасе .. камандзіра чулася трывога за .. падрыўнікоў. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

што 1, чаго, чаму, што, чым, аб чым, займ.

1. пытальны. Абазначае агульнае пытанне аб прадметах, з’явах і іх прыметах, дзеянні, стане каго‑, чаго‑н. А што там, што там за ракой? Прыходзь — і зразумееш: Тут замець рупнаю рукой Насыпала сувеі. Матэвушаў. [Пан:] — Загадаю вам тры загадкі: што на свеце сыцей за ўсё? што на свеце саладзей за ўсё? што на свеце шпарчэй за ўсё? Якімовіч. Дарога, дарога! Чым заваражыла мяне ты? Танк. / У спалучэнні з часціцамі і займеннікамі «ж», «жа», «гэта», «такое». — Што ж цяпер рабіць? — спытаў .. [тата] сам у сябе і цішэй дадаў: — Ды так і заблудзіцца можна. Пальчэўскі. — А што ж гэта за вуліца, ці даўно яна тут? Кулакоўскі. // Ужываецца ў рытарычных пытаннях і воклічах у значэнні: нічога ўжо не зробіш, не варта і гаварыць. [Журавінка:] — Бывае, Хрысцінка, чалавек спатыкнецца. То што ж ты ўжо зробіш? Лобан. [Рыгор:] — Што аба мне пытаць: не хочацца нават і ўспамінаць нічога. Гартны. // Ужываецца ў рытарычных пытаннях у значэнні: добры, нічога. Чым не хлопец? Чым не горад? Чым не машына? ▪ [Тодар:] — Вось хоць бы і Антоля Скрылёва — чым не дзяўчына? Крапіва.

2. (толькі ў форме Н што) пытальны, у знач. вык. У якім стане хто‑, што‑н. знаходзіцца?, як? — Як наша вёска, што суседзі?

3. (у форме Н што і Р чаго) пытальны, у знач. прысл. Чаму?, па якой прычыне? — Што ж не кланяешся мне? — Грозна Леў спытаў. Танк. «Што ж гэта я зусім раскісла? Так, сапраўды, і да сухотаў недалёка». Ваданосаў. — Што так шчыра прыняўся за работу? — перабілі .. [Рыгора] суседзі. — На абед пара. Гартны. — Ну, заспявай яшчэ, — сказаў хлопец.. — Чаго ж ты пакінуў спяваць? Чорны.

4. (у форме Н што і Р чаго) пытальны, у знач. прысл. Для чаго?, навошта?, з якой мэтай? Што нам Кола сяброў завужаць, — Скрыжаваліся Нашы скрыжалі. Барадулін. [Сашка:] — Чаго ты, Валя, заходзіла тады да Шпулькевіча, калі мы з табой першы раз убачыліся? Чорны. Хацеў Сцёпка проста ў панскі дом ісці, ды лёкай спыніў: — Ты чаго тут, валацуга, цягаешся! Якімовіч.

5. Ужываецца ў рытарычных пытаннях і воклічах: а) адпавядае па значэнню адмоўнаму займенніку «нішто», а таксама назоўнікам, якія абазначаюць адмоўныя ўласцівасці, якасці. Што мне ворагі! Што яму мароз! ▪ Што па той чэсці, калі няма чаго есці. Прыказка; б) (у форме Р) пры наступным адмоўі ў значэнні: усё, усякае, любое. Чаго няволя не зробіць! І чаго за жыццё не зазнаеш! ▪ Чаго-чаго толькі .. [гаспадыні] не панеслі: стог бліноў стаяў пасярод стала, як асэсар, побач блішчала ўсімі колерамі неба і зямлі яечня з салам і каўбасой. Бядуля.

6. неазначальны. Разм. Што-небудзь, штосьці. [Брэйт:] — Толькі вы тут будзьце. Калі што — я прыскочу... Ставер. — Дайце мне, мама, перакусіць чаго. — А чаго ж табе даць, сынку? — Што ёсць у вас. Гартны. [Алаіза:] — Вы тут крыху пасядзіце, пазабаўляйцеся чым, а я на хвіліначку выскачу. Арабей.

7. (у форме В) указальны. Ужываецца ў спалучэнні з часціцамі «вось», «во», «от» для ўдакладнення выказвання ў значэнні: наступнае, іменна гэта. [Шэмет:] — Вось што я хачу сказаць. Такіх старшынь, як Бадытчык, мы не будзем знімаць, а будзем шукаць. Лобан. — Во што я скажу, Алесь: Віктар табе не таварыш, — проста пазіраючы на яго, сказала Лена. Ваданосаў. [Людміла:] Я не бачу тут Ніны Зорынай. Ёй паведамілі? [Соня:] А яе і не будзе. Вось што. Кучар.

8. адносны. Ужываецца ў складаназалежных сказах з даданымі дапаўняльнымі. Маці ніяк не магла зразумець, што робіцца з сынам. Паслядовіч. [Лютынскі:] Сядзь, я зараз пашукаю, чым перавязаць [руку]. Крапіва. Запанавала цішыня. Бацька, відаць, яшчэ не ўцяміў, што да чаго. Бажко. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. [Маёру] ніяк не ўдавалася даць рады таму, што рабілася на дарогах і прасёлках. Лынькоў. Сынава ўяўленне дарысавала да канца тое, пра што толькі з большага сказаў бацька. Чорны. — Што прайшло, таго не вернеш! Гурскі. // Далучае даданыя дапаўняльныя сказы з прычынным адценнем, выступаючы ў значэнні займеннага прыслоўя «чаму». Пачаў і на яго [сына] бацька сварыцца, што толькі час марна траціць. Якімовіч.

9. адносны. Далучае дзейнікавыя даданыя сказы. [Конан:] — Што не ў меру, тое ў шкоду. Лобан. Што з воза ўпала, тое прапала. Прыказка.

10. адносны. Далучае выказнікавыя даданыя сказы, якія звычайна раскрываюць выказнік галоўнага сказа, выражаны займеннікамі «такі», «гэтакі», «той». — Працоўная слава — гэта не тое, што даецца чалавеку адзін раз і назаўсёды. Краўчанка. Што міру, тое і бабінаму сыну. Прыказка.

11. адносны. Далучае даданыя азначальныя сказы, выступаючы ў значэнні займеннікаў «які», «каторы». Другую групу касцоў, што ідзе следам за намі, вядзе Валодзька Цітовіч. Брыль. Зацвіла каліна, Што вадзіла летам, Ой, чырвоным цветам Зацвіла каліна. Трус. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. Пакінем спадчыну мы для патомкаў Інакшую ад той, Што ўзялі мы ад продкаў на абломках Гісторыі сваёй. Купала. Да асуджаных кінуліся салдаты. І тады той з людзей, што стаяў першым у шарэнзе, загаварыў. Лынькоў.

12. адносны. У спалучэнні з часціцай «ні» пачынае сабой даданы ўступальны сказ. Жывём багата, што там ні кажы. Панчанка. Што ні кажы, дзялка і хвата Прызнаць адкрыта трэба ў ім [Богуце]. Колас.

13. адносны. Ужываецца для сувязі даданых далучальных сказаў дабавачнага характару. — А я не аграном, — адказала Іра. — Палоць трэба, што ж яшчэ рабіць. [Алёша:] — Палоць? А вой! Хто ж канюшыну поле? Лобан. Аднаго разу прыязджаў сам граф верхам на кані, чаго ніколі не бывала. Пестрак.

•••

Адно што гл. адзін.

А што ты думаеш гл. ты.

Бадай што гл. бадай.

Блізка што гл. блізка.

Бог (святы) ведае што гл. бог.

Больш чым... гл. больш.

Вось яно што! гл. вось 2.

Вунь яно што! гл. вунь.

Дарма (дармо) што гл. дарма.

Дзіва што гл. дзіва.

(Ды) што (і) гаварыць гл. гаварыць.

За што купіў, за тое і прадаю гл. купіць.

І думаць няма чаго гл. думаць.

Калі што якое — калі здарыцца што‑н. нечаканае, узнікнуць якія‑н. цяжкасці, непрыемнасці і пад. [Бондар:] — Запомні, калі што якое, галавой адкажаш... Навуменка. Па ўспамінах старых людзей, што перадаваліся з пакалення ў пакаленне, паўстанцы часта казалі, калі што якое: «Будзем скардзіцца Кастусю!..» В. Вольскі.

Лічыць ні за што гл. лічыць.

Мала што гл. мала.

На чым свет стаіць гл. свет.

Не абы (там) што — не простая рэч, не дробязь, не глупства. [Ілья:] — Эх, нічога вы, жанчыны, не цяміце ў рыбацтве. Гэта ж спорт, высакародны спорт, а не абы там што! Васілёнак.

Ні за што (на свеце) — ні ў якім выпадку, ні пры якіх умовах, ніколі. І ўжо каторы раз.. [Вера] думала, што так бязглузда памылялася ў людзях, меркавала аб іх па першаму ўражанню і потым ні за што не хацела мяняць сваёй думкі. Асіпенка.

Ні за што ні пра што — а) дарэмна. Атрымаўшы пяцёрку ні за што ні пра што,.. [доктар] збянтэжыўся, пачырванеў і прамовіў: — А можа, гер Гендарсан, я ўсё-такі пагляджу на вашы зубы? Чарнышэвіч; б) без прычыны, без падстаў.

Ні пры чым — не мае ніякіх адносін да чаго‑н., не з’яўляецца прычынай чаго‑н.

Няма за што рук (рукі) зацяць (зачапіць) гл. зацяць.

Няма на што глядзець гл. глядзець.

Няма чаго богу грашыць гл. грашыць.

Няма чаго граху таіць гл. таіць.

Няма чаго казаць гл. казаць 1.

Няма чаго на бога ківаць гл. ківаць.

Няма чаго рабіць гл. рабіць.

Няма чым крыць гл. крыць.

Пакуль што гл. пакуль (у 1 знач.).

Пры чым тут хто-што — якія адносіны хто‑, што‑н. мае да гэтага.

У чым маці нарадзіла гл. маці.

У чым справа? гл. справа 1.

Хоць бы што каму — а) ніколькі не хвалюе, не турбуе што‑н. Дзяўчаты ўзяліся за Васіля Міронавіча .. Той хоць бы што: сядзеў і ківаў галавою. Пташнікаў; б) зусім не цяжка. Пятро і Аляксей задыхаліся, прабіраючыся па ярах, а Міколу — хоць бы што. Новікаў; в) ніякіх вынікаў. Усю вясну Уля калечыла свае рукі.. Чаго толькі не прыносіла суседка, чым не мазалі доўгія дзявочыя пальцы? І хоць бы што. Паўлаў.

Чаго варты! гл. варты.

Чаго добрага гл. добры.

Чаго не бывае гл. бываць.

Чорт ведае што! гл. чорт.

Чым багаты, тым і рады гл. багаты.

Чым дыхае (дыша) хто гл. дыхаць.

Чым хата багата гл. хата.

Што бога гнявіць; няма чаго бога гнявіць гл. гнявіць.

Што б там ні было гл. быць.

Што будзе, тое будзе гл. быць.

Што вы! (ты!) — выражае здзіўленне, спалох як рэакцыя) на чые‑н. словы, учынкі.

Што (гэта) за ... — у пытальных сказах абазначае пытанне пра якасць, уласцівасць: які, якая, якое, якія? — І што гэта за грукат стаіць дзень і ноч? — дадала Наста. М. Ткачоў. Вы, зязюлькі мае, цёткі, Што за смак вам плесці плёткі?! Крапіва.

Што да каго-чаго, то (дык)... — калі гаварыць аб кім‑, чым‑н., мець на ўвазе каго‑, што‑н., то (дык)...

Што датычыцца каго-чаго, то... гл. датычыцца.

Што ёсць духу (сілы) гл. дух.

Што за... — у клічных сказах выражае эмацыянальныя адносіны да ўласцівасцей каго‑, чаго‑н. (захапленне або абурэнне). Што за рогі былі ў яго [лася]! Узнятыя ўгору на фоне ружовага неба, яны перапляталіся з галінамі і, здавалася, засланялі сабой увесь лес. Няхай.

Што за ліха! гл. ліха 1.

Што за чорт! гл. чорт.

Што значыць хто ці што гл. значыць 2.

Што называецца гл. называцца.

Што ні крок гл. крок.

Што трэба гл. трэба 1.

Што (тут, і) казаць гл. казаць 1.

Што-што, а...; чаго-чаго, а...; чаму-чаму, а... — падкрэслівае выключнасць прадмета, з’явы, падзеі і пад., пра якую паведамляецца. У сканцэнтраваным расоле, які запаўняў лагуну, чаго-чаго, а солі было дастаткова. Чаркасаў.

Што я (ты, ён) там (тут) забыў? гл. я.

што 2, злучн.

1. тлумачальны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы: а) са значэннем паведамлення, выказвання, думкі, пачуцця ці ўнутранага стану і пад. Апошняе меркаванне, што Саўка спалохаўся паўстанцаў, змусіла войта задумацца. Колас. У першым сваім пісьме да Валі Люба напісала, што яе пасылаюць вучыцца на рабфак. Чорны. [Валя:] — Ой, цяжкі быў час, не думалі, што выжывем, а вось выжылі. Арабей. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. Ніна ўжо некалькі дзён думала аб тым, што павінна сказаць аб усім Лявону. Галавач; б) з прычынным адценнем, выступаючы ў значэнні займеннага прыслоўя «чаму». Галя горка папракала сябе, што выбрала такі нязручны час, каб паехаць на якую пару дзён да сваёй сяброўкі. Лынькоў. [Туляга:] Я хацеў бы параіцца з вамі.. [Вера:] Дык парайцеся. [Туляга:] Але ж і раіцца небяспечна. Баюся, што пойдуць усялякія чуткі. Крапіва. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. Бацькі былі ўсцешаны тым, што дзеці сталі на свае ногі, што кожны знайшоў сваю дарогу ў жыцці. Лынькоў.

2. тлумачальны. Падпарадкоўвае дзейнікавыя даданыя сказы. Наіўнае юнацтва! Табе здаецца, што ты выключнае, што ты самае разумнае, мудрае, не падобнае на ўсіх, і жаданні ў цябе недасягальныя! Шамякін.

3. тлумачальны. Падпарадкоўвае выказнікавыя даданыя сказы, якія раскрываюць выказнік галоўнага сказа, выражаны як займеннікамі, так і іншымі часцінамі мовы. Партыя вучыць, што ўзняць культуру кожнага з народаў Савецкага Саюза можна толькі на яго роднай мове. Крапіва. Час быў такі, што нашы бацькі былі на вайне. Чорны.

4. тлумачальны. Падпарадкоўвае даданыя сказы меры і ступені (звычайна пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «так», «такі», «настолькі», «да таго»). Такі шум, гоман на кірмашы, што чалавек ледзь не аглух. Якімовіч. Граматычны лад нашай [беларускай] мовы настолькі дасканалы, што дае магчымасць пабудаваць любую фразу, выказаць любую думку. Крапіва. А навакол такі спакой, Што посвіст салаўіны Здаецца громам над зямлёй Чырвоным, белым, сінім. Танк. Прабірацца па лесе нялёгка: намяло снегу столькі, што як вухнеш у яміну, то наверсе застанецца адна аблавушка. Лецка.

5. тлумачальны. Падпарадкоўвае даданыя сказы характару і спосабу дзеяння (звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «так», «гэтак» у галоўным сказе). [Лявон:] Дык ён, гэты Драздоўскі, так завязаў нам вузел, што каля дзесяці гадоў разблытвалі, чуць канец знайшлі. Галавач. Гаварыў .. [Клыга] так, што зразу відаць было, што ўсякае слова яго — гэта вера яго. Чорны.

6. параўнальны. Разм. Падпарадкоўвае даданыя параўнальныя сказы і параўнальныя звароты, выступаючы ў значэнні злучнікаў чым, як, нібы, нібыта. На Шэмета [Журавінка] паглядзеў — што рубля падарыў. Лобан. Тральшчык, што мінёр — памыляецца адзін раз у жыцці. Б. Стральцоў. Сон навальваецца як сцяна. Спіш — што мёртвы. Мележ. / З адценнем градацыі. Што бліжэй да агню, то ўсё больш і больш хлапчукі прыбаўлялі кроку. Кулакоўскі.

7. умоўны. Разм. Падпарадкоўвае даданыя ўмоўныя сказы; па значэнню адпавядае злучнікам калі, раз. [Доктар:] Мусіць, цётка вельмі паноў любіць, што і нас панамі называе? Крапіва.

8. прычынны. Разм. Падпарадкоўвае даданыя сказы прычыны. Хлебароб, аддаўшы сілы Свайму полю-ніве, Усміхнецца табе міла, Што ты ўрадліва. Гартны.

9. часавы. Разм. Падпарадкоўвае даданыя сказы часу, дзеянне якіх адбываецца адначасова з дзеяннем галоўнага сказа, выступаючы ў значэнні злучніка «як толькі». [Даніла:] Руку, друг!.. Што дзень, то больш у мяне баявых таварышаў. Крапіва. — Будзе і наша свята. Што дзень — то бліжэй яно. Брыль.

10. Уваходзіць у склад састаўных падпарадкавальных злучнікаў: а) прычынных злучнікаў «таму што», «ад таго што», «у сувязі з тым што», «затым што», «дзеля таго што». Не трэба туды ісці, таму што і масток і Віктар увесь час перад вачыма. Кулакоўскі. Гарнітур быў нішто, але няспрытна вельмі ж сядзеў, мусіць, ад таго, што манішка і цвёрды каўнер усё роўна як звязвалі чалавека. Чорны; б) уступальным злучнікаў «дармо што», «нягледзячы на тое што». Лявонка хлопец дзельны, дармо што і наезджы. Машара. Нягледзячы на тое, што прыказкі і прымаўкі самастойна не бытуюць, яны не трацяць ад гэтага свайго велізарнага значэння. Крапіва; в) выніковых злучнікаў «так што», «у выніку таго што». Поезд імчаў у цёмную ноч, так што Паддубны не заўважыў, калі праехалі праз тунель Папар. Пестрак. Быў ён чалавек ціхі і непрыкметны. Ні з кім асабліва не сыходзіўся, так што ніхто добра не ведаў, як ён жыве. Лынькоў; г) далучальных злучнікаў «тым больш (болей) што». Лабановіч сабраўся паблукаць па верханьскіх ваколіцах, тым болей што не ўсе яны былі даследаваны ім. Колас. Здалёк нельга было пазнаць, хто гэта, тым больш, што жанчына толькі на хвіліну прыпынілася каля цэментавых прыступак. Кулакоўскі.

што 3, часціца.

1. Ужываецца ў пачатку пытальных і клічных сказаў пры выказванні здзіўлення, збянтэжанасці, меркавання і пад. — Што, едзеш? — спытаўся Падбярэцкі і зноў паскроб патыліцу. Пташнікаў. Больш за ўсё непакоіла думка: а што, калі Толя, для якога яна хоча купіць баян, не прыедзе?.. Ваданосаў. Цяпер .. [хлопцы] ўжо не спускалі вачэй з травы, заглядвалі і ў кусты. А што калі і яшчэ дзе валяецца такі ж аўтамат! Якімовіч.

2. (у форме Н таго Р чаго) пытальная. Ужываецца ў дыялагічнай мове ў ролі словасказа як адказ на пастаўленае пытанне ў значэнні: што?, чаго трэба? або для выражэння здзіўлення ў сувязі са сказаным ці просьбы паўтарыць недачутае, незразуметае. — Смех смехам, а паплавы марнеюць. — А што, раней не выгаралі вось так, як і сёлета? Асіпенка. [Каця:] — А ўсё ж прызнаеш — [хлопец] прыгожанькі! — Ну і што? — Як што? — наступала Каця, адчуваючы свой верх. Ракітны.

3. У складзе мадальнай часціцы «ці што» ужываецца для выказвання меркавання ці няўпэўненасці ў чым‑н. [Гулякоў:] — Дык што, гаспадар? Маўчаць будзеш? Язык прыкусіў ты, ці што? Кавалёў. [Камлюк:] — На атрад Паддубнага ўзялі [самалёты] курс, ці што? М. Ткачоў. А што мы — бедныя, ці што? Ці наша поле не ўрадзіла? Ці нашых фабрык не чутно? Гілевіч.

4. У складзе мадальнай часціцы «што ж» ужываецца: а) пры выказванні згоды, прымірэння ці адабрэння чаго‑н. — Гол! — з захапленнем крычыць Віця. — Давай свабодны! — Ну што ж, няхай будзе свабодны! Мяч ляціць высока ўгору. Васілёнак. — Калі суджана разам жыць, вернецца, а калі не, што ж, мая дачка, не ты адна такая... Гроднеў; б) у дыялагічнай мове пры пабуджэнні субяседніка адказаць на пытанне, удакладніць што‑н. Томцы, як кажуць, пашанцавала — яе заўважыў галоўны інжынер будаўнічага ўпраўлення. — Ну і што ж там твая Томка? — не надта прыязна запытаўся Васіль. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сухі, ‑ая, ‑ое.

1. Не мокры, не прасякнуты вадою; не сыры. Сухая бялізна. ▪ Юзік кінуўся збіраць палачкі і сухія трэсачкі. Колас. Вяскоўцы на беразе косамі звоняць, Сена сухое дзяўчаты грабуць. А. Александровіч. Моцны вецер зрываў яшчэ зялёнае лісце, біў у шыбы сухім пяском. Ваданосаў. / у знач. наз. сухое, ‑ога, н. Пра вопратку. [Віця] хутка пераадзеўся ў сухое, з’еў спехам кавалак хлеба .. і сеў за стол рашаць задачы. Якімовіч. // Не потны. — У мяне конь сухі, — стрымана адказаў Багдан. Кулакоўскі. // Без вады, вільгаці на паверхні чаго‑н., у чым‑н. Вуліца сухая, ні лужынкі, ні гразі. Ермаловіч. Паплыве яна [рака] рэчышчам Новым зусім, А пясчанае дно яе Стане сухім. Куляшоў. Сухія былі вочы, Гарачыя ад роспачы. Бядуля. // З невялікай колькасцю вільгаці ў глебе або без яе. Пяскі сухія рунню зарунелі. Купала. Коні,.. перайшоўшы на рысь, пайшлі сухім лугам за Нёман. Брыль. Грэбля .. вяла праз вялікія .. балоты туды, дзе пачыналіся сухія землі. Самуйлёнак. Сям-там на больш сухіх мясцінах трапляліся зараслі нізкарослых абамшэлых хвоек. Лынькоў. / у знач. наз. сухое, ‑ога, н. Пра сухое месца. Выбрацца на сухое. ▪ [Сімха:] Тут кладкі ёсць. Я зараз іх праверу, Калі дажджом не пазмывала часам, Праз пяць хвілін мы будзем па сухім. Глебка.

2. Пазбаўлены вільгаці, з невялікай колькасцю вільгаці. Сухое паветра. Сухое памяшканне. ▪ Ад ракі павяваў сухі вецер. Савіцкі. З неба сыпаўся сухі калючы снег. Марціновіч. // З невялікай колькасцю дажджоў, ападкаў. Сухі клімат. ▪ Пагода стаяла сухая, з невялікімі прымаразкамі па начах. Якімовіч. Зіма была бясснежная, сухая і марозная. Танк.

3. Прыгатаваны высушваннем; сушаны. Сухія фрукты. Сухія грыбы. Сухія чарніцы. Сухі таран. // Прыгатаваны ў выглядзе парашку, канцэнтрату. Сухое малако. Сухі кісель.

4. Не вадкі. [Змітрок] хутка з’еў свой «сухі» полудзень і падышоў да станка. Ваданосаў. // Які страціў свежасць, сакавітасць, мяккасць; чэрствы. Быў дома і Андрэй — ён стаяў апрануты, у шапцы перад сталом і грыз сухую скарынку. Зарэцкі.

5. Пазбаўлены спажыўных сокаў, не жыццяздольны, засохлы, амярцвелы (пра расліны). Знайшлі .. зломак сухой асіны, што ляжаў ад зімы. Брыль. Над вадой тырчаць, як скручаныя сударгай пальцы, сухія карэнні дрэў. Няхай.

6. Спец. Які праводзіцца, робіцца пры адсутнасці вільгаці, вадкасці; без вільгаці, вадкасці. Сухі рамонт судна. Сухія метады кладкі. Сухая атынкоўка. // Які праходзіць, працякае пры адсутнасці вільгаці, біез вадкіх выдзяленняў (пра хваробы, фізіялагічныя працэсы). Сухі плеўрыт. Сухі кашаль. Сухія роды.

7. Нішчымны, без нічога (пра хлеб). [Маці:] Небарака, сухі хлеб есць. [Скіба:] Малака б кубачак, то ён і не быў бы сухі. Крапіва.

8. Які дрэнна жывіцца з-за недастатковага выдзялення тлушчу тлушчавымі залозамі (пра скуру, валасы). Сухія валасы.

9. Які мае сухарлявы склад цела; хударлявы. Кузня працавала амаль круглы год. У ёй жылісты і сухі, як яловы корч, Апанас Шведзік так чахаў молатам, што здавалася, сцены не вытрымаюць. Даніленка. // Вельмі худы, схуднелы. Ніяк нельга было ўявіць, што гэтая сухая бабуля ў падраным світэры — разважлівая і некалькі цвёрдая характарам цётка Антося. Карпюк. / Пра твар і пад. Змучаны, знерваваны загадчык .. з сухім бледным тварам сядзеў, як у шчыльна абложанай крэпасці. Колас. // Перасохлы. — Не хадзі, табе гавару, не хадзі... — шаптала .. [Вера] сухімі, бяскроўнымі вуснамі. Лынькоў. // Які не дзейнічае, высах з-за якой‑н. хваробы (пра канечнасці). Сухая рука.

10. перан. Пазбаўлены душэўнага цяпла; няздольны праяўляць пачуцці. [Андрэй] вырашыў быць прынцыповым, а стаў прыдзірлівым, хацеў быць строгім, а стаў сухім. Шахавец. [Сяргей Аляксандравіч], здавалася, увесь быў у сваёй матэматыцы, сухі і лаканічны, як алгебраічная формула. Лобан. // Які сведчыць пра адсутнасць душэўнага цяпла, спагадлівасці. Сухі фармалізм. Сухая дзелавітасць. // Які выяўляе, выказвае намераную стрыманасць, халоднасць; непрыветны. Сухі тон. ▪ Толькі на трэці дзень .. [Анатоль] адпісаў Ізе. Пісьмо было кароткае, сухое. Пальчэўскі. Ідзі [Марына] ў кватэру, — сухім, чужым голасам загадаў .. [Міша]. Васілевіч. — Вон! — загадала .. [Зося]. Твар яе стаў сухі. Чорны.

11. перан. Пазбаўлены эмацыянальнасці, жывасці; скупы і лаканічны. Сухі пераказ. Сухія інструкцыі. ▪ Паэты даволі сухіх публікацый! Прашу вас ад імя ўсіх юнакоў — Калі не кахаецца, то закахацца І скласці хоць пару гарачых радкоў. Панчанка. Была ў даследчыка яшчэ адна немалаважная асаблівасць: .. сухія архіўныя звесткі падабаліся так ярка і вобразна, што некаторыя старонкі ўспрымаліся як мастацкі твор. С. Александровіч. // Які мае адносіны да розуму, разліку, не закранае пачуццяў; вельмі рацыяналістычны. [Собіч:] — Далёкія ад нашай прафесіі людзі лічаць .. [бухгалтэрыю] сухой, нецікавай. Скрыган.

12. Пазбаўлены гучнасці, меладычнасці, мяккасці (пра гукі). Сухі металічны лязг і скрогат ірваў паветра над ваколіцай. Якімовіч. Сухое чахканне матора аддалілася, а потым зусім заціхла. Алешка. // Рэзкі (пра бляск у вачах). Дулеба паволі падняўся, і ў яго вачах Бярозін заўважыў сухі і рашучы бляск. Шчарбатаў.

13. У выразе: сухі́ лік — азначае, што адзін з бакоў у працэсе гульні не набраў ні аднаго ачка. Прайграць матч з сухім лікам. / у знач. наз. суха́я, о́й, ж. Зрабіць сухую.

•••

Сухая перагонка гл. перагонка.

Сухі лёд гл. лёд.

Сухі паёк — прадуктовы паёк, які складаецца з круп, мукі, кансерваў або з прадуктаў-паўфабрыкатаў.

Сухі туман гл. туман.

Сухі тынк гл. тынк.

Сухія кармы гл. корм.

Сухое віно гл. віно.

Выйсці (выбрацца) сухім з вады гл. выйсці.

На сухі лес — падалей ад людзей, ад усяго жывога. Няхай .. [чытачы] цяпер парадуюцца з намі, што ты адужаў хваробу — няхай яна ідзе на сухі лес! С. Александровіч.

Сухі закон гл. закон.

Сухога месца (рубца) няма на кім гл. няма.

Трымаць порах сухім гл. трымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

толькі, часціца, прыслоўе, злучнік.

1. часціца вылучальна-абмежавальная. Не больш як, усяго. Служыў салдат .. дваццаць пяць гадоў, выслужыў сіні білет і пайшоў дамоў. І меў ён пры сабе толькі тры капейкі грошай. Якімовіч. Стасі — дзесяць, Галюсі — шэсць, Юзіку — пяць гадкоў, а малодшай, Ірэнцы ўсяго два .. Калі памерла іх маці, Ірэнцы быў толькі годзік. Лось. Ты [Дзед Мароз] скажы нам толькі слова, Мы з табой на ўсё гатовы. А. Александровіч. / У спалучэнні з часціцамі: «усяго», «адно». Алесь пазнаёміўся з .. [Макарам Сяргеевічам], калі браўся на партыйны ўлік. Тады перакінуліся ўсяго толькі некалькімі словамі. Шыцік.

2. часціца абмежавальная. Не раней чым. Дадому Аня дабралася толькі пад вечар. Мележ. Спраўляючы свой карагод, Зямля вакол Сонца імчыцца І жджэ, але толькі праз год Яна прычакае гасцінца. Крапіва.

3. часціца абмежавальная. Выключна, адзіна; нічога, акрамя гэтага. На плечы .. [стрэльбу] і — праз Дуброўку .. у Лаўскі лес ідзём, будзе там аблава на ваўкоў .. У той час я хацеў быць толькі паляўнічым. Бялевіч. Са сваімі мы трымалі сувязь толькі па радыё і самалётамі. Няхай. [Якаўлеў:] — Пераправу без рызыкі можна зрабіць толькі ў такую [навальнічную] ноч. Анісаў. / У спалучэнні з часціцамі: «хіба», «адно». [Дзямід:] — Небяспечны для .. [дзікоў] хіба толькі воўк ды рысь. В. Вольскі. Адно толькі віхор над ілбом, колькі я яго ні прыгладжваю, усё роўна круціцца на свой манер, нібы па ім от толькі што пахадзіў вецер і раскідаў валасы на ўсе бакі. Сабаленка. // (у спалучэнні з часціцай «што»). Больш нічога, акрамя гэтага. Міжвольна ўспаміналіся словы падання, якое казала, што мядзведзі — гэта людзі, толькі што аброслыя. Караткевіч.

4. часціца ўзмацняльная (пры займенніках і прыслоўях звычайна ў адмоўных сказах). Узмацняе ўяўленне аб вялікай колькасці, аб’ёме і пад. чаго‑н. Каго там толькі не было! Чаго толькі дзеці не вытваралі! ▪ Але мала што выдумаюць бабы. Чаго толькі не зложаць. Баранавых. // Узмацняе ўяўленне аб пажаданасці, магчымасці якіх‑н. з’яў. «Толькі каб сур’ёзна не [за]кахацца ў яе. Нешта ж бярэ-такі мяне за сэрца. І [за]кахаўся б, каб не была яна нашай парабчанкай», — разважаў з сабою Лявон. Галавач.

5. прысл. Зусім нядаўна (аб завяршэнні якога‑н. дзеяння, наступленні якога‑н. стану). Хлапчук толькі ўстаў з пасцелі. На дварэ яшчэ толькі развіднелася. ▪ — Малады яшчэ, толькі з інстытута, — цікуючы спадылба на Антона Антонавіча, разважаў Маслабоеў. Каршукоў. / У спалучэнні з часціцамі: «толькі», «што». Тое, што толькі-толькі займала агульную ўвагу, дзесьці знікла, адышло па задні план. Гартны. Сонца толькі што схавалася за лесам. Асіпенка. На дварэ светла, толькі што ўстаў месяц. Лобан.

6. злучнік супраціўны. Злучае члены сказа і сказы з супраціўна-абмежавальнымі адносінамі. Нічога не хочацца, толькі цішыні, адну хвіліну цішыні, такой, каб на ўсё забыцца. Шамякін. Ападала лісце з ліп, бяроз і клёнаў, толькі дубы стаялі нячэпаныя і непаўторныя ў сваёй прыгажосці. Чарнышэвіч. Нашы яшчэ спяць, толькі я ляжу, не сплючы ад поўначы. Брыль. Дрэвы забылі пра буры і страты, Раны свае загаіла зямля. Толькі нічога забыць не змагла ты, Памяць мая! Танк. / У спалучэнні са злучнікам «і». Трывожна шчабятала дробнае птаства, і толькі сонца спакойна ўгравала .. чырвоныя вяргіні пад акном. Лынькоў. // Уваходзіць у склад супраціўных парных злучнікаў: «не толькі..., але (і)», «не толькі..., а (і)». Грукат тым часам мацнеў. Ён ужо не толькі непадзельна панаваў у паветры, але, здавалася, пранік у глыб зямлі. Быкаў. Мужык тупае па хаце, пасміхаецца сам сабе: «Я не толькі зраблю гэту работу, а і выспацца паспею». Якімовіч.

7. злучнік супраціўны. Злучае сказы з адносінамі неадпаведнасць выступаючы ў значэнне аднак, але. Пахавалі Бандароўну У вянку і ў белі, Толькі думак украінцам Пахаваць не ўмелі. Купала.

8. злучнік далучальны. Ужываецца для сувязі членаў сказа і сказаў, якія ўдакладняюць або дапаўняюць папярэднія думкі. Гаспадар ніколі не мяшаўся ў справы, толькі хіба скажа часам, што чай прастыў, што яда прыгатавана нядобра, і то кажа не да Ніны, а ў жончын бок, а яна ўжо дапякала Ніну. Галавач.

9. злучнік часавы. Ужываецца ў даданых сказах часу, калі падзеі, аб якіх гаворыцца ў галоўным сказе, пачынаюцца адразу ж пасля падзей даданага сказа. Толькі я лягу і вочы закрыю, бачу я вас прад сабой. Колас. [Якаў Радзівонавіч:] — Толькі гэта мы разуліся, у кацялках вар гатуем — і раптам та-та-та, кулямі аднекуль як секане! Краўчанка. // Уваходзіць у склад састаўных часавых злучнікаў: «як толькі», «ледзь толькі», «чуць толькі», «толькі што», «адно толькі», «абы толькі», якія ўжываюцца ў сказах з імгненнай зменай падзей. Як толькі спуталі коней, падлеткі пачалі, раскладаць агонь. Чарнышэвіч.

10. злучнік умоўны. Падпарадкоўвае даданыя сказы са значэннем рэальнай умовы. Людзі табе дапамогуць, толькі сам рук не апускай. / Пры наяўнасці суадносных слоў «дык», «так» у галоўным сказе. [Надзя:] — Вось толькі краніце, дык так і плясну [талерку] аб падлогу. Крапіва.

•••

Адкуль толькі ногі ўзяліся; дзе толькі ногі ўзяліся гл. нага.

Адна толькі назва гл. назва.

Гэта яшчэ толькі кветачкі гл. гэта.

Ды і толькі (дый толькі) гл. ды 1.

Падумаць толькі! гл. падумаць.

Толькі ваўкоў ганяць гл. ганяць.

Толькі залюбавацца гл. залюбавацца.

Толькі і — выражае ўзмоцненае адценне абмежавання. У панядзелак у Берасцянскай школе толькі і гаворкі было, што пра ларок без прадаўца. Скрыпка.

Толькі і бачылі гл. бачыць.

Толькі пыл курыць (закурэў) гл. пыл.

Толькі пяткі заблішчалі гл. пятка.

Толькі (той) бяды гл. бяда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свой, свайго́, м.; свая́, сваёй, ж.; сваё, свайго́, н.; мн. свае́, сваі́х.

1. прыналежны займ. Які належыць сабе, уласцівы сабе, які мае адносіны да сябе. Абуць свае туфлі. Зрабіць сваімі рукамі. На сваё здзіўленне. ▪ Толькі на другі дзень убачыў Кандрат Назарэўскі свой родны гарадок. Чорны. Раману хацелася падзяліцца з кім-небудзь сваімі ўражаннямі, сваімі думкамі. Колас. [Чарнавус:] Дзесяць разоў перадумаў я ўсё сваё жыццё і магу сказаць, палажыўшы руку на сэрца, ні ў чым не вінаваты. Крапіва. // Які выконваецца, робіцца, здабываецца і пад. самім, самастойна, без чыёй‑н. дапамогі. Чытаць свае вершы. ▪ Шчабечуць песню сваю мітуслівыя ластаўкі: над акном іх гняздо. Брыль. // Які з’яўляецца асабістай маёмасцю, набыткам; уласны. Пабудаваць сваю хату. Палоць свой агарод. ▪ Мартын Рыль таксама думаў аб сваім доме, аб жонцы і дзецях, аб сваёй гаспадарцы. Колас.

2. у знач. наз. сваё, свайго́, н. Тое, што належыць сабе, а не каму іншаму, з’яўляецца ўласцівым сабе (рэчы, справы, думкі, жаданні, імкненні і пад.). Забраць сваё. ▪ [Дзядзька Якуб:] — Дваццаць год з царом ваявалі, а свайго дабіліся. Якімовіч. Адзін [чалавек] аж свеціцца шчасцем, другі, наадварот, сумуе крыху, трэці проста стомлены... У кожнага сваё... Шыцік.

3. Уласцівы толькі дадзенай асобе або прадмету; своеасаблівы. Але ў жыцці ўсяму свая адведзена мера. Старэў сівы бондар Гарась, старэлі яго рукі. Ракітны. / у знач. наз. сваё, свайго́, н. Спакваля рабілі сваё атмасферныя ападкі, а найчасцей будынкі гінулі ад шматлікіх пажараў. «Помнікі». // Не чужы, не запазычаны, родны. [Салдаты] ішлі па адной з галоўных вуліц горада, аб нечым надта ўжо горача спрачаліся і крычалі на сваёй мове. Дамашэвіч.

4. Прызначаны для каго‑, чаго‑н.; адпаведны, належны. Усе яны былі яшчэ маладыя людзі, але ўжо абстраляныя сувязісты, якія добра ведалі сваю справу. Машара. // у знач. наз. сваё, свайго́, н. Тое, што прызначана каму‑н., тое, што патрэбна для каго‑н. [Іван:] Думаю, з вамі ісці мне не варта. Каб і было што... Я сваё выканаў... Танк.

5. Які знаходзіцца ў сваяцкіх, сяброўскіх або іншых блізкіх адносінах, звязаны месцам жыхарства, сумеснай працай, агульнымі інтарэсамі і пад. Па голасу і па гаворцы дзед Талаш дазнаўся, што гэта чалавек свой, тутэйшы. Колас. [Лясніцкі:] — Адначасова нам трэба паспрабаваць закінуць у гэты атрад свайго чалавека. Шамякін. І сыны адказ трымалі Перад бацькам родным, А стараўся з іх быць кожны Свайго бацькі годны. Купала. Свой бацька пасварыцца і пашкадуе. З нар. // у знач. наз. свой, свайго́, м.; свая́, сваёй ж.; мн. свае́, сваі́х. Той, хто знаходзіцца ў сваяцкіх, сяброўскіх або іншых блізкіх адносінах. Ледзь павячэрала ў поцемках са сваімі, [Ганна] выйшла на двор. Мележ. Можа хто з сваіх? Калі не маці, то можа хто з суседзяў. Якімовіч. Свае каля мяне крадком хадзілі — хоць бы не разбудзіць раней часу. Гурскі.

6. у знач. наз. свая́, сваёй, ж. Прыручаная, свойская жывёла. — Правільна рашылі, — загулі партызаны. — Хто б.. [дактарам] дараваў такую жорсткасць? Тут дзікіх шкада крануць, а то на сваю [лісіцу] руку падымаць? Няхай.

•••

Аддаць свой (апошні) доўг гл. аддаць.

Берагчы сваю шкуру гл. берагчы.

Браць (узяць) сваё гл. браць.

Быць на сваім беразе гл. быць.

Варыцца ў сваім (уласным) саку гл. варыцца.

Ва ўсёй сваёй красе гл. краса.

Ведаць сваё месца гл. ведаць.

Ведаць як свае пяць пальцаў гл. ведаць.

Весці сваё гл. весці.

Весці свой род (сваю генеалогію) ад каго гл. весці.

Вывезці на сабе (на сваіх плячах, спіне) гл. вывезці.

Вынесці на сваіх плячах гл. вынесці.

Гаспадар свайго слова гл. гаспадар.

Глядзець са сваёй званіцы гл. глядзець.

Гнуць на свой капыл гл. гнуць.

Гнуць сваё гл. гнуць.

Гнуць (весці) сваю лінію гл. гнуць.

Дайсці сваёй галавой (розумам) гл. дайсці.

Дайсці свайго гл. дайсці.

Даказаць сваё гл. даказаць.

Да канца дзён сваіх гл. канец.

Далей свайго носа не бачыць гл. бачыць.

Жыць сваім розумам гл. жыць.

Забраць у свае рукі гл. забраць.

Ісці на свой хлеб гл. ісці.

Ісці сваёй дарогай гл. ісці.

Лезці не ў сваё карыта гл. лезці.

Мераць на свой аршын гл. мераць.

Мераць усё (усіх) сваёй меркай гл. мераць.

Мець свае вочы і вушы гл. мець.

Навесці свае парадкі гл. навесці.

Называць рэчы сваімі імёнамі гл. называць.

На свае (ўласныя) вочы бачыць гл. бачыць.

На свае (ўласныя) вушы чуць; сваімі вушамі чуць гл. чуць.

На сваім вяку гл. век.

На сваім месцы гл. месца.

На сваіх дваіх (жарт.) гл. двое.

На сваю галаву гл. галава.

На сваю рызыку (страх) гл. рызыка.

На свой лад гл. лад.

На свой манер гл. манер.

Не бачыць як сваіх вушэй гл. бачыць.

Не верыць сваім вушам (вачам) гл. верыць.

Не сваім голасам гл. голас.

Не ў сваёй талерцы гл. талерка.

Не ў (пры) сваім розуме гл. розум.

Паказаць сваё я гл. паказаць.

Паставіць на сваё месца каго гл. паставіць.

Пры сваіх інтарэсах гл. інтэрас.

Сам не свой; сама не свая гл. сам.

Сваё права правіць гл. правіць.

Сваёй чаргой гл. чарга.

Сваім гарбом гл. горб.

Сваім парадкам гл. парадак.

Сваім ходам гл. ход.

Сваімі словамі гл. слова.

Свой акраец хлеба гл. акраец.

Свой брат гл. брат.

Свой у дошку — зусім, па-сапраўднаму блізкі (у поглядах, меркаваннях і пад.).

Свой хлопец гл. хлопец.

Свой чалавек гл. чалавек.

Сесці на свайго канька гл. сесці.

Сесці не ў свае сані гл. сесці.

Сказаць сваё слова гл. сказаць.

Спаліць свае караблі гл. спаліць.

Ставіць на сваім гл. ставіць.

Стаць на свой хлеб гл. стаць.

Стаяць на сваім гл. стаяць.

Трымацца свайго слова гл. трымацца.

Трымаць у сваіх руках гл. трымаць.

Увайсці ў свае берагі гл. увайсці.

У (пры) сваім розуме гл. розум.

У сваю чаргу гл. чарга.

У свой час гл. час.

Уткнуць (уваткнуць, усунуць, уставіць) свае тры грошы гл. уткнуць.

Уткнуць (уваткнуць, усунуць) свой нос (язык) гл. уткнуць.

Як у сваёй хаце гл. хата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чорны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае колер сажы, вугалю, самы цёмны з усіх колераў; проціл. белы. Чорны атлас. Чорная фарба. ▪ Над галовамі часта праляталі самалёты — цяжкія бамбардзіроўшчыкі з чорнымі крыжамі на бартах і вёрткія тупарылыя «ястрабкі» з чырвонымі зоркамі. Якімовіч. А над травою звіняць, таўкуцца жаўтаватыя камары, стаяць слупы чорных мошак. Бяспалы. / у перан. ужыв. Дарогу чорны снег заносіць — Загінуць можа чалавек. Чарот. // у знач. наз. чорныя, ‑ых. Шашкі, шахматы цёмнага колеру ў процілегласць белым. Гуляць чорнымі. // Апрануты ў адзенне такога колеру. Уперадзе коннікаў ціха пасоўваўся вялізны аўтобус. Праз адкрытыя вокны бачыў ён [Міколка] чорныя мундзіры, чорныя шапкі з чырвонымі кантамі. Лынькоў. // у знач. наз. чорнае, ‑ага, н. Адзенне, убранне такога колеру. Мужчына быў увесь у чорным. Чорны. // Які мае пер’е, поўсць такога колеру. Чорны сабака. ▪ Арол чорны ўецца ў высі. Чарот. / У назвах птушак, жывёл. Чорны бусел. Чорны дзяцел.

2. Цёмны, больш цёмны, чым звычайна. Чорная зямля. ▪ Зноў, як тады, гатоў да ранку ў цішы на беразе сядзець, і слухаць голас малдаванкі, і ў вочы чорныя глядзець. А. Вольскі. Даша павярнулася. На парозе стаяў высокі чалавек. Бровы над чорнымі вачамі многа цямнейшыя за светлыя валасы. Пішчыкава. // Смуглявы, чарнявы, цёмнавалосы. Банда ўвалілася ў хату.. Адзін з шапкі, чорны, калматы, як звер, узламаў шабляю скрыню і пачаў перабіраць і выкідваць адтуль рэчы, якія яму больш падабаліся, а больш дробныя і каштоўныя — клаў у кішэню. Колас. // Які пасмуглеў ад сонца. Тут, пад разгалістай вярбой на беразе ракі, іх двое: амаль чорны ад загару Ілья Нікіценка і крыху хударлявы Толя Ярмакоў. Шыловіч. // Які мае цёмную скуру (як адзнаку расы). А белыя, жоўтыя, чорныя расы Да мовы супольнай прачысцяць дарогу... Купала. Не ведалі .. [пані], што гэта не божыя слёзы, а слёзы маленькага голага чорнага Тубі з вострава Цэйлона. Маўр. // Вельмі цёмны, змрочны. Працавалі Пры вогнішчаў яркім святле, Слыхам сочачы Ворага ў чорнай імгле. Куляшоў. На чорным начным полі ляжала нешта белае, распластанае. Сабаленка. // Цёмны, неасветлены. А ў сяле яшчэ не спяць... Міма чорных вокнаў Давядзецца нам ступаць, Нібы пад канвоем. Жычка. // Непранікальны, шчыльны; цёмны (пра хмару, дым і пад.). Над усходнім краем лесу стаяла чорнае воблака. Кулакоўскі. Чорнай хмарай Кружаць галкі; — І ў аконца бачна мне: Грак з грачыхай У садзе ціха След пракладваюць вясне. Шуцько. У чорных снегавых хмарах з поўначы насоўвалася зіма. Мурашка. // Зроблены, прыгатаваны або выпечаны з цёмнай, жытняй мукі. Нічога ў жыцці не трэба. Са мной толькі будзьце заўжды, Лустачка чорнага хлеба, Глыточак крыштальнай вады. Матэвушаў.

3. Разм. Брудны, запэцканы, зашмальцаваны. Абціраючы чорныя рукі падолам, цётка Катрына патрухала ў хату. Брыль. [Вера:] — Лазню я і сёння яшчэ ўспею выпаліць. .. Сподняе зменіш. Што так мяняць без лазні — на чорныя плечы. Пташнікаў.

4. Некваліфікаваны, які не патрабуе пэўных ведаў і навыкаў, звычайна фізічна цяжкі і брудны (пра чарнавую работу і пад.). Памятае Змітрок і апошнія словы бацькі, які ўсё сваё жыццё аддаў аднойчы выбранай любімай справе: — Помні, сынку, што не чорная праца ганьбіць чалавека, а яго чорныя справы, душа. Ваданосаў. Чорная, самая цяжкая справа — найлепшая навука для чалавека. Лужанін. [Лірнік:] Чорная работа не сажа — душы не замажа. Вітка. [Дырэктар:] — А цяпер, у дадзены момант, такой [учотчыцы] работы няма. А на чорную на якую вы не пойдзеце. Сабаленка. // Найменш значны, дапаможны (пра адпаведную частку якой‑н. працы, справы). Інжынер Прыстром бачыў у рабочых толькі сілу, здольную на чорную работу, на выкананне задум і планаў інтэлігентаў. Арабей.

5. Не галоўны, не цэнтральны, не парадны, які выкарыстоўваецца для штодзённых патрэб (пра дзверы, ход, уваход і пад.). Праз чорны ход Эма знікла з дому. Машара. [Чарвякоў:] — Цяпер нам трэба ціхенька выйсці праз кухню на чорную лесвіцу, каб яны [вартавыя] не пачулі. Мяжэвіч.

6. перан. Дрэнны, адмоўны; які не выклікае адабрэння. Яны [сусед і вусаты] доўга шукалі ўсяго дрэннага ў былога парабка, а разам стараліся выказаць як найбольш чорных слоў і на цяперашні свет. Чорны.

7. перан. Нізкі, каварны, подлы. Хіба Колас мог заставацца спакойным! Гаварыць, расказваць свету аб чорным злачынстве! Лужанін. Не было б, уласна, мне і справы, Вытрымаў бы я нейтралітэт, Ды плануе новыя расправы Не адзін там чорны прайдзісвет. Панчанка. // Які губіць, знясільвае. У душы гарыць агонь нуды — пануры, чорны. Багдановіч.

8. перан. Крайне рэакцыйны, контррэвалюцыйны. [Апейка:] — Так, рэлігія — мы не тоім гэтага — адна з самых чорных сіл, якая перашкаджае нам, бальшавікам. Мележ.

9. перан. Цяжкі, змрочны, беспрасветны. Паэт непахісна верыць, што доля чорная людзей не з’яўляецца ўсемагутнай, таксама, як яна не ёсць і вечная на зямлі, налітай крывёю і потам гаротнага люду. Майхровіч. Гора складае свае калыханкі — Сумныя песні пра чорны прыгон. Танк. / Пра час, перыяд, звязаны з горам, няшчасцем. Аднойчы, як чорны выдаўся час, Юнак пакідаў айчыну. Лось. / у вобразным ужыв. Чорнай бездані чорны рот Разяўляеш [акіян] не ў час, відаць. Вельмі ж рана ў дваццаць год, Рана хлопцам пра смерць гадаць! Гілевіч.

10. Які ў дарэвалюцыйныя часы адносіўся да ніжэйшых слаёў грамадства, да простага народа. Вырвалі мы з коранем тое пустазелле, Што смактала сокі З чорнае галоты. Колас.

11. Гіст. У дарэвалюцыйнай Расіі — цяглавы, дзяржаўны. Чорныя землі. Чорныя двары.

12. Паводле забабонных уяўленняў — чарадзейны, звязаны з нячыстай сілай. Донна, донна! Вы ўзялі Ад маіх слядоў зямлі І зрабілі пагавары З чарадзейных чорных кніг. Багдановіч. Зайшла размова аб навуках — Старых, даўнейшых — і іх штуках, Аб кнігах з чорнаю пячаццю, Аб чараўніцтве, аб закляцці. Колас.

•••

Чорнае дрэва гл. дрэва.

Чорнае золата гл. золата.

Чорная біржа (чорны рынак) гл. біржа.

Чорная дошка гл. дошка.

Чорная ікра гл. ікра.

Чорная магіл гл. магіл.

Чорная меланхолія гл. меланхолія.

Чорны кофе (чорная кава) гл. кофе.

Чорны лес гл. лес.

Чорны шар гл. шар.

Чорныя металы гл. метал.

Чорныя сотні гл. сотня.

Чорныя спісы гл. спіс.

Зрабіць белае чорным гл. зрабіць.

Ні чорнага ні белага — не абазвацца, не сказаць ні слова каму‑н.

Трымаць у чорным целе гл. трымаць.

У чорным святле гл. святло.

Чорная гадзіна гл. гадзіна.

Чорная косць (костка) гл. косць.

Чорная кошка прабегла (перабегла) паміж кім гл. кошка.

Чорная няўдзячнасць гл. няўдзячнасць.

Чорны дзень гл. дзень.

Чорным па белым — дакладна, выразна, ясна, недвухсэнсава (сказаць, напісаць і пад.).

Як чорны вол гл. вол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чысты, ‑ая, ‑ае.

1. Незабруджаны, незапэцканы. Чысты абрус. Чыстая падлога. ▪ [Маці] прынесла з каморы чыстае адзенне. Якімовіч. А на далоні мне З маўклівасцю ўрачыстай Садзіцца зорны снег, Даверлівы і чысты. Матэвушаў. // у знач. наз. чыстае, ‑ага, н. Тое, што не забруджана, не запэцкана. Баляслаў вымыўся ўжо, .. уздзеў ужо ўсё чыстае. Чорны. // Які ўтрымліваецца заўсёды ў чысціні; ахайны, дагледжаны. Гарадок быў зялёны, чысты, амаль цэлы, з брукаванымі вуліцамі і тратуарамі. Арабей. А суседкі каля вокнаў, Як бы ўбачылі праяву: — Які чысты, які стройны, Які з твару маладжавы! Купала.

2. Разм. Прызначаны не для штодзённых патрэб, а для ўрачыстых выпадкаў, для гасцей і пад. У чыстым пакоі прахрыпеў насценны гадзіннік і пачаў біць. Лобан. Таня трохі збянтэжылася, пачырванела. Кіўнула Вадзіму, а сама — барзджэй за дзверы, на чыстую палавіну хаты, прынесці яму крэсла. Паўлаў.

3. Звязаны з тым, што не вельмі пэцкае, брудзіць, з тым, што патрабуе майстэрства, умення. — Паслужыў у арміі [Мікола], і давайце ўжо яму чыстую работу. Ермаловіч. // Выкананы, зроблены дакладна, акуратна, старанна, без хібаў. — Здорава! — з захапленнем сказала Галя. — Вось гэта работа! Чыстая работа. Пятніцкі. // Перапісаны, перароблены начыста; чыставы. Чысты экземпляр артыкула.

4. Які мае адкрытую, нічым не занятую паверхню. Сам засценак стаяў сярод чыстага поля. Чарнышэвіч. Перада мною адкрыўся чысты роўны схіл гары і ўнізе — шырокае возера. Шамякін. // Не запознены нічым, не заняты літарамі, лічбамі, малюнкамі і пад. Кладзецца за радком радок На чысты ліст паперы. Смагаровіч. — Калі ласка, вось тут, — сказала Эмілія, падаючы.. [рамесніку] чысты бланк. Маўр. // Роўны, гладкі, без рабаціння і прышчоў (пра скуру). Твар [Волечкі], здаецца, прасвечваецца на танюсенькіх промнях месяца, такі чысты і прыгожы. Мыслівец. Жвір, як і раней, быў прыгожы; толькі з чыстага твару, з вачэй знікла яго колішняя весялосць. Адамчык. // Разм. Поўны, сыты. Чорныя, смалістыя валасы, дзябёлы чысты карак, на ёмкіх плячах бялюткая шаўковая тэніска. Ракітны. // Бязвоблачны; не закрыты туманам. Ноч. Халодная зямлянка. Перастрэлка. Цішыня. Неба, чыстае, як шклянка, Тупат быстрага каня. Глебка. Дні — як адзін — сонечныя, лагодныя, неяк на дзіва чыстыя: усё навокал у ласкавай, дзівоснай яснасці. Мележ. Хмары сышлі, неба было чыстае, вялікія і малыя зоры міргалі. Лупсякоў.

5. Без пабочных дамешак ці з невялікімі дамешкамі. Чыстая шэрсць. Чыстае золата. ▪ Шарон Свой парабелум разглядаць пачаў, Дзе выбіты быў чыстым серабром Год, дзень вайны. Танк. Сучасная тэхніка ў многіх выпадках патрабуе асабліва чыстых металаў. «Звязда». У адной з цыстэрнаў сапраўды быў чысты авіяцыйны бензін. Беразняк. / у перан. ужыв. Заснулі дрэвы ў пухавых Аснежаных уборах, І чыстым золатам на іх Ліюцца ціха зоры. Глебка. Сёння ж наваколле дрэмле ў ціхім сне, Марачы аб сонцы, кветках і вясне. Як на крыл[ах] вецер прынясе нам гром... А сняжынкі падаюць чыстым серабром. Хведаровіч. // Празрысты, не закаламучаны, не забруджаны (пра ваду). Ад вадакачкі цераз вуліцу цёк вузенькі раўчучок чыстай, як сляза, вады. Арабей. Вада ў затоцы светлая, чыстая. Ігнаценка. // Свежы, нядушны, няпыльны (пра паветра). Вуркочучы, на захад адыходзіла навальніца, і паветра было такое чыстае, што не мігцелі нават самыя далёкія агні. Карпаў. // Без пустазелля, без шкодных раслін (пра злакі). Чыстыя пасевы. // Не разведзены, не разбаўлены. Чысты спірт. // У якім растуць дрэвы адной пароды (пра лес, гай і пад.). За першай градой падлесных зараснікаў пайшоў лес чысты. Чорны. Дарога павярнула пад Імшару і пайшла па чыстым сасновым бары. Пташнікаў. // Не змешанай пароды, народжаны, выведзены без скрыжавання. Сабака чыстай пароды. Конь чыстай крыві. // Аднародны (пра колер). Чыстым блакітам У вочы глядзелі нябёсы. Куляшоў.

6. Выразны, без шумаў, без дадатковых гукаў. Калі ж я неяк з ёй [Веранікай] спаткаўся, Загаварыўшы, як у сне, — Яна зірнула на мяне, І раптам з вус[наў] яе сарваўся Такі бязвінны, чысты смех, Што на яго злавацца — грэх. Багдановіч. Чысты, звонкі спеў дразда прагучаў, як жалейка. Самуйлёнак. Барашкін пазнаў.. голас [Людмілы] адразу — мяккі, крыху насмешлівы, пявучы і чысты. Савіцкі.

7. Правільны, які адпавядае пэўным нормам, правілам (пра мову, склад і пад.). Камендант насустрач канвою загаварыў на чыстай рускай мове. Пестрак.

8. перан. Маральна бездакорны, шчыры і сумленны, без брудных, карыслівых думак і дзеянняў. Чыстае сумленне. ▪ [Іван] быў вельмі сучасны — справядлівы і чысты. Грахоўскі. [Сушынскі:] — Дзякую, што збераглі. Цяпер, па крайняй меры, я чысты перад вамі. Скрыган. // Высокамаральны, узвышаны. Чыстыя імкненні. Чыстыя парыванні. ▪ У такой жанчыны павінны быць чыстыя пачуцці, як крынічная вада. Дуброўскі. // Нявінны, бязгрэшны, цнатлівы. [Наталля:] Дзіцячая душа чыстая. Крапіва. Вечаровай часінай Зазвінела [песня] ў цішы Нерастрачанай сілай Чыстай юнай душы. Гілевіч. // Які выражае высокую маральнасць, бязгрэшнасць. [Рагоўскі], гледзячы ў яе [Тоніны] даверлівыя, чыстыя вочы, раптам падумаў: «А што калі б я пастукаў у другія дзверы?». Пішчыкава.

9. перан. Які не мае ў сабе падману, хлусні. [Вера:] — Я зайздрошчу табе, што ты вось ходзіш па зямлі, вочы ў цябе такія чыстыя-чыстыя, як тваё сэрца. Лынькоў. // Вольны ад якіх‑н. падазрэнняў, бездакорны. Палагея.. мела не зусім чыстую рэпутацыю і, апрача таго, славілася сваёй сварлівасцю. Шамякін.

10. Які застаецца пасля вылічэння чаго‑н. Чысты даход. Чысты прыбытак. // Які маецца ў наяўнасці, наяўны (пра грошы). Мікуць і Міхал назаўтра раздумаліся і ад малатарні Банадысёвай адмовіліся, а запатрабавалі за работу чыстымі грашыма. Чорны. / у знач. наз. чысты, ‑ага, м. [Павал Андрэевіч:] — Але гэта што, людзі сотнямі тысяч чыстага бяруць!.. Галавач.

11. Разм. Абсалютны, поўны. [Багдан:] — Ды калі сказаць чыстую праўду, то я... гэта самае... вельмі хацеў з вамі пабачыцца. Кулакоўскі.

12. Разм. Сапраўдны. [Паўлінка:] Са старым, дык чыстая бяда.. Хоць ты яму кол на галаве чашы. Купала. — Ах, Клава, ты — чыстае дзіця... Я хіба ведаў... А тут так павярнулася... — Ён [Язэп] памаўчаў крыху, як бы збіраючыся з думкамі. Асіпенка. // Які вельмі падобны на каго‑, што‑н. «Морж, чысты морж...» — думала.. [Майка], пазіраючы, як, ловячы агрубелым пальцам неўвароткі клавіш, Падудзік і соп і крахтаў. Лынькоў. [Глушачыха:] — Яўхім!.. Чысты Яўхім! Як дзве кроплі, падобна [дачка]! Мележ.

13. Не звязаны з практычным прымяненнем; проціл. прыкладны. Чыстая тэорыя.

•••

Чыстае мастацтва — тое, што і мастацтва для мастацтва (гл. мастацтва).

Чыстая вага гл. вага.

Ад чыстага сэрца гл. сэрца.

Вывесці на чыстую ваду гл. вывесці.

Выйсці чыстым гл. выйсці.

З чыстым сумленнем гл. сумленне.

Прыняць за чыстую манету гл. прыняць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па 1, прыназ. з Д, В, М.

Спалучэнне з прыназоўнікам «па» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з М. Ужываецца пры абазначэнні месца ці прадмета, уздоўж якіх адбываецца рух або размяшчаецца хто‑, што‑н. Ісці па вуліцы. Прайшоў па калідоры. ▪ Па гладкай, як шкло, магістралі, Дзе белыя ліпы цвітуць, Нібыта блакітныя хвалі, Машыны плывуць і плывуць. Хведаровіч. Па шляху цягнуліся фурманкі. Галавач. Пабудовы то гусціліся па нямігскіх берагах, то выстройваліся доўгім радам па Свіслачы. Чорны. // Пры абазначэнні прадмета, на паверхні якога адбываецца дзеянне або размяшчаецца хто‑, што‑н. Ціхая дума блукае па твары сястры. Кірэенка. Натужліва гудзеў грузавік, коўзаючыся па слізкіх выбоінах. Лынькоў. А песня то расінкай блісне, То, як вяроўкаю тугой, Жальбой раптоўна горла сцісне І па шчацэ збяжыць слязой. Вялюгін.

2. з Д у адз. Ужываецца пры словах, што абазначаюць прадмет, паверхня якога служыць месцам выяўлення чаго‑н. Чаканка па металу. ▪ Мы стаялі перад разьбой па дрэву выдатнага скульптара Віта Ствоша. Брыль. Знадворку і вагон прыгожы. Яшчэ не сцерлася назусім чырвоная фарба. З левага боку ўгары намаляваны чорным па беламу двухгаловы арол з царскай каронай. Лынькоў.

3. з М. Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, у межах якіх адбываецца дзеянне. Мы ўтрох ішлі па полі, перасякаючы малады калгасны сад. Скрыган. Мне здаваўся даўгім яго шлях, Босы, бег ён праз ямы, Па халоднай зямлі, па лістах І па сэрцы маім Таксама. Куляшоў. Даставайце з вышак сані — Гайда сцежкі праціраць І па белым акіяне Ўздоўж і ўпоперак гуляць! Колас. // Пры абазначэнні шэрагу аднародных прадметаў ці паняццяў, у адносінах да якіх адбываецца дзеянне. Горда сталі Плячыстыя гумны — Усё лета забралі яны, І па хатах калгасных удумна Падлічаюцца працадні. Броўка. Палахлівыя водбліскі полымя трапятліва прабягалі па тварах, па бліжэйшых дрэвах, згушчаючы вячэрні змрок над зямлёю, над лесам. Лынькоў. Старэйшая дзяўчынка Ніна змалку прывыкла хадзіць па заработках. Галавач. // Ужываецца пры ўказанні на асоб, месцы, якія хто‑н. часта наведвае. Хадзіць па дактарах.

4. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца са значэннем: у кірунку, прытрымліваючыся напрамку чаго‑н. Паехалі па маршруту, які нам прапанаваў генеральны сакратар таварыства, наш гід доктар Шастры. Брыль. І калі гэты адказ будзе ісці доўга вельмі, як ідзе святло ад далёкай зоркі, і калі ён прыйдзе тады, як мяне ўжо не будзе, то пашлюць мне адказ па адрасу, па якому я пішу сваёй маці... Вярцінскі. Проста па прысадах на захад ледзь туманіліся абрысы дробнага гарадка. Чорны.

5. з В, а таксама з М. Ужываецца пры ўказанні на напрамак дзеяння або на месца размяшчэння каго‑, чаго‑н. (са словамі «бок», «старана», «край», «рука» з азначэннямі). Бацька быў у арміі, недзе па той бок фронту, і з першага дня вайны не было ад яго ніякай весткі. Чорны. Па абодва бакі [сцежкі] ляжала нядаўна ўзараная чорная зямля, і надта белымі і танюткімі здаваліся ствалы яблынь і вішань, пабеленыя вапнай. Караткевіч. З самага краю вуліцы, па левым баку яе, стаяла падбудаваная і зусім яшчэ прыстойная хата. Гартны. Па правай руцэ цягнуўся ельнік уперамешку з маладымі хвоямі, а з левага боку пачынаўся бярэзнік. Колас.

6. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з’яўляецца прасторавай мяжой распаўсюджання чаго‑н. Улезці ў ваду па пояс. Колы вязнуць у пяску аж па ступіцу. ▪ Не дзяўчына — любасць адна. Асабліва ж каса па калені. Лынькоў. Ужо лісце пад нагамі Аж па забарсні шуміць. Броўка.

Часавыя адносіны

7. з В. Ужываецца пры абазначэнні часу ці тэрміну, непасрэдна да наступлення якога што‑н. адбываецца, існуе. Эх, час касьбы, вясёлы час! І я ім цешыўся не раз, І з таго часу па сягоння Мне сонцам свеціць Наднямонне. Колас. Веру дрэву, веру зверу, Веру грому і дажджу... А каму па смерць не веру — Ў бітве ворагу скажу. Кірэенка.

8. з М. Ужываецца пры абазначэнні пэўнага часу, перыяду і пад., пасля якіх што‑н. адбываецца. З Васілём Паўлавым, нядаўнім сваім прыяцелем, .. [Севярын] пазнаёміўся ў першы вечар па прыездзе сюды. Караткевіч. І нават па змярканні нагрэты за дзень моцным яшчэ сонцам камень грэе ў падэшву твае босыя ногі. Чорны. Дзень добры, новая мясціна! Спаткаў, ты нас, як маці сына Па часе доўгае разлукі. Колас. На дзесятыя ўгодкі Варма вараць мёд салодкі, А па мёдзе — рукі ў бок Ды ў скокі крок у крок! Купала. // Ужываецца пры абазначэнні асобы ў выразах: «памяць па сабе», «памяць па ім» і пад. Цяпер, калі ўжо .. [Булгакава] няма, калі па ім у мяне засталася светлая памяць, .. я .. дзякую добраму лёсу за гэтую незвычайную дружбу. Брыль. // Ужываецца для абазначэння паслядоўнасці дзеяння (у выразах тыпу: «раз па разу», «кропля па кроплі» і пад.). Стукаюць спрытныя малаткі ды раз па разу пераліваюцца косы срэбным шорхатам мянташак. Лынькоў. Навуку трэба выкладаць па-навуковаму — кропля па кроплі, зразумела, дакладна. Пестрак.

9. з М. Ужываецца пры абазначэнні з’явы, працэсу, прадмета, час існавання якіх канчаецца ў выніку якога‑н. дзеяння. Вось і па дажджы! ▪ [Пніцкі:] — Адзін скубяне, другі скубяне, от табе і па ўсім. А сад штука далікатная. Чорны.

10. з М. Ужываецца пры абазначэнні пэўнага часу, калі адбываецца дзеянне. Ён сек тайгу, паліў карчы старанна І проса ў лядах сеяў па вясне. Куляшоў. // з М у мн. Ужываецца пры ўказанні на час, калі адбываецца дзеянне, якое рэгулярна паўтараецца. Пасуцца па начах заўсёды коні нашы З вясны да восені — даволі такі часу. Крапіва.

11. з Д у адз. Ужываецца пры абазначэнні прамежку часу ці перыяду, які неаднаразова паўтараецца. Не прыходзіць па тыдню. ▪ Калі мне бывала весела, Калі мне бывала радасна, Я часта па цэламу месяцу Твайго не знаходзіў адраса. Панчанка. Шмат у нас гарадоў, Шмат яшчэ паўзнімаецца — Толькі ў кожным пажыць Мне па году жадаецца. Броўка.

Аб’ектныя адносіны

12. з М. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, на які накіравана дзеянне (удар, дакрананне і пад.). Стукнуць па стале. Удар па ворагу. Пагладзіць па галоўцы. ▪ Б’юць пранікі цяжкія па вадзе, Аж рэхам адклікаецца чарот. Танк. Гордыя замежныя салдаты, Зорку запрыкмеціўшы маю, Па панелі грукаюць заўзята І з павагай чэсць нам аддаюць. Панчанка. Дажджы ўсю ноч бубняць па ржавым даху, Ім дружна адгукаецца капеж. Звонак. Я не ведаю, чаму мне так уцешна, Як зазвоніць восень меддзю па лістах. Васілёк. Неўзабаве артылерыйская стральба па горадзе павялічылася. Чорны.

13. з М, а таксама з Д у адз. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы і г. д., аб якіх сумуюць, тужаць, бядуюць, плачуць і пад. Туга па радзіме. ▪ Па сонцу і вясне душа засумавала. Колас. — Па партызану будзе бедаваць І безуцешна горка слёзы ліць Старая маці, а па казаку Дзяўчына чарнабровая тужыць. Танк.

14. з М, а таксама з Д у адз. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, прылады, інструмента, пры дапамозе якіх утвараецца дзеянне. Перадаваць па радыё. Вывучаць па сваім падручніку. ▪ Я ж гадзіннік з сабой захапіў, Час па ім Назіраю, Бо шчасліўцам ніколі не быў, Быць такім Не жадаю. Куляшоў. Ішлі мы па высокім трыснягу і па балоце, часамі па калені ў вадзе, ноч, дзень і яшчэ адну ноч. Ніхто нічога не еў. Ішлі па компасу. «Маладосць».

15. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца пры абазначэнні роду, галіны ці сферы якой‑н. дзейнасці. Дырэктывы з’езда па пяцігадоваму плану. Работа па стварэнню калектываў мастацкай самадзейнасці. ▪ Розныя неадкладныя справы набягалі і па райкомаўскай лініі. Лынькоў. У нас пачынаецца многа работы — па выяўленню рэзерваў вытворчасці, зніжэнню сабекошту... Скрыган. Пісьменнік [К. Чорны] неаднаразова выступаў са змястоўнымі артыкуламі па пытаннях беларускай мовы. Кудраўцаў.

16. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца са значэннем: у адпаведнасці з чым‑н., згодна з чым‑н., паводле якіх‑н. прымет. Дождж прайшоў як па заказу. Прыбыў па вашаму загаду. Адзявацца па сезону. Падыходзіць па чарзе. Рабіць па старому звычаю. Паставіць гадзіннік па маскоўскаму часу. ▪ Героі рамана [«Людзі на балоце»] кахаюць па вечнаму і неадменнаму для ніякай крытыкі закону самога яго вялікасці жыцця. Брыль. Я сам сяброў сваіх па ўзросту Вітаю ўсіх, Сабраўшы ў круг. Глебка. // Ужываецца пры ўказанні на блізкасць, сваяцтва, роднасць. Таварыш па універсітэту. Брат па бацьку. Сяброўкі па палатах. ▪ У дарозе мы выпадкова сустрэліся з сябрам нашага доктара Шастры па медыцынскаму інстытуту... Брыль. І сніў ён сяброў па заставе. Куляшоў. // Ужываецца пры ўказанні на таго, згодна з чыёй‑н. думкай, тэорыяй, чыімі‑н. поглядамі адбываецца дзеянне. Фільм па Талстому. Жыць і змагацца па Леніну. ▪ Антанюк даўно прыкмеціў, што з найбольшай цікавасцю.. [унук] глядзіць мультфільмы вось па такіх казках — па народных, па Пушкіну, па Андэрсену... Шамякін. «Ах, прастата — як гэта неабходна!» — часта паўтараў.. [Л. Талстой], гэты — па Горкаму — «апошні і сапраўдны арыстакрат рускай літаратуры». Брыль.

17. з М, а таксама з Д у адз. Ужываецца пры ўказанні на падставу, аснову якога‑н. дзеяння. Ведаем вас па газетах. Разумець па вачах. ▪ Па бацькавым твары Амяльян бачыць, што справа тут напалавіну зроблена. Колас. Па Васілёвым голасе адразу было ясна, што.. [чалавек] спіць спакойна. Караткевіч. А я па званочку твайму здагадаўся, Хто.. на дасвецці раніцай чыстаю Дзецям на флейце песні высвіствае. Вітка. Па беламу білету тры сыны яго жылі. Куляшоў.

Размеркавальныя адносіны

18. з Д, В і М. Ужываецца пры словах, якія абазначаюць паслядоўнасць, паступовасць або ўказваюць на размеркаванне: а) з назоўнікамі (у тым ліку са словамі «пара», «дзесятак», «мільён», «мільярд» і пад.) — з Д у адз. і М у мн. Перабраць па каліву. Збіраць па кропельках. Бралі па скварцы. Зараблялі па пуду жыта. Прывезці дзецям па дзесятку яблыкаў. Па рублю кілаграм. ▪ Дома тата даў мне і Толіку па пэндзлю і сказаў: «Вось цяпер малюйце. Мастакі...» Хомчанка. Я павінен буду напісаць некалькі мільярдаў пісем. Кожнаму чалавеку па пісьму. Вярцінскі. — Ад польскіх гарнякоў, — з усмешкай сказаў.. [стары], падаючы нам кветкі і кожнаму па сувеніру — па празрыстаму саляному арлу. Брыль. А траву пакашу — Дам вам сена па кашу. Вітка; б) з лічэбнікам «адзін» — з Д або М у адз. Самалёты ляцелі па аднаму, па тры, несучы свой смертаносны груз. Мележ. Ішлі мядзведзіцкія [сяляне] па адным, па два, хапаючыся за шулы і штыкеты. Крапіва; в) з лічэбнікам ад «двух» і далей — з В (прычым форма В і з адушаўлёнымі назоўнікамі звычайна як Н, хоць дапускаецца і як Р). Па два, па пяць, па пяцёра, па дваццаць, па дзевяноста, па сто, па трыста, па семсот; па паўтара, па паўтары. ▪ [Вера:] — А бачыла, колькі жанчын найшло на калгасны двор? Каб па дзесяцера на сані, дык і то ўсіх не забраў бы. Кулакоўскі. І такія трывалыя выходзілі граблі — гады па тры служылі. Лынькоў. [Кірыла:] — І ты, братка, ідзі дадому, няможна хоць і па дваіх збірацца. Чорны.

Колькасныя адносіны

19. з Д, В і М. Ужываецца пры ўказанні на велічыню, памер, колькасць: а) з назоўнікамі — з Д у адз. і М у мн. Кавалкі па метру. Яблыкі па кулаку. Капуста па вядру. ▪ Ля тыноў і платоў — высокія, па мядзведзю, гурбы снегу, і хаты здаюцца нізкімі, прысадзістымі. «ЛіМ». Пасля пайшоў снег, густы, па лапцю; здавалася, як хто за акном махаў рукамі. Пташнікаў; б) з лічэбнікамі ад «двух» і далей — з В. Здымалі ўраджаі па сорак цэнтнераў. Жэрдкі даўжынёй па дваццаць пяць метраў. ▪ Тут — хата ў хату, паглядзець, Па шэсць, па сем акон, Над кожным дахам дроту медзь Заводзіць перазвон. Астрэйка. Гэтымі начамі Кастусь не спаў моцна і глыбока, як гэта бывала з ім раней.. Так па некалькі разоў у ноч ён выходзіў слухаць, ці ядуць коні. Чорны.

Адносіны спосабу дзеяння

20. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца пры абазначэнні спосабу дзеяння. Рабіць па справядлівасці. ▪ Пісьмо па парадку Уголас чыталі. Куляшоў. — Але скажу табе па сакрэту: Пракоп не любіць такіх матэрыялаў. Сачанка.

Прычынныя адносіны

21. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца для ўказання на прычыну дзеяння. Зрабіць што-небудзь па непаразуменню. ▪ [Шэмет:] — Сядзі дома, Макар Пятровіч, яшчэ пасяўная не скончылася, няма калі раз’язджаць па ўсялякаму глупству. Лобан. Схіліўшы долу светлачубую галаву, на якой нейкім цудам, толькі па ўласнай ахвоце, трымаецца пілотка, хлопец успамінае. Брыль.

22. з Д і М у адз. і М у мн. Ужываецца для ўказання на падставу, абгрунтаванне. Меркаваць аб заўтрашнім надвор’і па вячэрняму небу. Здагадацца аб намеры па вачах.

Мэтавыя адносіны

23. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета як мэты руху ці перамяшчэння. Схадзі па бацьку. ▪ Па маліну хадзілі ў сад, Абтрасалі бэры. Куляшоў. Пакуль Колька бегаў у магазін па чай, .. [жанчыны] сядзелі, як даўнія сяброўкі, і Кацярына Рыгораўна расказвала пра сваё нялёгкае жыццё. Грахоўскі. І нядарам біты сцежкі Непракладзеных дарог, І нядарам па усмешкі Ты хадзіў на мой парог. Глебка.

па 2,

Асобная фігура ў танцы; танцавальны крок.

[Фр. pas — крок.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пусціць, пушчу, пусціш, пусціць; зак.

1. каго-што. Перастаць трымаць, утрымліваць рукамі каго‑, што‑н.; выпусціць. Стася ціха, але рашуча папрасіла: — Зелянюк, пусці маю руку. Я пайду. Зарэцкі. [Дзед] пусціў вёслы і выхапіў з-пад сябе дошчачку дарожкі. Брыль. // Перастаць трымаць дзе‑н., даць волю. Сам прыстаў трымаў .. [Адася Гушку] перад сабою нешта гадзін са тры, а пасля пусціў, загадаўшы сваім людзям не спускаць яго залішне з вока. Чорны. Ды лепш бы ўсё яны забралі, Пусцілі б толькі іх [палонных] жывых. Колас. // Дазволіць або даць магчымасць пайсці, паехаць і г. д. куды‑н. Пусціць у адпачынак. ▪ [Сястра] хацела пайсці разам з .. [Міколкам] у лес, але маці не пусціла: трохі прыхворвае малая. Лынькоў. // Даць магчымасць пасвіцца, выпусціць на пашу (пра жывёлу). І куды толькі не забярэцца.. [Цімох] са сваім статкам! І на ягаднік пагоніць, і па бары на верасы пусціць, і ўсе лужкі перабярэ. Колас. Гадзін праз дзве работы [Міхал] выпраг каня і пусціў на паплавец. Чорны.

2. каго-што. Дазволіць каму‑н. прайсці, увайсці куды‑н.; упусціць. Гэта я! Пусці! Яшчэ не верыш? Дык на ганак выбежы хутчэй. Танк. Мне ўдаецца ўгаварыць пляменніка спачатку падстрыгчыся — непадстрыжанага, маўляў, у магазін не пусцяць... Каршукоў. // Памясціць, пасяліць, здаючы ў найм памяшканне. Але браты нечага не падзялілі, і малодшы Шнур падаўся цераз раку. Цяпер ён шукаў хаты. І Харытоня пусціў яго ў сваю. Чыгрынаў. — Ці не пусцілі б вы ў .. [другую палавіну хаты] хлопца аднаго на які месяц ці два. Дроў мы неяк прыдбаем. Зарэцкі.

3. каго-што. Паслаць, накіраваць куды‑н. з якой‑н. мэтай. Трымаліся два дні, але раніцай трэцяга немцы пусцілі танкі. Навуменка. [Васіль:] — Трэба было абавязкова ўвосень выкарчаваць пні... Цяпер пусцілі б камбайн, жняяркі... Шамякін. // Даць магчымасць або прымусіць рухацца, перамяшчацца якім‑н. чынам. Гаспадар выцягнуў плуг з зямлі і пусціў плытчэй. Чорны. Наганяць шкадаваў, а пусціў паволі — і так утаміўся конь. Гартны. // Надаць пэўны ход, кірунак (размове, справе і пад.). Пусціць справу на самацёк. ▪ Маладая.. не раз пачынала гаворку, старалася аднавіць і пусціць яе ў ранейшае бесклапотнае рэчышча, але муж непадкупна маўчаў. Ракітны.

4. што. Кінуць, прымусіць рухацца ў якім‑н. напрамку. Схапіў Янка лук і пусціў стралу ў шуляка. Якімовіч. З воданапорнай вежы заўважылі крыкуна, пусцілі па ім некалькі куль. Хомчанка. // Выпусціць, даўшы магчымасць цячы, распаўсюджвацца. Пусціць газ. ▪ Праўда, .. [састаў] быў невялікі, з пяці вагонаў і платформы, але калі Лёдзя захацела была абысці яго, машыніст пусціў пару і даў кароткі свісток. Карпаў. Архіп сеў, пусціў дым у столь і загаварыў. Пестрак. // Быць прычынай чаго‑н., выклікаць што‑н. Падзьмуў ветрык, пусціў па вадзяным люстэрку рабацінне. Шыцік. Выплыў месяц з-за небасхілу і пусціў доўгі пералі[віс]ты бляск цераз усё мора. Кулакоўскі.

5. што. Прывесці што‑н. у дзеянне, у рух; прымусіць дзейнічаць. Пусціць аўтаматычную лінію. Пусціць пласцінку. ▪ Ахопленая трывогай, .. [Арына] таропка падсунула табурэтку, залезла на яе, завяла гадзіннік, пусціла маятнік. Карпаў. // у спалучэнні са словамі «аўтобус», «цягнік», «трамвай» і пад. Устанавіць пэўныя шляхі зносін. Пусціць тралейбус у мікрараён.

6. каго-што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае; зрабіць што‑н. з чым‑н.; выкарыстаць з якімі‑н. мэтамі, якім‑н. чынам. Пусціць на продаж. Пусціць на племя. ▪ — Ну, а з пусткаю што будзе? Сеяць ярыною? Ці ў папар на лета пусціш? — Грышкаў брат пытае. Колас. Пільню Бама пусцілі даўно ўжо на злом. Зарыцкі. — Прадаць тое-сёе, канешне, не шкодзіць. Скаціну якую пусціць на кірмаш, малатарню можа збыць на ўсякі выпадак, да пары да часу. Мележ. // Разм. Выдаткаваць на што‑н. Праз паўгода цягне [Міхась] у хату музыку. Што зарабіў на рамонце аўтамашыны тое і пусціў на радыёлу. Б. Стральцоў.

7. што. Разм. Разнесці (чутку, пагалоску), зрабіць вядомым што‑н. Парашыў .. [пан] прадаць лес. Пусціў пагалоску, і пачалі прыязджаць купцы аглядаць лес. Якімовіч. Нехта пусціў сярод дзетдомаўцаў чутку, быццам у дупле дуба жывуць змеі. Пальчэўскі. // Сказаць (звычайна што‑н. вострае). Пусціць жарт. ▪ Вострачы мянташкай касу, Ганнін Васіль пусціў услед грабельнікам: — Сюды, бабкі, падналяжам разам. Васілевіч.

8. што. Даць парасткі, карані (пра расліны). Над страхою звісаў сук-рагач ад вярбы. Другі, адломаны, валяўся ў гародчыку. Даўно, бо пусціў атожылле, прырос. Пташнікаў.

9. Разм. Не вытрымаўшы напружання, цяжару, перастаць утрымліваць што‑н. — А ў мяшку ці шво пусціла, ці дзірка ў пару не агледжана. Прыехаў, а тут і малоць няма чаго. Арочка.

10. Разм. Адтаяць. Немцы загналі.. [Зіну] ў балота, якое месцамі пусціла ўжо, і чалавек правальваўся аж з галавой. Карпюк. // безас. Пра адлігу. Снегам было пацеру[шы]ла трохі зверху. А гэта зноў пусціла, зноў цёпла стала і мокра. Чорны.

•••

Не пусціць на парог (на вочы) — не прыняць у сябе дома, не дазволіць прыйсці ў свой дом.

Пусціць (з) агнём (дымам) — спаліць.

Пусціць з торбаю (па свеце) — давесці да жабрацтва.

Пусціць казла ў агарод — дапусціць каго‑н. туды, дзе ён можа нашкодзіць; дапусціць каго‑н. да таго, з чаго ён хоча мець выгаду.

Пусціць карэнне (карані) — а) трывала, надоўга абаснавацца дзе‑н., абзавесціся гаспадаркай. Разросся грынюкоўскі род, нібы тыя сосны ў барку над ракой, глыбока пусціў карэнне ў зямлю дзядоў і прадзедаў. «Работніца і сялянка»; б) набыць сілу, стаць пастаянным; укараніцца. Партызанскі рух пусціў глыбокія кар[ан]і ў народзе акупіраваных зямель. Колас.

Пусціць (паслаць) кулю ў малако — не папасці ў цэль пры стральбе.

Пусціць на вецер — растраціць дарэмна.

Пусціць на свет — нарадзіць, даць жыццё.

Пусціць па белым свеце — нарадзіць і, не давёўшы да самастойнасць выправіць у людзі.

Пусціць пад адхон — выклікаць крушэнне (цягніка).

Пусціць пыл (дым, туман) у вочы — стварыць ілжывае ўражанне, выстаўляючы сябе, сваё становішча ў лепшым выглядзе, чым ёсць на самай справе.

Пусціць (сабе) кулю ў лоб — застрэліцца.

Пусціць слязу — заплакаць.

Пусціць у дзела — прымяніць, выкарыстаць.

Пусціць у зіму (на зіму) каго — пакінуць на племя (пра свойскую жывёлу).

Пусціць у паветра — узарваць.

Пусціць у работу — даць прымяненне чаму‑н.

Пусціць у расход каго — расстраляць, знішчыць.

Пусціць у ход — а) прымяніць што‑н. (пра інструмент, зброю і пад.). Хлопцы ішлі і насцярожана азіраліся, гатовыя ў любы момант пусціць у ход зброю. Новікаў; б) выкарыстаць які‑н. сродак, прыём і г. д. Я слухаю дзядзьку: «Глядзі, якім стаў ён! Яго пачынае падтрымліваць сход. Хварэе, бач, ён за грамадскія справы І нават пусціў самакрытыку ў ход». Прыходзька.

Пусціць (чырвонага) пеўня — зламысна падпаліць (чыю‑н. хату, маёмасць і пад.).

Пусціць юшку — ударыць, збіць да крыві.

Хоць з ветрам пусці — такі лёгкі, што можа паляцець з ветрам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)